Лепельскі контрудар

(Заканчэнне.
Пачатак на 6-й стар. у №11)
Што ж гэта магло быць? У дакладзе Борзікава пасля слоў «запальная сумесь» стаіць шматкроп’е. Цэнзура і тут папрацавала? Тады давайце паразважаем. Што ў той час разумелася пад «запальнай сумессю»? Аб прымяненні запальных бутэлек можна меркаваць па інструкцыі, дадзенай камандзірам 1-й гвардзейскай танкавай брыгады генерал-маёрам М. Катуковым 6 снежня 1941 года: «Праціўнік… часта прапускае перадавыя часці і потым вядзе агонь з тылу па нашых войсках, скідае бутэлькі з гаручым на нашы танкі». Няўжо «кактэйль Молатава» маецца на ўвазе? Магчыма. Ужо 7 ліпеня 1941 года з’явілася пастанова ДКА «Аб процітанкавых запальных гранатах (бутэльках)».


А можа, напалм? Аднак яго ўпершыню ўжылі амерыканцы ў 1942 годзе. Тэрміт або фосфар? Так, ёсць звесткі, што адзін з гэтых матэрыялаў выкарыстоўваўся ў якасці напаўняльніка для запальных бомбаў у Ленінградзе, якія ў велізарнай колькасці скідаліся на горад. Дарэчы, Герман Гот успамінаў, што Гітлер планаваў узяць Ленінград практычна з выкарыстаннем адной авіяцыі.
Што ж было ўжыта пад Сянно? Патрабуецца ўдакладненне, але цяпер ясна: савецкія танкі гарэлі «як свечкі» таму, што з самалётаў іх палівалі спецыяльнай гаручай сумессю. І яшчэ адна важная дэталь: асноўную масу — 1100 — складалі машыны БТ-7 і Т-26 з карбюратарнымi рухавікамі, на бензіне, таму яны вокамгненна ўспыхвалі. Карціну дамалёўвае гісторык А. Ісаеў, распавядаючы легенду пра «пажаранебяспечныя дызелі», калі абмяркоўвалася неабходнасць іх прымянення: «Усе без выключэння замежныя танкі маюць бензінавыя маторы. Ці мэтазгодна для нашых танкаў уводзіць адмысловы гатунак гаручага? Гэта абцяжарвае забеспячэнне войскаў, машыны не змогуць запраўляцца бензінам са складоў, захопленых у праціўніка». Так пярэчылі праціўнікі дызеля. Між тым у разгар спрэчкі канструктар Мікалай Кучарэнка на завадскім двары выкарыстаў не самы навуковы, затое наглядны прыклад перавагі новага паліва. Ён браў запалены факел і падносіў яго да вядра з бензінам — вядро імгненна ахоплівала полымя.
Далей. Калі прычына паражэння танкаў пад Сянно зразумелая, то адкуль шокавыя лічбы варожых стратасабовых складоў? Адзначым, што савецкае камандаванне таксама вельмі сур’ёзна разглядала «запальны» аспект у пераліку баявых сродкаў Чырвонай арміі. Дастаткова прывесці вытрымку з дырэктывы № 16 войскам Заходняга фронту, падпісаную новымі «прызначэнцамі» Сталіна — Цімашэнкам і Мехлісам: «У ноч на 5.7.41 г. запаліць лес у раёне Лепеля, Глыбокага, Докшыцаў». Аднак не гэта стала асноўным сродкам у барацьбе з акупантамі. Нямецкі яфрэйтар Гельмут Клаусман кажа: «…Вельмі магутнай зброяй былі рэактыўныя ўстаноўкі. Асабліва, калі рускія выкарыстоўвалі снарады з запальнай сумессю. Яны выпальвалі да попелу цэлыя гектары”.
Выказванне яфрэйтара не ставіцца наўпрост да Лепельскага контрудару, аднак наводзіць на думку: а ці не былі там ужытыя «кацюшы»? Пэўных даных пакуль няма.
І ўсё ж давайце разгледзім здагадкі. Памятаеце, будучы маршал артылерыі Савецкага Саюза В. Казакоў здзіўляўся з нагоды нейкіх асобых артылерыйскіх складоў, а вайсковае камандаванне нават не ведала, дзе яны знаходзяцца. Цяжка паверыць, каб не ведалі, калі яны былі «пад носам». Тады чаму вакол іх такая завеса тайны? Можа, таму, што на лепельскіх складах было нешта незвычайнае, а ў курсе было толькі вышэйшае камандаванне? Бо вядома сёння, што да пачатку вайны было выраблена 4,5 тысячы рэактыўных снарадаў. Маглі яны быць там, дзе рыхтавалі будучых камандзіраў мінамётных разлікаў? Зразумела, маглі. Як кажуць, пад рукамі знаходзіліся.
…У думках давайце вернемся зноў у Падмаскоўе, у Алабіна, з чаго мы пачалі аповед і дзе заспела Казакова вестка пра вайну. Менавіта там фарміраваліся будучыя гвардзейскія часці рэактыўных мінамётаў — «кацюш». Менавіта там ствараўся мінамётны полк пад камандаваннем А. Несцярэнкі — будучага начальніка касмадрома Байканур. «Ну, і што? — скажа скептык. — Якое дачыненне Лепельскі контрудар мае да «кацюш»? Першы залп яны далі пад Оршай…»
Як вядома, Орша знаходзілася ў сферы дзейнасці 20-й арміі, а ёй падпарадкоўваліся названыя вышэй падраздзяленні. Як піша адзін з удзельнікаў, відавочцаў залпаў «кацюш» канструктар Аляксей Папоў, першая батарэя рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана Івана Флёрава выйшла з-пад Падмаскоўя (не з таго ж Алабіна?) і размясцілася пад Барысавам. Чаму менавіта там? Ды таму, што Бярэзінскую пераправу ў раёне Барысава прыкрывала 1-я Маскоўская мотастралковая дывізія, якая ўваходзіла, як мы памятаем, у склад таго ж 7-га механізаванага корпуса. Яна займала левы фланг, не даючы пратачыцца немцам з поўдня.
Зараз разгледзім першыя залпы савецкіх «кацюш». У Вікіпедыі ў адным выпадку напісана, што ў 1941 годзе пад Оршай адбылося «адно з першых ужыванняў у баі РСЗА «кацюш», у іншым — што па Оршы быў нанесены другі залп. А дзе ж быў першы?
Пачнем з успамінаў канструктара А. Папова, які нібыта суправаджаў дывізіён Флёрава. Там вельмі шмат супярэчнасцей і сумніўных сцвярджэнняў. Дапусцім, што батарэя рухалася ад Масквы да Барысава — а гэта 644 кіламетры — шэсць сутак. Мусіць, для таго, каб прадухіліць рассакрэчванне варожай разведкай і нанясенне бомбавага ўдару). Размясціліся ўздоўж дарогі Мінск — Масква, з абодвух бакоў, для першага залпу. Далей выказванні канструктара ні ў якія рамкі не лезуць. Па-першае, ён піша, што пазіцыю аблятаў варожы самалёт-разведчык, а байцы не вытрымалі і адкрылі па іх агонь з стралковай зброі. Да чаго тады ўся маскіроўка папярэдніх дзён? Загад жа быў захоўваць максімальную перасцярогу і не выяўляць сябе.
Далей Папоў сцвярджае наогул дзіўныя рэчы: «У ноч з 12 на 13 ліпеня нас паднялі па трывозе. Нашы пушкары высунулі наперад гармату. Пад’язджае бронемашына: «Што за часць?!» Аказалася, нас так засакрэцілі, што спецатрады, якія павінны былі трымаць абарону, сышлі. «Праз 20 хвілін будзе падарваны мост, едзьце неадкладна!»
Гэта ўжо падобна на злачынства — пакінуць сакрэтную зброю без прыкрыцця. А далей не менш дзіўнае разважанне: «Мы паехалі пад Оршу. 14 ліпеня выйшлі ў раён чыгуначнага вузла, дзе было сканцэнтравана шмат эшалонаў: боепрыпасы, паліва, жывая сіла і тэхніка. Мы спыніліся ў 5 — 6 кіламетрах ад вузла: 7 машын з РУ і 3 машыны са снарадамі для паўторнага залпу. Гармату не ўзялі: прамая бачнасць». Якая прамая бачнасць з адлегласці 5 — 6 кіламетраў? І пра які мост кажа Папоў? Бярэзінскі пад Барысавам адпадае: ён быў захоплены немцамі… Калі выказаць здагадку, што гэта мост праз Днепр у самой Оршы, то так: рака дзеліць горад на дзве часткі, мінамётчыкі занялі пазіцыю на супрацьлеглым баку і далі залп па вакзале, дзе прыстрэлачная прылада не патрабавалася. Туды ўжо ўваходзілі перадавыя нямецкія атрады, значыць, здымаецца пытанне з «жывой сілай». Не маглі ж яны страляць па сваіх, па чырвонаармейцам.
Вывучаючы вайсковыя дакументы тых гадоў, я натыкнуўся на дзіўныя акалічнасці. З журнала баявых дзеянняў 14-й танкавай дывізіі за 26 чэрвеня 1941 года: «На скрыжаванні шашы Смаленск — Орша, Смаленск — Віцебск… калону колавых машын дывізіі перагрупаваць, высунуўшы наперад усе бронемашыны і МСП для фарсіраванага маршу …у сувязі з боем МСД у Оршы”. Што за бой быў 26 чэрвеня ў Оршы? І хоць далей ідзе тлумачэнне ў дужках — «(як пазней высветлілася, падобнага становішча не было)», — што ж там адбывалася? Згадкі аб гэтым ёсць і ў іншых крыніцах. Дэсант? Дыверсанты?
А зараз перанясемся на імгненне ў Лепель, у тыя дні, калі ішла эвакуацыя складоў і маёмасці мінамётнага вучылішча. Намеснік начальніка артузбраення ваентэхнік 2-га рангу М. Буткевіч успамінаў: «У апошнія дні чэрвеня … атрымаў загад адвезці дзве машыны маёмасці артмайстэрні, ужо загружаных, на рампу ў Лепель, разгрузіць і пакінуць вартавых. Па тэлефоне ўдакладніць у ваеннага каменданта час прыбыцця эшалонаў для эвакуацыі вучылішча. Па прыбыцці ў Лепель быў здзіўлены тым, што не сустрэў ніводнага жыхара. Вуліцы былі пустыя. Сляды бамбёжкі, абарваныя правады, выбітае шкло ў вокнах і вітрынах магазінаў. Пажылы чыгуначнік паказаў, з якога тэлефона можна звязацца з Оршай. Сувязь спрацавала адразу. Камендант пацікавіўся становішчам у горадзе і паабяцаў да вечара даслаць эшалон. З гэтым я і вярнуўся ў Бароўку, далажыў начальству.
Сталі загружаць яшчэ дзве машыны… Перад адпраўленнем прыбег адзін з пакінутых у Лепелі вартавых. Далажыў, што, як толькі мы ад’ехалі ад вакзала, па іх адкрылі агонь з «рамы», з гарышча вакзала і воданапорнай вежы…»
Выходзіць, што і чыгуначны вакзал Оршы з забітымі да адмовы эшалонамі і вывезенай з Лепеля маёмасцю (часткова) мог апынуцца ў руках ворага ўжо ў самым пачатку вайны. Не разабраўшыся, дзе яго галоўныя сілы, камандаванне загадала 1-й мотастралковай дывізіі выйсці да горада і залпам «кацюш» накрыць фрыцаў. Што і было зроблена? Далей батарэя накіравалася ўслед МСД і заняла пазіцыю за спінай стралкоў… Зразумела, гэта наўрад ці быў першы ў гісторыі «кацюш» залп. Аб першых залпах распавядае таксама камандзір прыстрэлачнага ўзвода лейтэнант М. Навуменка: «Гэта было пад Оршай». Паняцце «пад Оршай» няпэўнае. Далей піша: «Асабліва мне запомніўся ўдар па пераправе праз раку Аршыца». Што значыць «асабліва»? Значыць, іх было больш? Супярэчлівыя выказванні ў Навуменкі і адносна часу выбыцця на фронт. Спачатку ён піша, што «рашэнне аб фарміраванні першай батарэі рэактыўнай артылерыі было прынята 28 чэрвеня 1941 г., і ўжо праз чацвёра сутак, у ноч на 2 ліпеня, яна сваім ходам пераехала на Заходні фронт». А ў іншым месцы, што вельмі дзіўна: «У ноч на 4 ліпеня батарэя выступіла на фронт…» і ўжо «праз два дні пасля пачатку маршу ўвайшла ў склад артылерыі 20-й арміі…» Выходзіць, акурат да пачатку Лепельскага контрудару.
Цяпер падвяргаецца сумневу і абмаляваны раней першы залп «кацюш». На інфармацыйным партале «Зброя Расіі» апублікавана меркаванне шэрага гісторыкаў, што яшчэ ў 1938 — 39 гг. былі праведзены выпрабаванні механізаваных установак залпавага агню, а некалькі іх тыпаў выкарыстоўваліся на танках пры прарыве «Лініі Манергейма». І да пачатку Вялікай Айчыннай выпускаліся ўжо серыйна.
Будучы маршал Казакоў, якога вестка аб перадыслакацыі заспела на палігоне ў Алабіна, успамінаў, што «ў канцы ліпеня да нас прыбыла 16-я батарэя «кацюш». 16-я ўжо! Лічба паражэння жывой сілы праціўніка ў ходзе Лепельскай аперацыі наводзіць на думку, што і там маглі быць выкарыстаны ракетныя ўстаноўкі. Дзе менавіта? І тут зноў усплывае рэчка Чарнагосніца, пераправа праз яе 14-й танкавай дывізіі, у якой служыў Якаў Джугашвілі. Гэта найбольш верагоднае месца для ўжывання ўстаноўкі. У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” А. Стельмах піша пра пераправу так: «Артылерыя нанесла па пазіцыях праціўніка магутны ўдар. Пачуўся незвычайнай сілы выбух». Што гэта было? Стэльмах паказвае: выбухнуў артылерыйскі склад. А мажліва «незвычайнай сілы» выбухам быў менавіта ракетны ўдар? И адразу нашы танкі рынуліся наперад, не чакаючы непрыемнасцяў з паветра…
Вядома, не маючы ўсіх дакументаў аб выкарыстанні ракетнай зброі, цяжка меркаваць, што адбывалася на самой справе. Ясна адно: Вярхоўнае камандаванне Чырвонай арміі рабіла вельмі вялікую стаўку на Лепельскі контрудар. У раён аперацыі былі сцягнутыя найбольш баяздольныя і добра ўзброеныя на той час падраздзяленні. І прарыў, напэўна, адбыўся б. У бітве лоб у лоб і перавага, і вытрымка былі на баку рускіх. Не ўлічылі аднаго: мабільнасць танкавых кліноў ворага, яго адмысловасць ва ўжыванні мудрагелістых камбінацый і паветраная беспакаранасць. Магчыма, што перадавыя атрады І. Карчагіна дасягнулі лепельскіх складоў, але танкі Гота пайшлі ў абход пазіцый, якія займалі нашы байцы. Яны пераправіліся праз Заходнюю Дзвіну ў раёне Улы і па правым, паўночным, беразе рушылі на Віцебск. А злева 1-я Маскоўская дывізія не змагла ўтрымаць пераправу праз Бярэзіну (мост нечакана захапілі немцы), і дывізія адступіла, адкрываючы левы фланг. Навісла пагроза над усёй групоўкай, якая ўдзельнічала ў Лепельскай аперацыі. 10 ліпеня паступіў загад згарнуць наступленне і адыходзіць у бок Смаленска. Пры ўсім тым дэманстрацыя савецкай моцы скарэкціравала планы нямецкага камандавання, прымусіла яго ўхіліцца ад першапачатковага плана дзеянняў. Не спраўдзіліся надзеі на хуткі прарыў да Масквы, пра што пасля вельмі шкадаваў Герман Гот: «…перашыек паміж Оршай і Віцебскам, дзе ў ліпені 1812 года рускія далі бітву французскаму імператару, меў шырыню 70 кіламетраў, так што прасторы для дзеянняў трох танкавых дывізій было цалкам дастаткова. Калі б тром танкавым дывізіям была пастаўлена задача наступаць праз гэты “перашыек”, а матарызаваным дывізіям — прыкрыць іх на Заходняй Дзвіне, на ўчастку Ула — Віцебск, то поспех быў бы непараўнальна большым, чым гэта атрымалася, калі сілы, распыленыя на 130-кіламетровым фронце, наносілі ўдар у двух месцах…»
Вынік паказаў моцныя і слабыя бакі як адных, так і іншых. В. Казакоў адзначаў, што ў складзе злучэнняў трэба «мець больш магутныя артылерыйскія і мінамётныя (!) падраздзяленні…»
Усе ўдзельнікі аперацыі набылі неймаверны вопыт вядзення баявых дзеянняў. Нездарма шматлікія савецкія ваеначальнікі сталі слыннымі вайсковымі дзеячамі. За баі пад Оршай ордэнам Леніна быў узнагароджаны капітан С. Нілаўскі, яму было даручана затым камандаваць усімі ўстаноўкамі БМ-13, якія паступалі ў войскі ў 1941 годзе. У мірны час ён, генерал-лейтэнант і Герой Савецкага Саюза, займаўся першымі ракетамі супрацьпаветранай абароны СССР і быў першым камендантам ракетнага палігона «Капусцін Яр». Ну, а наш герой, будучы маршал Казакоў Васіль Іванавіч, стаў у мірны час начальнікам войскаў супрацьпаветранай абароны Савецкага Саюза.
У заключэнне аповеду раблю цвёрдую і абгрунтаваную выснову: Лепельскі контрудар павінен заняць больш істотнае месца ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Васіль АЗАРОНАК,
журналіст-даследчык,
ураджэнец
Лепельскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.