4 марта — День милиции

Прызнацца шчыра, кожны раз, калі бачу жанчыну ў пагонах, не магу стрымаць свайго захаплення. Прадстаўніцы жаночага полу, спакойнай, разважлівай і памяркоўнай, трэба праявіць і такія мужчынскія якасці, як цвёрдасць, рашучасць і прынцыповасць. Быць ахоўнікам правапарадку — задача не з лёгкіх. Аднак Анастасія Суворава, інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Лепелькага РАУС, у абранай прафесіі знайшла сваё прызванне.

— Мне заўсёды вельмі хацелася працаваць з людзьмі, дапамагаць ім. Скончыўшы 11 класаў сярэдняй школы №1 г. Бешанковічы, я, не раздумваючы, падала дакументы на факультэт правазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава, — адзначыла Анастасія Генадзьеўна. — Ужо ў час вучобы ва ўніверсітэце зразумела, што работа ў міліцыі вельмі блізкая для мяне. Да таго ж я з задавальненнем займалася спортам, мела добрую фізічную загартоўку.

Па размеркаванні ў 2010 годзе Анастасія прыехала працаваць на Лепельшчыну. Так яна пачала свой шлях у прафесіі. У маладым інспектары I катэгорыі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі калегі заўважылі добрасумленнага, мэтанакіраванага і сур’ёзнага спецыяліста, якому можна даверыць любую справу. А вось Анастасія ў кожным са сваіх калег убачыла шчырых і мудрых дарадчыкаў, якія заўсёды рады падтрымаць добрым словам.

— Маімі настаўнікамі ў прафесіі сталі Васіль Міснік, які ў той час працаваў начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі, інспектары Васіль Сільвановіч і Валянціна Казлоўская. Усе яны зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але кожнага з іх я заўсёды ўспамінаю з пачуццём асаблівай падзякі і павагі.

Эстафету кіраўніцтва аддзяленнем у Васіля Місніка пераняў вопытны работнік міліцыі Васіль Сушко, замест Васіля Сільвановіча ў аддзяленні працуе Алег Бохан, падпалкоўнік, былы кіраўнік экспертна-крыміналістычнай службы Лепельскага РАУС. Добра ведаюць сваю справу спецыяліст па рэгістры насельніцтва Вольга Кавалёва і пашпартыстка Алена Міхно. Калектыў работнікаў аддзялення па грамадзянстве і міграцыі — гэта адна зладжаная каманда аднадумцаў, людзей, якія ўмеюць працаваць з наведвальнікамі і аператыўна выконваюць сваю работу.

У цяперашні час Анастасія мае званне капітана міліцыі.

— Што ўваходзіць у вашы працоўныя абавязкі?

— Займаюся выдачай віз, запрашэнняў, легалізацыяй замежных грамадзян.

— Наколькі часта ў нашу краіну прыязджаюць грамадзяне з-за мяжы з мэтай далейшага пражывання?

— Даволі часта выбіраюць Беларусь для пастаяннага жыхарства грамадзяне Расіі. Як правіла, яны прыязджаюць з паўночных рэгіёнаў, паколькі не ўсім падыходзіць суровы марозны клімат. Лепельшчына ж прыцягаве ўвагу паўночных гасцей не толькі кліматам, а і багаццем прыгожых азёр і лясоў.

У некаторых выпадках прыходзіцца прыцягваць грамадзян да адказнасці перад законам. У прыватнасці, за незаконнае знаходжанне ў краіне замежных грамадзян. Мы кантралюем іх паводзіны. У выпадку, калі яны ўчыняюць адміністрацыйныя правапарушэнні, мы праводзім з імі прафілактычную работу — арганізуем іх дэпартацыю, высылку з краіны.

Вядома, што адказная праца патрабуе шмат часу. Калі ж у Анастасіі Генадзьеўны з’яўляецца вольная хвілінка, яна прысвячае яе сваёй любімай сям’і. Муж Ігар з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, а маленькай дачушцы споўнілася чатыры з паловай гады. Паколькі дзяўчынка нарадзілася 9 мая, яе назвалі Вікторыя. Агульны любімец маладой сям’і — сімпатычны папугайчык Кеша.

— Я заўсёды пераконваюся ў тым, што наша работа вельмі патрэбна людзям. Штодзень наведвальнікі звяртаюцца да нас з рознымі пытаннямі, і кожнаму з іх мы імкнёмся дапамагчы, усё дэталёва расказаць. Галоўнае ў нашай прафесіі — умець працаваць з людзьмі.

У час размовы з Анастасіяй я адчула душэўную цеплыню. Мілая, добрая, спагадлівая, да кожнага чалавека яна ўмее знайсці індывідуальны падыход, і работа ёй заўсёды прыносіць задавальненне. Няхай жа прафесійные свята — Дзень работнікаў міліцыі і Дзень жанчын — прынясуць Анастасіі прыліў энергіі, сіл, шмат новых радасных падзей і незабыўных уражанняў! Няхай ажыццявяцца ўсе запаветныя мары і жаданні! Са святам вас, шаноўныя!

Святлана ВАЗНЯК

На зджымку: Анастасіі Суворавай работа заўсёды прыносіць задавальненне

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.