25-летие поискового батальона отметили в Боровке на Лепельщине

img_666225 гадоў для вайсковай часці гэта многа ці мала? У прынцыпе, не так і шмат. У Беларусі ёсць праслаўленыя вайсковыя часці, якія вядуць сваю гісторыю з часоў Вялікай Айчыннай вайны, як 120-я гвардзейская механізаваная брыгада, або нават з часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі, калі былі арганізаваны першыя вайсковыя фарміраванні Чырвонай арміі, як 55-я гвардзейская Іркуцка-Пінская стралковая дывізія, правапераемнікам якой сёння з’яўляецца 30-ы гвардзейскі асобны механізаваны батальён у складзе 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады.

У еўрапейскіх арміях ёсць вайсковыя часці, знакамітыя сваёй гісторыяй і традыцыямі, якія налічваюць сотні гадоў. А на днях 25-гадовы юбілей адзначыў 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Асноўнай задачай службоўцаў батальёна з’яўляецца пошук няўлічаных пахаванняў салдатаў і афіцэраў Чырвонай арміі, партызанаў, грамадзянскага насельніцтва і ўрачыстае перапахаванне іх, узнаўленне імёнаў загінулых.
Многія нашы чытачы памятаюць, як у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў актывізаваліся так званыя чорныя капальнікі. Яны праводзілі раскопкі на месцах баёў Другой сусветнай вайны, на месцах пахаванняў, але пры гэтым былі далёкімі ад высакародных мэтаў захавання светлай памяці пра загінуўшых абаронцаў Айчыны. Іх мэтай было банальнае ўзбагачэнне. Прадавалі ўсё, што можна было знайсці і збыць. А знаходак у той час хапала. З часоў вайны беларуская зямля захоўвае зброю, боепрыпасы, многія з якіх яшчэ нясуць сваю смяротную небяспеку. Натуральна, такія “рарытэты” ракою цяклі на чорны рынак. Была і яшчэ адна катэгорыя каштоўных знаходак — баявыя ўзнагароды. Сярод патэнцыяльных пакупнікоў вельмі цаніліся баявыя ордэны як савецкія, так і нямецкія. Але асаблівым шыкам і ўдачай лічылася знайсці пахавальны жэтон нямецкага салдата ці афіцэра. За жэтон і звесткі пра дакладнае месца пахавання можна было атрымаць важкую суму ў цвёрдай валюце. Таму адной з задач пры фармаванні 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна было ўстанаўленне надзейнай заслоны супраць дзейнасці чорных капальнікаў.
img_6683Пры падрыхтоўцы да стварэння новай вайсковай часці, у 1995 годзе, адной з галоўных праблем была тая, што ва ўсім свеце не было падобных вайсковых часцей, не было досведу, які можна было б узяць за ўзор ці хаця б абаперціся на яго. У арміях свету ёсць вайсковыя часці пяхотныя, авіяцыйныя, танкавыя, артылерыйскія, сапёрныя, аўтамабільныя, медыцынскія — якіх толькі няма, а вось спецыялізаваных пошукавых, якія б мэтанакіравана вялі пошук і раскопкі на месцах былых баёў — не было. Усё трэба было пачынаць з нуля, што стала галоўнай задачай, а ў пэўным сэнсе і выпрабаваннем для першага камандзіра — маёра Аляксея Чайкі. Традыцыі і прынцыпы, закладзеныя першым камандзірам, працягвалі і развівалі наступныя: падпалкоўнік Леанід Барыскін (1996 — 1998), падпалкоўнік Віктар Нясечка (1998 — 2002), маёр Ігар Касцюкевіч (2002 — 2005), падпалкоўнік Алег Мэркуца (2005 — 2012). З 2012 года і па цяперашні час 52-м пошукавым батальёнам камандуе падпалкоўнік Аляксандр Трубека.
Сёння 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён — вайсковая часць па колькасці асабовага складу невялікая, каля ста чалавек (для параўнання, разгорнуты стралковы батальён налічвае да 400 чалавек), але на яго рахунку вельмі шмат добрых спраў, выдатных, унікальных аперацый, падчас якіх знойдзены парэшткі тысяч салдатаў і мірных грамадзян, перапахаваных з адданнем вайсковых ушанаванняў. Напрыклад, летась салдаты батальёна знайшлі і перапахавалі парэшткі чырвонаармейцаў і мірных грамадзян, забітых фашыстамі на тэрыторыі былога вайсковага шпіталя. Пра пошукі і перапахаванні раёнка пісала. А колькі яшчэ такіх безыменных пахаванняў, брацкіх магіл на карце Беларусі!
Надзвычай цяжкімі фізічна былі раскопкі ў Брэсце на месцы колішніх расстрэлаў і пахаванняў яўрэяў. Тады паднялі з зямлі парэшткі тысяч чалавек, і працаваць даводзілася позняй восенню і нават у зімовы час, калі мароз яшчэ не паспеў скаваць зямлю, затое дождж пастаянна імжыў з неба. Але спыніць працу, адкласці яе на больш спрыяльны ў плане надвор’я перыяд не было ніякай магчымасці, таму вайскоўцы вялі пошукі цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі.
Неверагоднай удачай лічыцца ўзнаўленне імя чалавека, які загінуў на полі бою. Зусім мала захоўваецца ў зямлі рэчаў, па якіх можна было б ідэнтыфікаваць салдата. Хіба што па нумарах узнагарод, запоўненых медальёнах (а запаўнялі іх крайне рэдка з-за забабонаў пра хуткую смерць), ці па імянных рэчах з металу, але гэта ўжо зусім рэдкасць. Таму яшчэ больш уражвае, што дзякуючы дзейнасці батальёна ўдалося вярнуць з небыцця больш за тры тысячы імёнаў загінулых абаронцаў Радзімы.
Беларускі досвед, напрацаваны за 25 гадоў настолькі багаты і каштоўны, што ў Расіі пры арганізацыі аналагічнай вайсковай часці вырашылі звярнуцца менавіта да яго.
img_6712Адной з яркіх старонак дзейнасці батальёна з’яўляецца стварэнне цэнтра пошукавай работы — своеасаблівага музея, адметнага тым, што многія яго экспанаты можна ўзяць у рукі, самому дакрануцца да гісторыі. Салдаты батальёна вывучаюць там складаную навуку пошукавіка, атрымліваюць тэарэтычныя веды, каб потым на практыцы прымяняць іх пры правядзенні раскопак. Але яшчэ больш сюды любяць прыходзіць дзеці. Пры правядзенні дзён адчыненых дзвярэй наведванне цэнтра з’яўляецца абавязковым пунктам, ад якога ў захапленні і вучні Бароўскай школы, што працуе па суседстве, і юныя адпачывальнікі дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”, і любыя іншыя падлеткі, якія хоць калі-небудзь прыязджалі ў госці да салдатаў. Літаральна год таму, дарэчы, у часць завіталі выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Уявіце сабе падлеткаў, якія ў фільмах і серыялах пра вайну, у ваенных камп’ютарных гульнях накшталт “Свету танкаў” бачылі зброю, амуніцыю салдатаў розных армій, а тут яе можна не толькі пабачыць на ўласныя вочы, а і памацаць сваімі рукамі!
Гісторык батальёна Вадзім Тамілін заўсёды цікава праводзіць экскурсіі па цэнтры, асабліва калі бачыць у вачах агеньчык зацікаўленасці. Ён расказвае, што самымі старымі, раскапанымі вайскоўцамі, былі пахаванні ХVІ стагоддзя ў ваколіцах Клецка. Людзі загінулі падчас татарскіх набегаў, пра што сведчаць наканечнікі стрэл, знойдзеныя паміж грудных костак. Трагічнай старонкай у гісторыі Беларусі стала вайна 1812 года, калі баявыя дзеянні вогненнай віхурай пракаціліся з захаду на ўсход і назад, забіваючы людзей, спальваючы цэлыя вёскі і гарады. Салдаты і афіцэры 52-га батальёна адкрываюць і закрытыя на доўгія дзесяцігоддзі старонкі Першай сусветнай вайны, якая на некалькі гадоў раздзяліла Беларусь шэрагамі акопаў, аблытала калючым дротам. І вядома ж, яшчэ шмат дзесяцігоддзяў будуць адкрывацца новыя і новыя старонкі Вялікай Айчыннай.
Традыцыі шэфства над дзецьмі падтрымліваюцца вайскоўцамі батальёна з году ў год. Так, на навагоднія святы прадстаўнікі часці з мяхамі падарункаў, як запраўскія Дзяды Марозы аб’ехалі дзіцячыя дамы, завіталі ў сацыяльны прытулак, падарылі іх выхаванцам цацкі, цукеркі, мячыкі для спартыўных гульняў. А на 25-годдзе дзеці з сацыяльнага прытулку прыслалі вайскоўцам паштоўку, па-мастацку зробленую ўласнымі рукамі.
На святочнае мерапрыемства ў актавую залу клуба сабраліся ўсе салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры батальёна, якія былі свабодныя ў той дзень ад непасрэднага нясення вайсковай службы. У адрас вайскоўцаў было сказана шмат цёплых слоў, ім жадалі далейшых поспехаў у службе. Сярод ганаровых гасцей былі начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Сяргей Варановіч, былыя камандзіры батальёна маёр Ігар Касцюкевіч і падпалкоўнік Алег Мэркуца.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, уручаючы падарунак, зазначыў:
— Паважаныя вайскоўцы 52-га батальёна, немагчыма пераацаніць тую справу па ўвекавечанні памяці ахвяраў войнаў, якую вы робіце. Вы ў самым прамым сэнсе праз свае рукі прапускаеце гісторыю, робіце гэта карпатліва, уважліва, тонка. Калі мы выбіралі, што вам падарыць, спыніліся на гэтай карціне. Гэта работа майстроў нашага Цэнтра рамёстваў, выкананая ў арыгінальнай тэхніцы батык — роспіс па шоўку. Фарбы і праз гады не губляюць яркасці і свежасці. Нашы майстры, як і вы, скрупулёзна і акуратна, уручную робяць сваю працу, стараючыся дасягнуць найвышэйшых вынікаў. Няхай гэта карціна будзе яркім напамінам і сімвалам нашага супрацоўніцтва.
Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, галоўным нумарам якога стала выступленне духавога аркестра Заслонаўскага гарнізона.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.