Па славутых мясцінах

Настаўнікі нашай школы Жанна Уладзіміраўна Маляўка, Таццяна Адамаўна Ясюкевіч, Алена Уладзіміраўна Івашкевіч і Вольга Уладзіміраўна Хацкевіч арганізавалі для вучняў вельмі цікавую экскурсію.

Наша падарожжа пачалося з Мірскага замка, жамчужыны беларускага дойлідства. Замак стаіць на беразе старажытнага вадаёма, і ў памяці ажываюць старажытныя рыцарскія легенды. У багатай гісторыі гэтага будынка адлюстраваны драматычныя падзеі, з якіх складаецца гісторыя ўсёй Беларусі. У апошнія гады актыўна вялася рэстаўрацыя.

Першымі былі адрэстаўрыраваны і адкрыты для наведвальнікаў вежы і капліца-склеп князёў Святаполк-Мірскіх. У снежні 2010 года пасля шматгадовай рэканструкцыі адкрылася 39 новых экспазіцыйных залаў. У некаторых з іх быў рэканструяваны першапачатковы інтэр’ер. Менавіта па гэтых залах праходзіла наша экскурсія.

 Наступным мы наведалі замкавы комплекс у Нясвіжы. Мураваны Нясвіжскі замак Радзівілаў з’явіўся на месцы драўлянага ў сярэдзіне ХVI стагоддзя. У комплекс уваходзіць вялікая паркавая тэрыторыя з сістэмай вадаёмаў. Тэрыторыя парка складаецца з пяці частак. Тут жыве мясцовая русалка, ёсць месца расстрэлу мясцовых жыхароў, а таксама камень жаданняў. Жадаючых загадаць запаветнае жаданне, асабліва вучняў адзінаццатага класа, было шмат.

 Другі дзень падарожжа пачаўся з паездкі ў Жыровіцкі манастыр. Ва Успенскім саборы захоўваецца цудатворная святыня — ікона Жыровіцкай Божай маці. У манастыры ёсць праваслаўная семінарыя, дзе маладыя людзі атрымліваюць царкоўныя веды. Пасля завяршэння экскурсіі мы прыехалі да Святой крыніцы для таго, каб набраць святой вады і пакупацца ў купелі.

 У Сынкавічах царкву-крэпасць заснаваў вялікі князь Вітаўт. Гэта адна з самых таямнічых і загадкавых цэркваў у Беларусі. На тэрыторыі лёгка заўважылі памятны знак, які ўвекавечыў аднаўляльнікаў царквы. Нас вельмі ўразіла цудатворная ікона Божай Маці “Усецарыца”, завешаная ахвяраваннямі ад тых, хто вылечыўся.

Жэня САНЬКО,

вучань сярэдняй школы №1, юнкар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.