Пральная машына і печ

Работнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг №211 філіяла №214 ААТ “ААБ “Беларусбанк” пастаянна пашыраюць спектр паслуг. Адным з асноўных накірункаў работы Цэнтра з’яўляецца прыём грашовых укладаў ад насельніцтва.
— Вельмі прыемна, што ў нас існуе цеснае супрацоўніцтва з жыхарамі раёна, якія з’яўляюцца нашымі пастаяннымі ўкладчыкамі, — адзначае намеснік дырэктара ЦБУ №211 Любоў Носік. — Мы прапануем нашым кліентам шэраг укладаў, якія дазваляюць ім значна павялічыць уласныя даходы.


Аформіўшы ўклад у Цэнтры банкаўскіх паслуг, нашы кліенты становяцца ўдзельнікамі розыгрышу прызоў. У пачатку гэтага года сярод кліентаў, якія аформілі тэрміновыя банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях “Шанс”, разыграны каштоўныя прызы. Уявіце сабе, што з 50 пераможцаў розыгрышу, якія сталі ўладальнікамі каштоўных прызоў, двое — жыхары нашага раёна! Гэта лепяльчанін Віктар Пляшко і жыхарка вёскі Губіна Эра Скавародка. Віктар Яўгенавіч выйграў пральную машыну “Атлант”, а Эра Аляксееўна — мікрахвалевую печ “Гарызонт”.
Пераможцаў розыгрышу наведалі намеснік дырэктара ЦБУ №211 Любоў Носік, начальнік аддзела рознічнага бізнэсу Юлія Далабей і галоўны спецыяліст гэтага ж аддзела Святлана Сімака.
— Вестка гэтая стала для мяне прыемнай нечаканасцю, — расказвае Віктар Яўгенавіч. — Мяркую, што пральная машына навейшай мадэлі заўсёды спатрэбіцца ў гаспадарцы.
Віктар Пляшко — на заслужаным адпачынку. Сваё жыццё ў свой час звязаў з Узброенымі Сіламі: служыў у ваенных часцях у Бароўцы, Заслонаве. Апошнім часам працаваў егерам у паляўнічай гаспадарцы. Жонка Віктара Яўгенавіча Ганна Мікалаеўна працуе кантралёрам на Лепельскім электрамеханічным заводзе.
— Вялікі дзякуй вам за плённае супрацоўніцтва! Спадзяёмся, што і надалей вы застанецеся нашым кліентам, — ад душы жадае Віктару Яўгенавічу намеснік дырэктара ЦБУ №211 Любоў Уладзіміраўна Носік.
* * *
Са шчырай усмешкай сустрэла гасцей і жыхарка вёскі Губіна Эра Аляксееўна Скавародка. 35 год жанчына знаходзіцца на пенсіі. Родам Эра Аляксееўна з вёскі Заслаўкі. Працоўны шлях пачала ткачыхай на Віцебскім дывановым камбінаце. У свой час працавала таксама на прадпрыемстве “Шкловалакно” ў Полацку, у прафілакторыі “Палімір” у Наваполацку.
— Грашовыя ўклады ў Цэнтры банкаўскіх паслуг я афармляю ўжо не першы год, — адзначае Эра Аляксееўна. — Лічу, што яны вельмі зручныя і выгадныя для кліентаў. Удвая прыемна, што для ўкладчыкаў рыхтуюцца прыемныя сюрпрызы. Мікрахвалевая печ — незаменная рэч для кожнай сям’і.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: намеснік дырэктара ЦБУ №211 Любоў Носік павіншавала Эру Аляксееўну Скавародку з перамогай у розыгрышы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.