31 октября — День автомобилиста и дорожника

Напярэдадні прафесійнага свята аўтар гэтых радкаоў сустрэўся з дырэктарам філіяла АТП-14 прадпрыемства “Віцебскаблаўтатранс” Міхаілам Казімірчыкам.

— Міхаіл Мікалаевіч, якімі лічбамі можна ахарактарызаваць сённяшні стан прадпрыемства?

— Філіял АТП-14 абслугоўвае 3 раёны: Лепельскі, Докшыцкі і Чашніцкі. Аказваем паслугі арганізацыям, прадпрыемствам і грамадзянам па перавозках разнастайных грузаў, пасажыраў. За 9 месяцаў бягучага года адбыўся некаторы рост аб’ёму пасажыраперавозак адносна аналагічнага перыяду мінулага года. Так, пасажыраабарот вырас на 12 працэнтаў, грашовая выручка — на 3,3 працэнта.

— У час нашай ранейшай гутаркі, у 2008-2009 годзе вы распавядалі, што гарадскія і прыгарадныя рэйсы для прадпрыемства нерэнтабельныя, а вось міжгароднія — прыбытковыя…

— З таго часу змянілася шмат. На сённяшні дзень усе пасажыраперавозкі стратныя, прыбытак даюць толькі заказныя рэйсы, калі асобныя пасажыры або арганізацыі замаўляюць экскурсіі ў Мінск, Брэст, Нясвіж ці іншыя славутыя мясціны Беларусі.

— А як абстаяць справы з перавозкамі грузаў?

— Яны рэнтабельныя, але іх прыбытковасць не вельмі высокая. Увогуле, аб’ём грузаперавозак па рэспубліцы сёлета істотна скараціўся. Гэта звязана са змяншэннем аб’ёму інвестыцый у будаўніцтва буйных прамысловых аб’ектаў і дарог. Сёлета нам удалося папрацаваць на будаўніцтве дарог амаль па ўсёй Беларусі: у Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Сярод апошніх значных аб’ектаў –- рэканструкцыя трасы Мінск – Віцебск, на ўчастку ад г.п. Плешчаніцы да паварота на Хатынь. Там зараз зроблена сучасная 4-палосная магістраль.

— Якім чынам удаецца кампенсаваць страты?

— Часткова перавозкі пасажыраў на гарадскіх і прыгарадных маршрутах кампенсуюцца з бюджэту ў рамках забеспячэння сацыяльных стандартаў. Акрамя гэтага, маем даходы ад неасноўнай дзейнасці. Гэта рамонт транспартных сродкаў, здача ў арэнду памяшканняў і іншае. Усяго за 9 месяцаў філіялам атрымана 26 тысяч рублёў прыбытку. Пры гэтым мы не маем крэдыторскай запазычанасці, своечасова разлічваемся па плацяжах у бюджэт, аплачваем паліва, змазачныя матэрыялы і запчасткі. Аднак маем дэбіторскую запазычанасць. Некаторыя заказчыкі, на жаль, не спяшаюцца разлічвацца з намі за аказаныя транспартныя паслугі. Усяго нам павінны больш за 500 тысяч рублёў.

— Падзяліцеся, калі ласка, планамі на бліжэйшы час.

— Вельмі спадзяёмся, што ў наступным годзе пачнецца рэалізацыя буйнога праекта па рэканструкцыі аўтадарогі Лепель — Полацк. Гэта вельмі вялікі аб’ект. Мяркую, што ён прынясе нашаму прадпрыемству значны прыбытак. Увогуле ў будучыню я гляджу хоць і з асцярожным, але аптымізмам. Сёлета, напрыклад, мы набылі новы аўтобус МАЗ-251. Гэта камфартабельны транспартны сродак павышанай умяшчальнасці. Выкарыстоўваем яго на рэгулярных рэйсах Лепель — Віцебск, а таксама на заказных.

— Вы працуеце дырэктарам філіяла больш за 20 гадоў. Які перыяд быў найбольш плённы для прадпрыемства?

— Час з пачатку 2000-х і да 2011-2012 года. У гэты перыяд прадпрыемства было на пад’ёме. Было шмат заказаў, мы працавалі актыўнымі тэмпамі. У той час без прыцягнення крэдытаў, за заробленыя грошы набылі грузавыя аўтамабілі. Потым адбыўся спад. Спадзяюся, што ён хутка скончыцца і справы зноў будуць паляпшацца.

— Якія праблемы найбольш востра стаяць перад філіялам?

— Як і перад большасцю аналагічных прадпрыемстваў рэспублікі, востра стаіць пытанне старэння кадраў. Маладыя кіроўцы, адкрыўшы катэгорыі і атрымаўшы вопыт, з’язджаюць, пераходзяць да прыватнікаў. Падобная сітуацыя і з прадстаўнікамі іншых рабочых спецыяльнасцяў: слесарамі, зваршчыкамі і рамонтнікамі.

— Якім чынам паўплывала на дзейнасць прадпрыемства пандэмія?

— Пэўны ўплыў, вядома, адчуваецца праз зніжэнне агульнай эканамічнай актыўнасці. Менш працуюць прадпрыемствы і арганізацыі — змяншаецца і аб’ём перавозак. Раней мы зараблялі на заказных рэйсах ва Украіну, у Маскву. Аднак па прычыне пандэміі закрыты наземныя межы. З іншага боку, назіраецца пэўны рост унутранага турызму, заказваюцца аўтобусы да знакавых турыстычных аб’ектаў Беларусі: у Нясвіж, Мір, Гродна, Навагрудак, Полацк, Магілёў, Гомель і г.д.

— Міхаіл Мікалаевіч, калі б прадпрыемства працавала прыбыткова, куды б у першую чаргу вы накіравалі грошы?

— Па-першае, на павелічэнне заробкаў, каб прастымуляваць работнікаў. Па-другое, дааснасцім рамонтную базу, абновім мыйку, пад’ёмнік, некаторае абсталяванне і інструменты. Хацелася б таксама набыць пагрузчык, пад’ёмны кран, вышку. Гэта тэхніка заўсёды запатрабавана. Напрыклад, заказвае чалавек або арганізацыя прывезці 2-3 МАЗы жвіру — можна было б дадаткова зарабіць на пагрузцы. А калі камусьці патрэбна прывезці бетонныя блокі на будоўлю, мы маглі б дапамагчы і выгрузілі іх кранам на будаўнічай пляцоўцы.

— Каго з работнікаў можна было б адзначыць асабліва?

— Калектыў філіяла вельмі дружны, зладжаны, таму адзначыць кагосьці асабліва было б несправядліва: кожны на сваім месцы працуе выдатна. Таму з нагоды нашага прафесійнага свята хочацца ад усёй душы павіншаваць работнікаў прадпрыемства і пажадаць усім моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях! Няхай усё ў нас будзе не проста добра, а выдатна!

Васіль МАТЫРКА

На здымку: кантралёр тэхнічнага стану Артур Паус і слесар па рамонце аўтамабіляў Аляксандр Вялічка ля новага аўтобуса МАЗ-251

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.