25 лет за рулем спецмашины

Калі адбываецца дзесьці ў раёне ўзгаранне, многае залежыць ад кіроўцы аўтамабіля Андрэя Далабея

У працы кіроўцы ёсць свая рамантыка: дарога, святло сустрэчных фар на начным шляху, шум колаў. Шмат хлопчыкаў у дзяцінстве марылі стаць вадзіцелямі, калі не лічыць тых, што жадалі быць касманаўтамі.

Праца кіроўцы на першы погляд здаецца звычайнай, але хочацца вылучыць тых, ад якіх залежыць жыццё людзей — гэта вадзіцелі хуткай дапамогі і аўтатранспарту аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Менавіта ад іх прафесіяналізму залежыць лёс многіх людзей.

Праца вадзіцеля пажарнай машыны — высакародная і патрэбная, а яшчэ мужчынская.

Давялося пазнаёміцца з такім вадзіцелем, у якога стаж у гэтай прафесіі вылічаецца дзясяткамі гадоў. Андрэй Далабей нарадзіўся ў вёсцы Стрыеўка Гродзенскага раёна. Аднак як споўнілася хлопцу 7 гадоў, сям’я пераехала на Лепельшчыну – у вёску Мядзвёдаўка.

Скончыўшы 10 класаў Пышнянскай сярэдняй школы, паехаў паступаць у Полацкі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць “канструяванне і вытворчасць радыёэлектронных сродкаў”, аднак не набраў патрэбную колькасць балаў. Іншую спецыяльнасць мой суразмоўца не захацеў атрымліваць, хоць яму і прапаноўвалі, таму вярнуўся на Лепельшчыну, у Стаі, і ўладкаваўся на працу ў калгас “Салют”. Блага, на той час мужчына ўжо меў пасведчанне на кіраванне трактарам, якое атрымаў падчас навучання ў вучэбна-вытворчым камбінаце.

Менш за год папрацаваў у родным калгасе і ў 1991 годзе пайшоў на тэрміновую ваенную службу – у сухапутныя войскі. Да арміі паспеў прайсці навучанне ў аўташколе, дзе атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “С”. І гэта абумовіла спецыяльнасць будучага вайскоўца. Два гады Андрэй Міхайлавіч кіраваў вялікагрузным “Уралам”: перавозіў людзей, снарады, сачыў за спраўнасцю тэхнікі.

Пасля службы вярнуўся мой суразмоўца ў родны калгас. Паўтара года папрацаваў на сельгастэхніцы, як сталі набіраць супрацоўнікаў на асобныя пасты ваенізаванай пажарнай службы, якія пазней сталі называцца пажарнымі аварыйна-выратавальнымі пастамі. Андрэй Далабей якраз падыходзіў для каманды фізічна дужых маладых хлопцаў, якія адслужылі ў войску.

Каля 20 гадоў мужчына адпрацаваў на пасту ў Стаях – спачатку камандзірам аддзялення, потым – вадзіцелем спецыяльнага транспартнага сродку. І вось ужо 7 год рупіцца кіроўцам у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях у Лепелі.

Выратавальнікам па абавязку службы даводзіцца бачыць усялякае. І кіроўца ўдзельнічае ў ліквідацыі надзвычайнага здарэння нароўні з усімі. З ім у машыне маленькі калектыў, у якім цэняцца ўзаемадапамога і адданасць справе.

— А як вадзіцелі іншых транспартных сродкаў у Лепелі рэагуюць на вялікі чырвоны аўтамабіль?

— Кожны чалавек павінен разумець, што ратавальнікам важна дабрацца да месца ўзгарання як мага хутчэй. Каштоўныя секунды, якія машына прастаіць на дарозе, могуць каштаваць занадта дорага. У нашым горадзе вадзіцелі ставяцца да такіх аўто з разуменнем, заўсёды саступаюць дарогу.

За гады працы вам давялося пабываць на многіх пажарах. Раскажыце пра самыя памятныя выпадкі.

— Запомніўся пажар у Даліках, калі ў спякотнае надвор’е гарэлі адразу каля 5 сядзіб. Гэта жудасная карціна, але абышлося без гібелі людзей.

Асабліва абурае, калі грамадзяне ў стане алкагольнага ап’янення не кантралююць свае паводзіны. Так, на пажары мужчына нам не паведаміў, што ў яго ў хаце 2 газавыя балоны. Адзін хлопцы вынеслі, а пра другі не ведалі. На шчасце, там таксама абышлося без ахвяр.

Вельмі страшнымі бываюць дарожна-транспартныя здарэнні, на якія нас таксама вызываюць. Людзі часцяком гінуць не толькі ў сам момант сутыкнення, але і пасля, апынуўшыся заблакаванымі ў машыне. У такіх выпадках аказаць ім кваліфікаваную дапамогу могуць толькі спецыялісты.

Калі адбылася моцная дэфармацыя кузава, то на гэта сыходзіць больш часу. Аднак наш аддзел аснашчаны досыць сучаснымі сродкамі для выратавання і адмысловымі прыладамі, што дазваляе хутка справіцца з задачай.

— Якія ў вас захапленні, як адпачываеце ад працы?

— Не магу сказаць, што ў мяне ёсць нейкае вялікае хобі. Вельмі люблю пасядзець з вудай на возеры Тэкліц — гэта бліжэйшы вадаём ад маёй вёскі. Больш, канечне, часу на рыбалцы праводжу ў зімовы час, бо няма работы каля дома. Самы вялікі і запамінальны ўлоў – 7-кілаграмовы шчупак.

Андрэй Міхайлавіч жыве, можна сказаць, на ўлонні прыроды, недалёка ад лесу. У вёску часта заходзяць зайцы і лісіцы, казулі і ваўкі і іншыя звяры.

— Што можаце сказаць пра сваю працу?

— Мая праца прыносіць не толькі прыбытак, але і задавальненне. Вельмі важна, калі адчуваеш сябе патрэбным людзям!

 

Чалавек, які працуе ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях, павінен быць адважным, мужным і цягавітым. Менавіта такімі якасцямі і валодае мой суразмоўца.

На заканчэнне хочацца сказаць, што ў Андрэя Міхайлавіча двое сыноў, якімі ён ганарыцца. Аляксандр вучыцца ў расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце, Яўген — у 7 класе.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.