Буквально накануне Нового года в Лепеле открылась новая станция шиномонтажа

356 Літаральна напярэдадні Новага года ў Лепелі адкрылася новая станцыя шынамантажу. Знаходзіцца гэты пункт у вельмі ажыўленым раёне — на тэрыторыі аўтавакзала. Даведаўся аб ім зусім выпадкова: на працягу лета, праязджаючы міма, бачыў, што вядзецца нейкае будаўніцтва. Замест старой будыніны паўстае зграбны, ахайны аб’ект, да яго прыладжаны навес. Увагу ж прыцягнула шыльда, на якой напісана “Шынамантаж “Падкова”.
Знаёмлюся з майстрам.
— Аляксандр Шчарбакоў. Працую адзін, аказваю паслугі па перабарціраванні, балансіроўцы колаў.
Да ідэі аб тым, што варта працаваць самастойна, на сябе самога, Аляксандр прыйшоў не адразу. Хаця, варта зазначыць, што станоўчы вопыт прадпрымальніцтва ў сям’і ёсць: жонка Анастасія валодае цырульняй, якая працуе побач, таксама на тэрыторыі аўтавакзала.
— Пасля таго, як звольніўся з працы ў СВФ “Заазер’е”, паўстала пытанне, чым займацца далей? — расказвае суразмоўца. — Было некалькі варыянтаў, але паступова іх адкінуў і дзесьці з год таму канчаткова прыняў рашэнне.
У сям’і былі пэўныя зберажэнні, але іх было недастаткова, прадалі амаль новы аўтамабіль. Сабраная сума крыху перакрывала палову неабходнага.
— Кажуць: не май сто рублёў, а май сто сяброў. Звярнуўся да сяброў, добрых знаёмых, пазычыў у іх патрэбную суму. Як кажуць, узяў на павер. Кожны рубель запісаў. Цяпер працую, пачынаю пакрысе аддаваць, — успамінае Аляксандр.
Наступным выпрабаваннем стала памяшканне. Малады прадпрымальнік адразу паставіў перад сабой мэту працаваць толькі ва ўласным, а не арандаваным будынку. Бо арэндная плата з’ядае даволі значную частку даходаў бізнэсу. А сваё — ёсць сваё. Быў варыянт набыць па прымальнай цане амаль гатовае памяшканне былой крамы, аднак ён быў адхілены — няма перспектыў. Там можна было толькі паставіць два станкі, абсталяваць адно працоўнае месца — і то было б цеснавата. А што далей?
Побач знаходзіўся будынак былой кацельні аўтавакзала, даўно выстаўлены на продаж. Быў ён даволі прасторны, аднак тынкоўка са сцен абсыпалася, дах шмат дзе працякаў, вокны забітыя дошкамі, а ўнутры — шмат усялякага друзу. Пад час рамонту і навядзення парадку толькі смецця было вывезена тры МАЗаўскія прычэпы. Ды яшчэ заставаліся два ацяпляльныя катлы, іх разбіралі некалькі дзён, на прыёмны пункт райспажыўтаварыства здалі пяць тон металалому.
А потым былі некалькі месяцаў будаўнічых работ: зладзіць новы дах, уставіць пластыкавыя вокны, патынкаваць і пафарбаваць сцены, навесіць дзверы, зрабіць столь і выкласці керамічнай пліткай падлогу, правесці электраправодку.
— Аляксандр, дзяржава нейкім чынам дапамагала?
— Адразу пасля звальнення я стаў на ўлік у службе занятасці, аформіўся як беспрацоўны. Потым гэты статус мне дапамог як беспрацоўнаму: выдзелілі субсідыю ў дзве тысячы рублёў на адкрыццё сваёй справы. На гэтыя грошы аформіў праекты на электразабеспячэнне і пажарную сігналізацыю. Увогуле, павінен сказаць, што найбольш часу, сіл, ды і грошай, займала менавіта афармленне дакументацыі: усіх дазволаў, ліцэнзій, праектаў.
Абсталяванне новае, такое патрабаванне для сябе Аляксандр паставіў яшчэ ў пачатку. Былое ў карыстанні, вядома, танней, але потым давядзецца выдаткоўваць пэўную суму на рамонт, наладку, абслугоўванне. Так што выгоды сумніўныя. А веды і навыкі ў шынамантажы атрымаў некалькі гадоў таму. Быў у Аляксандра перыяд, калі ездзіў на заробкі ў Маскву. Там два гады працаваў менавіта на шынамантажы. У бывалых майстроў пераняў багаты вопыт. А ўжо непасрэдна перад адкрыццём з’ездзіў у Мінск, закончыў спецыяльныя курсы, аб чым сведчыць адпаведны сертыфікат.
— Аляксандр, у Лепелі канкурэнцыя даволі вострая. Ды і ў крызіс кожны аўтамабіліст стараецца зэканоміць. Не баішся?
— Калі Насця адкрывала сваю цырульню, у Лепелі іх дзейнічала 12. Аднак нічога, кожны знайшоў сваю нішу, сваіх кліентаў. Акрамя гэтага, варта думаць на перспектыву: крызіс і цяжкія часы будуць не заўсёды. Рана ці позна яны мінуць. Даходы ў людзей зноў узрастуць, яны стануць больш выдаткоўваць на свае патрэбы. З іншага боку, варта ўлічваць псіхалогію аўтамабілістаў.
У барацьбе за кліента ёсць некалькі моцных фактараў. Напрыклад, новае абсталяванне гарантуе хуткасць і дакладнасць аперацый. Яшчэ ў нас зроблены зручнасці для наведвальнікаў. Вось звычайна прыехаў чалавек на станцыю тэхабслугоўвання, машыну ў яго ўзялі ў рамонт, які павінен працягвацця нядоўга, хвілін, скажам, да 20 — 30. Што рабіць чалавеку? У мяне ж ёсць пакой чакання з канапай, тэлевізарам, кулерам, на якім можна заварыць кавы ці чаю. Але галоўнае — добра зарэкамендаваць сябе і ў далейшым не псаваць рэпутацыю.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: пад час размовы ў майстэрню да таты прыбег сын Дзіма, з ім Аляксандр і сфатаграфаваўся.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.