Лепельскі Ясенін

565Каменская бібліятэка-музей носіць імя слыннага паэта-земляка Тодара Кляшторнага. Вершы яго па сваім стылі напісання, глыбіні вобразаў і мастацкім увасабленні падобныя на творы Сяргея Ясені­на. Не выпадкова таму Тодар Кляшторны лічыцца беларускім Ясеніным. Музейныя экспазіцыі папаўняюцца новымі дакументамі і экспанатамі аб жыццёвым шляху і літаратурных здабытках знакамітага беларускага паэта. Тут ёсць дзіцячая калыска песняра, у якой яго гушкала маці ў першыя гады жыцця, іншыя рэчы хатняга рыштунку жылой сядзібы ў вёсцы Парэчча, дзе рос і сталеў Тодар Кляшторны. Апошнімі цікавымі экспанатамі сталі вясковая саматканая сукенка і старажытная драўляная скрыня, у якой раней сельскія жыхары захоўвалі найбольш каштоўныя рэчы з хатняга ўжытку. Наогул, вялікую дапамогу ў стварэнні большасці экспазіцый музея аказалі дочкі і ўнукі паэта. Установа культуры па-ранейшаму падтрымлівае з роднымі, блізкімі беларускага песняра вельмі цесныя, сяброўскія сувязі.
Загадчыца бібліятэкі-музея Ірына Знарок звярнула ўвагу на фотаздымак “Вялікдзень у сям’і Кляшторных”. Сямёра дзяцей вызначаліся працавітасцю, творчымі здольнасцямі, паважлівымі адносінамі да бацькоў, родных і блізкіх людзей. Менавіта адсюль юны Тодар пакрочыў у дарослае жыццё. Незабыўнае ўражанне пакідаюць высокамастацкія творы паэта, яго паэтычныя радкі, у тым ліку глыбока патрыятычныя: “Люблю я шыр, люблю я поле, люблю я маці — Беларусь!”
У бібліятэцы-музеі захоў­ваюцца паэтычныя зборнікі Тодара Кляшторнага “Кляновыя завеі”, Залатое вязьмо”, “Святлацені”, “Палі загаманілі”, “Ветразі” і іншыя. У кнізе водгукаў шмат удзячных запісаў. Напрыклад, ад імя прэзідыума абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры Галіна Клёсава 8 красавіка 2014 года занатавала наступнае: “З вялікім хваляваннем паслухалі аповед і паглядзелі экспанаты, якія расказваюць аб жыцці і творчасці нашага беларускага песняра. З удзячнасцю адзначаем патрыятызм тых, хто захоўвае гісторыю свайго роднага краю, дзе­ліцца ведамі аб гэтым з моладдзю, землякамі”. Яшчэ адзін з апошніх, найбольш запамінальных запі­саў у кнізе водгукаў датаваны 24 чэрвенем 2014 года: “Ад імя выязнога прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў выказваю вялікую ўдзячнасць за патрэбную, высакародную работу па ўвекавечванні і ўмацаванні нацыянальнага гонару!”
— Усяго ў нас больш за 400 чытачоў — жыхары аграгарадка Камень, вёсак Ладасна, Чаросава, Двор Бабча, Парэчча, Двор Парэччча, іншых населеных пунктаў, — адзначыла Ірына Знарок. — Вяскоўцы чытаюць лепшыя творы класічнай і сучаснай мастацкай літаратуры, у тым ліку і замежнай. Спецыя­лісты сельскай гаспадаркі цікавяцца навінкамі галіновай літаратуры. Выклікаюць павышаную ўвагу ў чытачоў свежая перыёдыка, газеты і часопісы, якія выпісваюцца, падшываюцца і захоўваюцца ў нашай ўстанове культуры. Не пакрыўджаныя і нашы мясцовыя дзеці, школьнікі. Для іх прызначаны асобныя стэлажы бібліятэкі-музея з падборкамі кніг пад назвамі “Дзіцячая літаратура”, “Пісьменнікі зямлі беларускай” і іншымі. Усяго рэгулярна наведваюць бібліятэку-музей каля 70 дзяцей і падлеткаў.
— Як выкарыстоўваеце камп’ютар?
— З дапамогай яго можна заходзіць у інтэрнэт — невычэрпную крыніцу разнастайнай цікавай інфармацыі, а таксама весці перапіску па электроннай пошце. У нас устаноўлены і прынтар, на якім раздрукоўваем тэксты, аказваем платныя паслугі насельніцтву.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: экскурсію праводзіць загадчыца бібліятэкі-музея Ірына Знарок.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.