20 тон абсталявання

Больш за месяц прайшло з часу публікацыі матэрыяла “Медыцынская папера”, змешчанага ў газеце за 11 кастрычніка. У ім расказвалася пра польскае камерцыйнае прадпрыемства “Глясгалл”, якое праявіла цікавасць да памяшканняў “Прамшвеймэблі”, арандавала адно з іх, адрамантавала і мела намер наладзіць нарэзку па памерах і фасоўку медыцынскай паперы. На час таго візіту размова адбывалася ў амаль пустым цэху, суразмоўцам быў прадстаўнік “Глясгалла” Уладзімір Вінэль.

На днях мы атрымалі інфармацыю, што ў Лепель прывезена абсталяванне, поў­ным ходам ідзе разгрузка. Карэспандэнт па заданні выехаў на месца.

Каля арандаванага цэха стаяў КамАЗ, гружаны металаканструкцыямі, а побач — аўтамабільны кран, брыгада грузчыкаў з “Прам­швеймэблі”. Акрамя ўжо знаёмага па ранейшай сустрэчы Уладзіміра Іванавіча працэсам разгрузкі кіраваў яго калега Андрэй Рамановіч.

Спачатку з кузава КамАЗа ў цэх перакачавалі адносна невялікія металаканструкцыі, потым кампрэсар і рэсівер да яго (вялізны металічны балон для сціснутага паветра. Самае складанае разгружалі апошнім — модуль нарэзкі паперы вагой больш за пяць тон!

— Гэта самая цяжкая і адначасова самая важная машына з усяго шлейфа абсталявання, — кажа Уладзімір Вінэль. — На ёй — увесь тэхналагічны працэс. Медыцынская папера будзе прыходзіць у рулонах, а гэта машына раскручвае яе і наразае на вялікія аркушы. Потым гэтыя аркушы струмянём сціснутага паветра пераносяцца і складаюцца ў стосы. Увесь працэс аўтаматызаваны. За дзень працы машына здольна нарэзаць да 20 тон паперы.

Неўзабаве і гэты агрэгат заняў сваё належнае месца ў цэху. Усяго было прывезена і выгружана 20 тон абсталявання на агульную суму каля 800 тысяч долараў!

Стаў бліжэй разглядаць машыны, чытаць біркі. “WARTSILA STPECKER GmbH”, — напісана амаль на ўсіх. І год выпуску — 2000.

— Абсталяванне, канечне, папрацавала, — заўважае Андрэй Рамановіч, — але яго рэсурс цалкам яшчэ не выпрацаваны. Вядома, дзе-нідзе трэба будзе наладзіць, замяніць падшыпнікі. Новае ж каштавала б як мінімум у чатыры разы даражэй.

—”WARTSILA STRECKER GmbH” — еўрапейскі лідар у вытворчасці падобнага тыпу абсталявання, — працягвае размову Уладзімір Вінэль. — Ва ўсім свеце такіх вытворцаў — адзінкі, іх прадукцыі патрабуецца няшмат. Мае сваю складаную спецыфі­ку. У большасці еўрапейскіх краін працуюць па адным-два камплекты, якія забяспечваюць патрэбы ў медыцынскай паперы ўсёй краіны. Я асабіста ведаю падобныя прадпрыемствы ў польскім Торуні, у Парыжы, у Фінляндыі.

— Адкуль прывезена абсталяванне?

— З невялікага гарадка Капельродэк на поўдні Германіі, — адказвае Андрэй Рамановіч, — я асабі­ста прысутнічаў на ўсіх этапах дэмантажу, на відэа здымаў асноўныя этапы і нюансы. Таксама да дэмантажу бываў там і на відэа здымаў увесь працэс працы і наладкі абсталявання. Акрамя гэтага, у пачатку снежня ў Лепель прыедуць польскія рабочыя, якія разбіралі абсталяванне і рыхтавалі яго да адпраўкі ў Беларусь. Яны ж будуць збіраць, наладжваць і запускаць станкі тут.

Пакуль што рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ідзе згодна з зацверджаным графікам, і ёсць упэўненасць, што, як і было запланавана, першую прадукцыю “Глясгалл” выпусціць да канца года.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: поўным ходам ідзе разгрузка.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.