Теперь, когда я беру в руки пачку творога “Лепелька”, вдруг слышу голос Муслима Магомаева

Зараз, калі я бяру ў рукі пачак тварагу “Лепелька”, раптам чую голас Мусліма Магамаева. Чаму? Вы заінтрыгаваны? Тады слухайце…

354 Вось жа зусім не спеўная ў яго праца. Дзіма Венжык вось ужо месяцаў восем сартуе тварог на малочнакансервавым камбінаце. Праца, шчыра сказаць, не з лёгкіх, патрабуе ўважлівасці і цярпення. Апаратчыку ўпаковачна-расфасовачнага апарату — а менавіта на ім працуе хлопец — трэба ўвесь час пільна сачыць за сваім агрэгатам і якасцю прадукту. Змена пачынаецца ўвечары а сямнаццатай гадзіне і доўжыцца да паўначы. Вось так штовечар і падрульвае Дзіма да МКК на сваім старэнькім аўтамабілі, дваццацігадовай даўнасці “Пежо-406”. Машыне амаль столькі ж гадоў, колькі і самому. Для чалавека гэта раніца жыцця, а для аўтамабіля — вечар.
Дзмітрый — звычайны малады чалавек. Яшчэ не так шмат чаго паспытаў у жыцці, але ўжо ведае прысмак горкага і салодкага. Вясковы хлопец з Ушаччыны — ужо і з касою пахадзіў, і сякераю памахаў, і паспытаў салдацкага хлеба, і атрымаў прафесію, і працягвае вучыцца далей. Нарадзіўся, дарэчы, на Лепельшчыне. Бацькі жылі ў Вялікім Поўсвіжы непрацяглы час. А пасля працавалі ў Баброве: бацька — ветурачом, маці — заатэхнікам. Там нарадзілася сястрычка Эльвіра, а Дзімка пайшоў у школу.
Дзяцінства прайшло на Ушаччыне. У пачатку гэтага стагоддзя бацькі пераехалі ў Жары. Там хлопец закончыў сем класаў. Як зачынілі школу, хадзіў у суседнюю ў Старое Сяло. Адтуль пасля і ў каледж ездзіў. Там жа, у Старым Сяле, упершыню сустрэўся з песняю. Здарылася гэта амаль выпадкова. Было яму тады гадоў мо дванаццаць ці трынаццаць. Паехаў у Лясныя азёры на конкурс “Містар-мача”. А там трэба было прэзентаваць сваё хобі. Як? Вырашыў праспяваць. Падабалася песня групы “Чай вдвоём” “Ласковая моя”. І яго нечакана падпільнаваў поспех. А сцэна — рэч такая, засмоктвае, як багна. Аднойчы, сарваўшы апладысменты, ты ўжо ніколі не супакоішся. Вось з таго часу і спявае Дзіма Венжык ужо больш як дзесяць гадоў.
Жыццё ідзе сваёй чарадою: у каледжы вучыўся па спецыяльнасці “водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” і… спяваў. Ніводнай “Аграрнай вясны” не прапусціў — гэткі ж шчыры быў грамадскі актывіст і мастацкі самадзейнік. У арміі ў Полацку служыў сяржантам, камандзірам аддзялення радыёлакацыйнай станцыі. І, зноў жа, спяваў. Не ён — душа спявала. Вучобы падалося мала, балазе яна яму давалася лёгка. Дзіма заўсёды быў калі не выдатнікам, то харашыстам. І яшчэ да арміі прама з каледжа падаўся ў Брэст у тэхнічны ўніверсітэт вучыцца па скарочаным курсе на інжынера-будаўніка. На час службы давялося ўзяць акадэмічны, пасля аднавіўся.
Песня ніколі яму не перашкаджала ісці па жыцці, і ён ішоў. Ставіў сабе новыя жыццёвыя мэты і ішоў зноў, дасягаў таго, чаго хацеў. А душа спявала. Проста так. Ёй жа не загадаеш.
Зараз двойчы на тыдзень ходзіць у РДК у эстрадную студыю “Святлана”, дзе займаецца ў Людмілы і Алега Кулагіных. І ўсюды ён на сцэне — ці то светлай ночкай купальскай, ці на ўрачыстасцях да Дня горада, ці ў чароўную ноч навагоднюю. Вось і зараз рыхтуецца да навагодняга свята і трымае ў сакрэце свой сцэнічны рэпертуар. І нікому, нават сваёй абранніцы Таццяне ды любімаму тлустаму кату-гарэзу Мурзіку, не прызнаецца, што ж ён заспявае на гэты раз. Хай жа для ўсіх будзе сюрпрыз!
Дзімкаву біяграфію занатоўваем у мой журналісцкі блакнот разам з Мурзікам, прынамсі, ён яшчэ кацяня, а ўжо гэткі вяледа, актыўна дапамагае мне лапаю і жвава цікавіцца напісаным. Дастанецца сёння, відаць, кату смачны ганарар. Здымаюць Дзімка з Таняю кватэру ў горадзе, паціху яе абстаўляюць. Абодва працуюць на МКК. Звычайная маладая сям’я.
У вольную часіну Дзіма гуляе ў баскетбол, ездзіць на рыбалку, ініцыятарам якой часцей бывае… яго маці. Едуць то з вудачкай, то са спінінгам. Але нават калі на спінінгу трапечацца шчупак і на кручок чапляецца плотка, ловяцца яны пад гукі мелодый песень Мусліма Магамаева, пад “Горад, якога няма”, пад “Снілася мне”, пад “Гадзіннік” — ды ці мала песень, якія хлопец “вывуджвае” ў інтэрнэце і затым выношвае ў сабе, як любае дзіця. Вось жа хоць і выбраў сабе Дзіма Венжык няспеўную прафесію, ды жыццё ў яго спеўнае.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Дзмітрый Венжык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.