Назад… у будучыню

У канцы года звычайна падводзяць вынікі. Парушаць добрыя традыцыі навукоўцы і майстры вобласці не сталі: свае дасягненні і планы на будучыню яны абмеркавалі на навукова-практычнай канферэнцыі “Народны тэкстыль і ¬адзенне Віцебшчыны”. Неабыякавых да нацыянальнай культуры вітала лепельская зямля. У гэты дзень госці ацанілі не толькі талент нашых умельцаў, артыстаў, кулінараў, але і самі пазнаёмілі з асаблівасцямі тэкстылю родных мясцін на выставе ў раённым Доме культуры.
Пачалася сустрэча з экскурсіі па Доме рамёстваў. Плён дваццацігадовай працы паказала гасцям дырэктар Алена Барадзейка. 11 накірункаў традыцыйных народных рамёстваў… Калекцыі народных строяў, віцебскіх ручнікоў, беларускіх паясоў, лялек і галаўных убораў… Як рэканструяваныя, так і аўтэнтычныя рэчы… Напэўна, кожны з прысутных знайшоў сабе тое, што зацікавіла яго аса¬біста.
Праўда, з лепельскімі майстрамі многія ўжо былі знаёмы даўно, прычым не толькі па сумесных выставах і конкурсах. Неаднаразова за дапамогай стварыць нацыянальнае адзенне да іх звярталіся калектывы з суседніх раёнаў. Напрыклад, дзякуючы лепяльчанам, свой твар зараз маюць полацкі фальклорны калектыў “Палата”, расонскі — “Крыніца”. У планах апошняга — зрабіць заказ на мужчынскую вопратку.
Прысутных запрасілі таксама паўдзельнічаць у майстар-класах. Сакрэтамі свайго рамяства па-дзяліліся майстар выцінанкі Галіна Жураўлёва і вышывальшчыца Таццяна Аношка. Саламяныя рэчы на месцы рабілі Ніна Баннікава і Святлана Чэрнікава, а гліняную ляльку-барана — Наталля Буйлава. Тут жа жадаючыя маглі паўдзельнічаць і ў разьбе па дрэве: над немаленькім “мядзведзем” працаваў Іван Будзіч. Як парадаваць дзяцей лялькай “зайчык на пальчык”, паказала народны майстар Беларусі Наталля Петухова.
Пасля майстар-класаў адбылася тэарэтычная частка сустрэчы. ¬Удзельнікі канферэнцыі расказалі аб асаблівасцях народнага тэкстылю сваіх раёнаў. Прывітала прысутных намеснік начальніка ўпраўлення ідэала¬гічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская. Аб гісторыка-тэарэтычным аспекце традыцыйнага народнага мастацтва распавёў наш зямляк, доктар мастацтва¬знаўства, прафесар, загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” Рыгор Шаура. Канферэнцыя доўжылася не адну гадзіну: кожнаму з ¬удзельнікаў было што цікавага паведаміць калегам. Дарэчы, за актыўны ўдзел у правядзенні рэспубліканскіх і абласных культурных мерапрыемстваў, за захаванне нацыянальна-гістарычнай культурнай спадчыны і развіццё традыцыйных відаў рамёстваў Лепельскі Дом рамёстваў адзначылі Дыпломам і Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама.


Тэарэтычнай часткай мерапрыемства не завяршылася: у раённым Доме культуры з прыгатаванымі стравамі іх ужо чакалі клуб нацыянальнай беларускай кухні “Матырынскія гаспадыні” і аматарскае аб’яднанне “Стайскія прысмакі”. Сыр клінковы, бліны, рыба, клёцкі, каўбаса — усё было на “абрусе-самабранцы” матырынскіх гаспадынь. Не меней пачастункаў прапанавалі і стайскія кулінары. Ад соўсаў да клёцак — 20 страў прыгатавалі яны за ноч. Дарэчы, менавіта іх клёцкі, па рэцэпце Марыі Калітухі з Мацюшына, прадстаўляюць нашу вобласць у міжнародным кулінарным праекце “Bella Cuisine”.
Адразу пакаштаваць смачныя стравы гасцям, праўда, не ўдалося, бо іх запрасілі ў залу на выставу народнага тэкстылю Дамоў рамёстваў вобласці. Экскурсію правяла вядучы метадыст ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Людміла Вакар. Свае вырабы прывезлі не толькі майстры Віцебшчыны, на выставу завіталі і госці з Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.
Развітальным акордам стала свята-конкурс “Матчыны кросны”. Госці на свае вочы пабачылі, як ствараюць габелены Вольга Ганчар і яе вучаніцы Таццяна Герцык, Кацярына Сокур. Што ткацкая справа добра атрымліваецца і ў школьніц, даказалі выхаванкі старалядненскага філіяла Лепельскага Дома рамёстваў. Напрыклад, Ладзе Міснік яшчэ толькі 11 год, а яна ўжо сёлета атрымала трэцяе месца ў конкурсе, які праводзіўся ў час Славянскага базару і сабраў ткачых з пяці краін свету.
Не абышлося, безумоўна, свята і без народных спеваў. Гэтую частку годна выканалі заслужаны аматарскі фальклорны калектыў “Сунічкі”, народны фальклорны клуб РДК “Кругаверць”, народны ансамбль жартоўнай песні “Грымзолі” і сама¬дзейны калектыў “Вяселіца” Поўсвіжскага СДК. Парадавалі сваімі кампазіцыямі Аляксандр Балотнік, гарманіст Юрый Дакшанін і частушачніца Тамара Рыўко.
Кацярына АСОЎСКАЯ.
На здымках: народны майстар Беларусі Наталля Петухова (справа) вучыць “лялечнай справе”; аб асаблівасцях Лепельскага строю гасцям расказвае дырэктар Дома рамёстваў Алена Барадзейка.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.