70 лет Великой Победы

победа

Жыхар Лепеля Аляксандр Новікаў страціў здароўе на вайне…
На сайце Міністэрства Абароны РФ “Подзвіг народа” можна знайсці ўзнагародны ліст на радавога Алfilterimageяксандра Новікава, датаваны 10 чэрвеня 1945 г. , за подпісам райваенкама Быхаўскага раёна капітана Баглаева. Ліст сведчыць аб узнагароджанні воіна медалём “За баявыя заслугі”.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Сямёнавіч Новікаў стаў інвалідам у выніку цяжкога ранення ў баі пад Ломжай Падляскага ваяводства ў Польшчы. Кулямётная чарга літаральна прашыла яму грудзі, дзіва, як толькі застаўся жывы. Ваяваў Новікаў у 1287 артылерыйскім палку 110-й Верхнедняпроўскай дывізіі 49-й арміі другога Беларускага фронту, узнагароду атрымаў за праяўленую мужнасць у адным з баёў. Пасля вайны працаваў у родным калгасе на Быхаўшчыне. Зараз дзевяностадвухгадовы інвалід вайны жыве ў дачкі ў Лепелі.
Уладзімір МІХНО.

_________________________________________________

Хто адгадае таямніцую загадку старога пахавання Лепельшчыны

 На старую магілу, што на могілках

у Старым Лядне, звярнулі ўвагу, калі адкрывалі адрэстаўраваны

мемарыяльны знак у гонар загінулых воінаў. Магіла знаходзіцца побач. Надмагільнае збудаванне надзвычай арыгінальнае: трубы металічныя, над імі — паддашак. Пахаванню больш за паўстагоддзя. Надма­гільная канструкцыя трымаецца за кошт трываласці.

  Магілу было вырашана прывесці ў парадак. Раённыя ўлады даручылі Бароўскай школе правесці пошукавую работу  і па магчымасці болей даведацца пра чалавека, які тут пахаваны.

 Пошукам занялася настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Яўгенія Ерыцян. Такім чынам, першапачаткова было вядома толькі тое, што тут пахаваны Цімафей Якаўлевіч Глінскі, 1908 года нараджэння, аб чым сведчыў надпіс на надмагіллі. Яўгенія Рафаэлаўна разам з калегай Людмілай Фёдараўнай Пестрыкавай распытвалі мясцовае насельніцтва. Аднак ніхто не мог нічога прыгадаць пра гэтага чалавека, што нават дзіўна, бо дата яго смерці пасляваенная — 1952 год. Няўжо ў Бароўцы няма людзей, якія б памяталі, як хавалі гэтага чалавека. Тым больш, што хавалі, па ўсім відаць, даволі ўрачыста, напоўніцу аддаючы даніну памяці ветэрану Вялікай Айчыннай вайны. Дапусцім, у Бароўцы маглі не памятаць. Тут ваенны гарадок, насельніцтва непастаяннае. Але ж у Старым Лядне не можа быць, каб ніхто не памятаў пяцьдзясят другі год, пахаванне палкоўніка. Тым болей, магчыма, ён служыў у Бароўцы, інакш як апынуўся ў гэтых мясцінах?  Святлана Пузанава, мясцовы гісторык і краязнаўца, паведаміла, што сваякоў у Глінскага ў нашых краях не засталося.

Яўгенія Рафаэлаўна на сайце Міністэрства Абароны РФ “Подзвіг народа” знайшла інфармацыю наступнага зместу: “Глінскі Цімафей Якаўлевіч нарадзіўся ў вёсцы Цары Езялішчанскага (тут недакладнасць: трэба чытаць Езярышчанскага) раёна… З першых дзён Айчыннай вайны знаходзіў­ся на фронце, працаваў начальнікам аддзела кадраў БТУ (бронетанкавага ўпраўлення)38(?)(нумар неразборлівы) арміі, а затым начальнікам аддзела кадраў Сталінградскага фронту і Паўднёвага фронта. Спраўляецца цалкам з працай па своечасовым папаўненні камандна-начальніцкага складу часцей і злучэнняў фронту і своечасовым прысваенні чарговых воінскіх званняў, а  таксама ўзнагарод усяму асабоваму складу бронетанкавых і механізаваных войскаў фронту.

У сваёй практычнай дзейнасці не толькі абмяжоўваўся атрыманымі данымі, але і сістэматычна выязджаў непасрэдна ў часці, што стварае ўмовы дзейнага папаўнення часцей і аказання практычнай дапамогі на месцы”.

Далей ішло паведамленне пра тое, што Глінскі 31 мая 1943 года ўзнагаро­джаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а 28 кастрычніка 1943 года — ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Мае таксама медаль “За абарону Сталінграда”.

Пошук працягваўся. Езярышчанскі раён у 1958 годзе ўвайшоў у склад Гарадоцкага. У Гарадоцкі краязнаўчы музей з Бароўскай школы было накіравана пісьмо з просьбаю паведаміць хоць якія звесткі пра Глінскага. Старшы навуковы супрацоўнік музея Ніна Буракова напісала ў адказ: “З нагоды Вашага запыту паведамляем наступнае: в. Цары была ў былым Езярышчанскім раёне, у 1939 годзе яна была сселена ў в. Церахі (гэтыя населеныя пункты знаходзіліся непадалёк адзін ад другога). Вёска Церахі ёсць і сёння ў Гарадоцкім раёне, у ёй жыве невя­лікая колькасць жыхароў.

Пра Глінскага Ц.Я. нічога даведацца не змаглі. Толькі адна жанчына (1932 г. нар.) прыгадала, што адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Церахі жыла Глінская Варвара. Як склаўся яе далейшы лёс, яна не ведае. Сёння людзі з прозвішчам Глінскія ў дадзенай мясцовасці не пражываюць”.

— Такім чынам, звестак пра гэтага чалавека, пакуль, прама скажам, малавата, — кажа Яўгенія Рафаэлаўна, — удалося высветліць, што Глінскі ў арміі з 1929 года, удзельнік Фінскай вайны ў 1939-40 гадах. У Вялікую Айчынную служыў на Сталінградскім і Паўднёвым фронтах пры штабе бронетанкавых і механізаваных войскаў. Спа­дзяёмся даведацца болей, прынамсі пра яго даваенны і пасляваенны перыяды жыцця. Будзем рады, калі хтосьці адгукнецца і дапаможа нам.

Тым часам школа збірае сродкі ў фонд міру, якія пойдуць на добраўпарадкаванне магілы Цімафея Глінскага. У святочныя дні там мяркуюць правесці мітынг, дзе пошукаўцы раскажуць пра тое, што ўдалося знайсці. Магчыма, хтосьці з нашых чытачоў ведае болей пра гэтага чалавека і дапаможа бароўскім следапытам прыадкрыць завесу таямніцы старой магілы ў Старым Лядне.

Уладзімір МІХНО.

__________________________________________

Лепяльчанка стала ўдзельніцай міжнароднага конкурсу

 Прайшоў чарговы раённы конкурс юных паэтаў. Гэтым разам ён быў прысвечаны сямідзесяцігоддзю Вялікай Перамогі і называўся “Подзвіг вялікі і вечны”. Вершы, дасланыя на конкурс, былі адпаведнай тэматыкі. Прыняло ўдзел больш за шэсцьдзясят дзяцей. У ходзе аналізу вершаў і праверкі іх на сапраўднасць аўтарства журы выявіла цікавы факт: адзін з твораў – верш Марыі Грыдасавай — удзельнічаў у Міжнародным паэтычным конкурсе. Імя дзяўчынкі з Лепельшчыны, таксама як і яе твор, можна знайсці ў інтэрнэце.

Пераможцамі ж раённага конкурсу паэзіі сталі Таццяна Драпеза з Поўсвіжскай, Даніла Калінін і Ангеліна Карчэўская з Бароўскай, Павел Жарнасек са Стайскай, Яна Грыгаровіч, Аня Каляганава з Заслонаўскай школ. Яны атрымалі памятныя сувеніры. Акрамя таго, трыццаць чалавек былі ўганараваны дыпломамі лаўрэатаў.

Уладзімір МІХНО.

__________________________________

Запаветны трохкутнічак

“Добры дзень, мае дарагія Даша, Віця, Вася, Саша і Галечка! Сумую па вас, вельмі даўно вас не бачыў. Мы б’ём фашыстаў. Знішчым іх хутка і сустрэнем Перамогу. Як вы там? Не хварэеце? Не хвалюйся пра мяне, дарагая…” — з асаблівым хваляваннем чытаю радкі пажоўклага трохкутніка, які 11 кастрычніка 1944 года па палявой пошце даслаў сваім родным Андрэй Ардыновіч.

Андрэй і Дар’я пажаніліся ў далёкія трыццатыя гады, жылі ў прыгожай жывапіснай вёсцы Валова Гара. У 1934 годзе ў маладой сям’і нара­дзіўся першынец Аляксандр, праз год — сынок Віця, а ў 1937-м на свет з’явіўся Вася. І раптам пачалася вайна… Спачатку Андрэй прымаў удзел у партызанскім руху, а затым пайшоў на фронт, ваяваў пад Літвой. Адтуль, з поля бою, баец пасылаў пісьмы сваім родным. Яны былі адзінай нітачкай, якая звязвала байцоў з роднымі.

Доўгачаканае пісьмо Дар’я Елісееўна перачытвала некалькі разоў. Зусім нямнога часу заставалася да жаданай Перамогі. Верылася, што скончыцца вайна, муж вернецца з фронту, пяцёра дзяцей убачаць тату, пачнецца новае шчаслівае жыццё. Толькі вось замест новага пісьма з фронту прыйшла пахаванка. Сэрца жанчыны сціскалася ад нясцерпнага болю. Ён, адзіны, каханы, дарагі чалавек дадому ўжо не вернецца ніколі! Як жыць далей? Як вытрымаць такое гора? У вачах цямнела ад слёз, сэрца рвалася на часткі. У Дар’і, якая карміла грудзьмі васьмімесячнага дзіцяці, раптам знікла малако, хлопчык памёр. У час вайны памерла ад тыфу і маленькая Галя. Дар’я Апанасаўна засталася адна з трыма дзецьмі на руках. Цела забітага байца жонка так і не ўбачыла. Потым ужо, пасля заканчэння вайны, зямляк расказаў, што бачыў, як параненае цела Андрэя выносілі з поля бою. Пахаваны ён дзесьці пад Літвой…

Праходзілі гады, пасталелі, стварылі свае сем’і дзеці, а Дар’я Апанасаўна як самую вялікую каштоўнасць захоў­вала дома гэты дарагі трохкутнічак — адзіны напамінак аб каханым… У 1990 годзе, калі Дар’я Апанасаўна пайшла з жыцця, пажоўклае пісьмо з фронту стала дарагой сямейнай рэліквіяй сыноў і ўнукаў.

— Кожны раз, калі перачытваю радкі, адрасаваныя жонцы і дзецям, — не магу стрымаць слёз, — кажа нявестка Андрэя Ардыновіча Ніна Мікалаеўна. — У скупых радках столькі шчырасці і дабрыні! Два запаветныя пісьмы-трохкутнікі, якія засталіся ад свекрыві, мы перададзім наступным пакаленням. Гэта наша святая памяць.

Ніна Мікалаеўна выйшла замуж за малодшага сына Ардыновічаў — Васіля. Жанчына нарадзілася на 255Аршаншчыне ў 1947 годзе. Свой працоўны шлях пачала на Аршанскім ільнокамбінаце. Аднойчы жанчына паехала на адпачынак у санаторый “Лясныя азёры”. Тут, сярод жывапісных мясцін, яна і сустрэла свайго будучага мужа. У 1967 годзе Ніна і Васіль пажаніліся і прыехалі жыць у Лепель. Васіль Андрэевіч уладкаваўся на работу вадзіцелем у райсельгас­тэхніку, а затым не адзін дзясятак год працаваў у райсельгасхіміі. Адсюль і пайшоў на заслужаны адпачынак. Ніна Мікалаеўна спачатку шчыравала на Лепельскім малочнакансервавым камбінаце, затым трыццаць год аддала працы ў райсельгастэхніцы.

Сёлетні Дзень Перамогі Ніна Мікалаеўна і яе родныя сустракаюць з асаблівым хваляваннем — 70 год прайшло з таго часу, як савецкі народ сустрэў светлы Дзень Перамогі, але немагчыма сцерці з памяці боль і горыч страт, якія прыйшлося перажыць родным і блізкім адважных франтавікоў. Мы заўсёды будзем памятаць пра вас, дарагія! Вялікі дзякуй за падоранае жыццё!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: Ніна Мікалаеўна Ардыновіч трымае запаветны трохкутнічак, калісьці дасланы з фронту.

Фота аўтара.

___________________________________

Зямлі праўда святая

Бываюць у жыцці дробязі, якія ўплываюць на ўвесь ход жыцця і становяцца важнымі элементамі чалавечага лёсу. Такімі вось глабальнымі жыццёвымі дробязямі ў Аляксея Зямко сталі пасведчанне аб нараджэнні і папруга… Ды  пра ўсё па парадку.

Нарадзіўся Аляксей Адамавіч фактычна ў лістападзе 1927 года. Аднак бацькі, як гэта даволі часта ў той час здаралася, не спяшаліся ў сельсавет і зарэгістравалі сына толькі ў пачатку наступнага года. Яно і не дзіва. Жылі ў невялікай вёсачцы Баяры на Чашніччыне. Праўда, па цяперашніх мерках не такой ужо і невялікай. Аляксей кажа, што двароў восемдзесят было. Зараз родная вёска практычна знікла з карты, і Зямко застаўся ці не адзіным яе прадстаўніком. Бацькі працавалі на гаспадарцы, гадавалі чацвёра дзяцей. Ці да фармальнасцяў ім было, ці да дакументаў!? Да вайны Лёша вучыўся ў сваёй Баярскай школе, пасля — у Вяжоўцы. Добра памятае, як пачалася вайна. Ніколі не спаў удзень, а тут заснуў раптам. Аж будзіць сяброўка сястры з крыкам: “Вайна пачалася!” У першыя дні, можа, чалавекі чатыры ці пяць з вёскі позвы атрымалі, астатнія пазаставаліся. Пасля ж, калі фронт дакаціўся і да гэтых мясцін, прызвалі практычна ўсіх мужчын. Аднак пакуль з’явіліся, у Чашніках ужо ваенкамат быў зачынены, адно аб’ява вісела: “Ідзіце ў Сянно”. Пайшлі ў Сянно, а там ужо немцы, так і вярнулі­ся дадому.

Пад акупацыяй надта не галадалі. Самахоць падзялілі калгасную зямлю, аралі, сеялі і кармілі сем’і. Партызанаў у тых краях пакуль што не было, нямецкія гарнізоны таксама былі далекавата — у Чашніках, у Лукомлі, у Свячы. Аляксей памятае, як аднойчы на веласіпедах са Свячы прыехалі двое немцаў збіраць па хатах яйкі. Паводзілі сябе спакойна, былі даволі ветлівыя і вясёлыя. Праўда, давялося пабачыць і другі бок вайны, калі гналі па дарозе змучаных галодных ваеннапалонных. Бацька знайшоў у лесе зброю — дзве гранаты і карабін. Схавалі пад стрэшкаю ў саломе. Бацьку ў вайну было ўжо пад пяцьдзясят, аднак у сорак чацвёртым і яго забралі на фронт. А вось Аляксеевым сёстрам давялося папартызаніць. Справа ў тым, што яны вывучыліся на медсясцёр. Старэйшая, Аня, на той час ужо жыла ў Каўнасе і была расстраляная немцамі за сувязь з партызанамі. Сярэдняя, Фруза, пайшла ў атрад адразу ж, як у тых краях паявіліся партызаны брыгады «Дубава». Адна толькі малодшанькая, Марыя, усё жыццё пражыла ў роднай вёсцы, на зямлі. А неўзабаве падаўся ў атрад і Лёша. Падлетак яшчэ, у пачатку сорак чацвёртага, калі стаў партызанам, было шаснаццаць з «кароткім хвосцікам». Аднак жыць у вёсцы стала немагчыма, надакучыла хавацца па кустах, бо сям’ю праследавалі фашысты. Узяў бацькаў карабін і рушыў у лес. Не хацелі браць — куды ты, маўляў, малы. І ўзялі толькі таму, што быў са зброяй.

Залічылі ў чатырнаццаты атрад, якім камандаваў Лагвіненка. Ездзілі на конях у разведку па акрузе. Тэлефонаў не было, рацыя адна на ўсю брыгаду.

А зараз — пра папругу. Было гэта перад самай блакадай. Атрад стаяў у Лаўках, а гаспадарчы ўзвод быў за Лукомлем. Разведка данесла, што раніцой немцы павінны заняць дарогу Чашнікі — Лукомль. Лёшу на кані паслалі ў гаспадарчы ўзвод. Аднак па дарозе хлопец даведаўся ад жонкі аднаго з партызанаў, што ўзвод падаўся на Ляхавічы. Вырашыў вяртацца назад. Ля Гілёў трапіў у засаду. Ужо світала, і ён своечасова заўважыў ворагаў, паспеў павярнуць каня, як пачуліся стрэлы. Конь з капытоў, сам ён вобзем. Цалялі, відаць, наў­мысна ў каня, каб захапіць хлопца жывым. Аднак упаў удала, нічога не пашкодзіў, тут жа пусціўся наўцёкі. Цяпер ужо кулі паляцелі наўздагон і, як высветлілася, дзве з іх трапілі… у папругу, пакуль Лёшка не схаваўся ў кустах. Вось і не вер лёсу!

179 У блакаду прыйшлося не салодка. Адступалі да Паліка. Дзесяць дзён правялі ў акружэнні на балоце. За гэты час паелі ўсяго тры разы: першы падсілкаваліся яшчэ старымі запасамі, было крыху каўбасы і сухароў. Другі раз знайшлі мех з мукою ў кустах, разводзілі ў шапках з балотнай вадою і пілі. На трэці раз партызаны зарэзалі карову, падзяліліся.  Мяса вырашылі зварыць у вядры на вогнішчы. Аднак фашысты заўважылі дымок і ўсчалі страляніну. Похапкам на хаду елі недаваранае несалёнае мяса і ўцякалі ад «засвечанага» месца.

 Выходзіла з акружэння па начах дзён мо дзесяць ці дванаццаць разам каля тысячы паўтары партызанаў. Каманда была ісці надзвычай бясшумна, крадучыся. Выйшлі ў Заходняй Беларусі. Прайшлі паўз вёску, дзе стаялі немцы, і толькі вёску мінулі, як наваколле асвяцілася ракетамі. Упалі ў траву, заціхлі, а потым з адчаю падняліся і з крыкамі «ура!» пабеглі. Ад нечаканасці вораг разгубіўся і за тыя лічаныя хвіліны ўдалося перайсці бальшак. Аднак потым іх усё роўна перарэзалі на дзве групы і праследавалі. Часам даводзілася і кругавую абарону займаць. Выйшлі толькі ля заходняй граніцы. Спыніліся ў лесе. Нарэшце ўдалося раздабыць прадуктаў і наесціся. Пераправіліся праз Беразіну. Хто на лодках, а хто і так. Лёшка ўмеў плаваць, распрануўся, адзенне ў лодку паклаў, балазе ўжо цёпла было, і сам паплыў. Убачылі самалёты і здзівіліся, чаму яны не бамбяць. Аж гэта былі ўжо нашы самалёты.

Ля Валовай Гары сустрэліся з арміяй. Ды з чыёй! З фашысцкай. У гэтым месцы хаваўся ў лесе штурмавы нямецкі полк. Толькі завярнулі ў лес, а па іх — з кулямёта. А быў такі камандзір адчайны — Барыс (прозвішча Аляксей Адамавіч не помніць). Той кажа: «За мной, мы ім зараз як пакажам!» А немцы падпусцілі бліжэй, амаль ушчыльную, і давай касіць з кулямёта. Ляжыць Лёшка, галаву не можа падняць, крутнуўся вужом, перапоўз да хмызняку, і тут сапраўдны бой пачаўся. Пасля таго бою дваццаць восем партызанаў пахавалі, а фашысцкім штурмавікам, якіх было не меней за семсот чалавек, удалося прарвацца.

Далей — на Чашнікі. Ля вёскі Прыстоі спыніліся, яшчэ доўга, ці не ўсё лета, атрад дзейнічаў. Лавілі па лясах недабітых фашыстаў, аднак тыя ўжо не супраціўляліся так заўзята, як раней.

…Пасведчанне аб нара­джэнні, якое захавалася ў вайну, магчыма, выратавала юнака ад прызыву на фронт у сорак чацвёртым і, можа, ад смерці. Дваццаць восьмы год на фронт не бралі, зрэшты і дваццаць сёмы забіралі толькі часткова, ужо напрыканцы вайны. Ды што там! І так хапі­ла сустрэч са смерцю семнаццацігадоваму Лёшку Зямко. Куды ўжо болей! Пасля вайны пайшоў у сёмы клас. Да арміі працаваў у калгасе. Затое ў арміі служыў аж чатыры з паловай гады — ва Украіне, у Кіраваградзе. Ды што там — дробязі, гэта ж ужо не на вайне. Пад час службы, паспрачаўшыся аб заклад, кінуў курыць і болей да цыгарэты не дакрануўся, хаця ў войску спакуса была.

Вярнуўшыся на радзіму, уладкаваўся на торфапрад­прыемства, куды акурат у той час прыехала па вярбоўцы Юзэфа Шышко, будучая жонка. У пяцьдзясят другім пажаніліся, праз год дачка нарадзілася, а праз тры паехалі на Цаліну, дзе адбылі восем гадоў. Можа б і зараз там жылі, аднак Юзэфе не прыдаўся клімат. Вярнуліся з грашыма, купілі дом у Лепелі. Прыбудову да яго зрабілі. Аляксей Адамавіч працаваў у райспажыўсаюзе, Юзэфа Іосі­фаўна — цырульнікам. Жывуць і зараз удвух па вуліцы Валадарскага. Агародзік ля дома акуратненькі. Кожную вясну можна было бачыць, як яны ўдвух плужок цягаюць. Усё расце на агародзе, аблашчаным клапатлівымі рукамі гаспадароў. І не скажаш, каб у нястачы жылі, быў дастатак, аднак  агарод ніколі не закідвалі. Сяляне, прывыклі да працы. Зараз, праўда, гаспадар занядужаў, клопаты па агародзе леглі на плечы гаспадыні, якой ужо таксама за восемдзесят. Дачка далёка, у Піцеры, угаворвае, каб кідалі зямлю. Ды дзе там! Селянін зямлю кіне — каб бур’яном зарастала? А куды ж тады прыедуць адпачыць з горада ўнукі, пабегаць босымі па зямельцы праўнукі? І што Юзэфа любімым праўнукам у салату пакрышыць, калі не зялёненькай свежанькай цыбулькі, і што на дэсерт пакладзе, калі не свежанькай клубнічкі? Зямля накорміць і разважыць, у зямлі — свая святая праўда…

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай Аляксей Зямко.

 Фота аўтара.

____________________________

Доўгая дарога дадому

Шчаслівы чалавек Ульяна Фёдараўна Дземідовіч. Першага мая адзначыла дзевяностагоддзе. Надзвычай упэпістая для свайго ўзросту памяць, якая занатавала жыццёвыя эпі­зоды літаральна да драбніц. Іскрамётны гумар — сапраўдны дар Божы — які не здраджвае ёй і ў дзевяноста, а толькі ўпрыгожвае.

— Надумалася я летась лехі ісці палоць, — смяецца бабуля. — Толькі на вуліцу выпаўзла, дачка следам бяжыць: «Што ж ты, мама, робіш, ды я на цябе зараз міліцыю выклікаю, людзі што падумаюць — маці старую ў агарод загнала? Сама ж ужо, пэўна, спраўлюся». А я як ішла з таго агарода, дык і павалілася…

Баба Ульяна — у Ворані яе ведаюць як бабу Юлю — маладая душою. Зайздросная акалічнасць лёсу. Бо прайсці праз вайну, як кажуць, пехатою, літаральна прапаўзці праз яе па балотах Магілёўшчыны, атрымаць пахавальныя на братоў, перажыць дачасную трагічную смерць маці, пахаваць бацьку, а пасля мужа і сына і пры гэтым застацца аптымістам — подзвіг, уласцівы далёка не кожнаму.

Лясная вёсачка Цемравічы Чавускага раёна, на Магілёўшчыне, — яе калыска. Фёдар і Суклета Суравежкіны нарадзілі сямёра дзяцей, а пасля вайны сабраліся дома толькі чацвёра. Ульяна не толькі назвала дакладныя гады нараджэння сваіх братоў і сястры, але і расказала пра трагічную гібель старэйшых братоў. Ігнат загінуў у маі 1945 года. Машына, якой ён кіраваў, падарвалася на міне. З вайны не вярнуўся і Аляксей.

229 Вайна ва ўспамінах бабулі — не проста адрэзак часу далёкіх саракавых гадоў мінулага стагоддзя, а шэраг яркіх, экспрэсіўна напоўненых, хаця і не заўсёды лагічна звязаных, эпізодаў. Слухаеш бабулю Ульяну і нібы сам прабіраешся праз пекла, успрымаючы яго вачыма маленькай хударлявай, хваравітай дзяўчынкі, якая аднак не баялася нічога і нікога.

 «Тата пасадзіў нас у фурманку і адвёз у лес. Партызанаў на той час было яшчэ мала. Камандзір выйшаў дый кажа: “Куды ты, чалавек, дзяцей прывёз? Тут самая лінія фронту праходзіць”. І праўда, дзевяць месяцаў у нашу вёску то прыходзілі немцы, то сыходзілі. Вось нас з партызанамі выганяюць з лесу. У канюшні зачыняюць, ахоўваюць. У вёсцы крык, плач стаіць — баяцца, што паліць будуць. Не спалілі. Пагналі ў Чавусы. Пакармілі, як цяпер помню, ячнай кашай і пачалі сартаваць, каго куды. Усіх пагналі на акопы, а мяне і яшчэ трох дзяўчат пакінулі дапамагаць на кухні. Пайшлі мы да рэчкі Проні рукі памыць, а па рэчцы пена крывавая плыве — гэтулькі крыві было вакол, трупы на дарозе валяліся. Пасля далі нам два бакі і паслалі на крыніцу па ваду, а мы бакі тыя пакідалі і наўцёкі. Дайшлі да Галавенчыц. Там у нас сваякі жылі. Прыйшлі ў вёску, а нам кажуць: “Уцякайце, дзяўчаткі, вось-вось вёску паліць будуць”. Мы — у канаву, залеглі, а там арэшнік і арэхаў!.. Наеліся! Бярэзнікам падаліся дадому. Едзе машына з немцамі. Спынілі. “Партызаны?” “Не, — адна з нашых дзяўчат са школы крыху ведала нямецкую мову, — мы траншэі капалі”. Адпусцілі. Прыйшла я ў сваю вёску, а ў хаце немцы. А побач у кустах лазенька наша стаіць. І туды прыйшлі некалькі хлопцаў з партызан. Будуць мыцца. І такое было. Мяне пасылаюць прынесці вады. Яны яшчэ пра немцаў нічога не ведаюць, і я таксама, пакуль у хату па вёдры не пайшла. Вады набрала, а ў лазню несці не адважылася… Паставіла ў хроснай, а сама ціхенька да хлопцаў, каб папярэдзіць…

Немцы ў нас павырывалі столь, падлогу — нейкі бліндаж рабілі. Неў­забаве вярнуўся з акопаў тата. Немцы ўжо адступілі з вёскі. Гарбаценькі стараста Куковіч даў распараджэнне, каб сабралі забітых і параненых. У аднаго параненага боты былі добрыя, дык распарадзіўся зняць, а той давай лаяцца.

Тым часам пусцілі чуткі, што мы былі не на акопах, а ў партызан. Выклікаюць нас у камендатуру: “Вы з партызан?” “Не, мы з-пад фронту”. Стараемся казаць па-нямецку, не атрымліваецца. А немец раптам кажа: “Гаварыце па-руску, я вас разумею”. Можа, не немец, а так які перакладчык быў? А потым ціхенька: “Дзяўчаты, шкада мне вас, вечарам ідзіце ў лес”. І адпусціў.

У лес пайшлі, блукалі па балоце журавінавым. Наляцелі самалёты. Мы прама ў багну. Ляжу і лічу самалёты, трыццаць тры налічыла, нізенька ляцелі. Мы ў гразі, у лапцях… Чуем, кажуць, кагосьці параніла: Ануфрыю, кажуць, вуха адарвала, нос перабіла. Блукалі па лесе доўга. Урэшце выйшлі да Бярэзіны. Рачулка ў тым месцы нешырокая, сяк-так перабраліся. На тым беразе машына стаіць, ужо ноч, а ў машыне —нікога. Я на выгляд маленькая,  аднак дасужая, усюды свой нос усуну.  Зазірнула ў машыну, а там — бінты, кансервы, хлеб. Фашысты, аказваецца, стаміўшыся, у хату зайшлі бліжэйшую, паставілі варту ды кімарнулі. А машына на вуліцы адкрытая. Я шпурляю бляшанкі з кансервамі. А яны ў балота ляцяць, дзе іх уначы ў балоце знойдзеш? А потым хлеб пачала выкідваць, а боханы чэрствыя, як цагліны…

У лесе з партызанамі была з сорак трэцяга года. Аднак зброі ў руках не трымала… Не, маню, далі мне наган, дык я яго паціху прыхавала ды мохам прыкрыла, — зноў смяецца бабуля Ульяна. — Як цяпер помню тое месца. Каб хто ў лес завёз, зараз бы  і паказала. Без нагана мне неяк смялей хадзіць было, хаця, здавалася, нічога я ў той час не баялася…»

Такая вось вайна вачыма дзяўчынкі-падлетка атрымалася ў трагічна-жартоўным расповедзе дзевяностагадовай Ульяны Фёдараўны.

Затое з вайны, па яе словах, везлі іх з-пад Беразіно ў родныя Цемравічы на машынах. Іх вязуць дадому, а вакол дарогі фашысты ляжаць пабітыя, чамусьці без галоў.

Далі лесу і занарадзілі лю­дзей, каб пабудаваць Суравежкіным новую хату, як сям’і загінулых на фронце двух салдат. А неўзабаве трагедыя здарылася і з маці, якая, выплакаўшы вочы на чыёйсьці безыменнай магіле па сваіх сыночках, вярталася дадому і нейкім чынам трапіла пад колы цягніка.

“Яшчэ нейкі час маці жыла, — распавядае баба Ульяна, — хацелі рабіць аперацыю, а яна кажа: — Не чапайце мяне, лепей ужо пайду на сустрэчу да сыночкаў…”

Пасля вайны Ульяна завербавалася на адбудову Мінска. Працавала токарам, а пасля — у сталовай. Там жа сустрэлася з таксама завербаваным былым партызанам Дзмітрыем Дземідовічам. Сімвалічна, што сустрэліся з будучым мужам у дзень яе нараджэння на Першамай, а пражылі разам без двух месяцаў шэсць­дзясят гадоў. Дзмітрый быў партыйцам. Атрымалі двухпакаёвую кватэру ў сталіцы. Аднак пажылі ў ёй нядоўга, праз чатыры з паловай гады мужа накіравалі на працу ў Бягомль, дзе жылі гадоў дзесяць і дзе нарадзіліся дзеці. Жылі ля Бягомля ў вёсцы Будачы.

 У Ульяны Фёдараўны пяцёра дзяцей, дванаццаць унукаў і трынаццаць праўнукаў. На схіле веку старую маці забрала да сябе дачка Ала, якая таксама ўжо пенсіянерка. Такім чынам, Ульяна Фёдараўна Дземідовіч сустрэла дзевяностагоддзе ў Ворані ў сімвалічны для яе лёсу першамайскі дзень, на свята Працы, якой яна ніколі ў жыцці не цуралася.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Ульяна Фёдараўна Дземідовіч.

 Фота аўтара.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.