80 лет назад началась война: история одного ветерана

Цяжка сабе ўявіць, што адчучвае чалавек, які ўнёс значны ўклад у вялікую справу, а калі вынік ужо дасягнуты, яго не прымаюць за свайго. І вельмі лёгка ўяўляецца радасць, калі заслугі прызнаны, ацэненыя па вартасці. Менавіта такі лёс напаткаў ветэрана, інваліда Вялікай Айчыннай вайны Івана Крывяля.

У сямі Крывель з вёскі Слабодка Лепельскага сельсавета выхоўвалася пяцёра дзяцей: трое сыноў і дзве дачкі. Іван быў у сямі малодшым. За 2 гады да пачатку Вялікай Айчыннай вайны мужчына быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Расказвае яго сын Аляксандр:

— Тата ўзгадваў пра службу рэдка і мала. Расказваў, што спачатку быў прызваны ў кавалерыю. Казаў, што служба там была цяжкай. Напрыклад, вобраз кавалерыста ў нас успрымаецца так, нібыта ўсе былі пастаянна на конях, з шашкамі… Магчыма таму, што так мы бачылі ў кіно. Тата ж расказваў, што на коней сядалі толькі ў моманты практыкаванняў, вучэнняў. Падчас пераходаў, а яны праводзіліся даволі часта, коннікі не ехалі на конях, а вялі іх за повад і сядалі ў сёдлы, толькі калі праязджалі праз вёскі ці гарады. Коні ў Чырвонай арміі, казаў, былі вельмі вялікія і моцныя.

Конніцы ў 1920-х гадах у Чырвонай арміі ўдзялялася вялікая ўвага, туды набіралі лепшых прызыўнікоў. Аднак пачатак Вялікай Айчыннай вайны паказаў, што гэты род войскаў страчвае сваё значэнне, становіцца дапаможным.

Яшчэ ў 1930-х гадах вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Савецкага Саюза прыйшло да высновы, што будучая вайна будзе не вайной коней, а вайной матораў, і пачало развіваць тэхнічныя віды войскаў: авіяцыю, сувязь, аўтамабільныя і танкавыя войскі. Напрыканцы 1930-х савецкія канструктары распрацавалі шэраг мадэляў новых танкаў. Сімваламі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне сталі Т-34 і КВ-1.

Напярэдадні вайны і ў першы яе год многія кавалерысты былі перакваліфікаваны ў танкістаў. Так чырвоны коннік Іван Крывель стаў механікам-вадзіцелем танка КВ-1. Гэта мадэль вызначалася трывалай абароненасцю, браню танка не магла прабіць большасць гармат праціўніка. Магутная гармата калібрам 76,2 міліметра ў сваю чаргу прабівала браню ўсіх нямецкіх танкаў першай паловы вайны. Аднак былі ў КВ і слабыя месцы, у прыватнасці — трансмісія: слабая каробка перадач, бартавыя рэдуктары, што пастаянна турбавала танкістаў. Па прычыне частых рамонтаў яны ўвесь час былі ў мазутных камбінезонах.

37-ы танкавы полк, дзе служыў Іван Крывель, у канцы 1941 года быў уключаны ў склад 39-й арміі і ў пачатку 1942 года перакінуты на Ржэўскі напрамак.

Баі пад Ржэвам сталі пеклам, якое перамалола ў сваіх жорнах жыцці соцень тысяч салдатаў і афіцэраў. Пра гэта створана шмат літаратурных твораў, зняты мастацкія і дакументальныя фільмы, якія зараз можна ўбачыць у інтэрнэце. У час аднаго з такіх баёў 26 сакавіка 1942 года танк Івана Крывяля быў падбіты, ён сам з асколачнымі раненнямі спіны і рукі (некалькі асколкаў так і засталіся ў целе) быў схоплены ў палон.

Спачатку Івану пашанцавала — пры лагеры ваеннапалонных у Баравусе-2 пад Полацкам знаходзіўся шпіталь, дзе мужчына прайшоў лячэнне, а ў канцы чэрвеня мужчыну перавезлі ў стацыянарны лагер Шпандау ў Германіі. Там ваеннапалонных выкарыстоўвалі на розных дапаможных работах: у сельскай гаспадарцы, на дарогах, будоўлях, на прамысловых прадпрыемствах і камунальнай сферы. Так Іван працаваў на працягу года, а потым разам з сябрам адправіўся наўцёкі. Падрыхтаваліся як маглі: сабралі прыпасаў, даведаліся пра мясцовасць. Аднак стаць вольнымі не атрымалася, праз некалькі дзён уцекачоў схапілі і перадалі паліцыі, а адтуль — гестапа.

3 тыдні ваеннапалонных дапытвалі, трымалі ў цёмных сырых камерах. Існуе народная прымаўка: “Бяда адна не ходзіць, з сабой другую водзіць”. 24 лістапада 1943 года авіяцыя саюзнікаў бамбіла абекты на тэрыторыі Германіі, пад бамбёжку патрапіў і лагер ваеннапалонных. Івана зноў цяжка параніла і ў выніку яму ампутавалі правую нагу. Пасля ампутацыі гестапа пакінула яго, палоннага перавялі ў Берлін.

У Берліне палоннага інваліда размеркавалі ў швейную майстэрню. Як распавядаў Іван потым, майстэрня ў асноўным спецыялізавалася на пашыве верхняй вопраткі, куртак, паліто, шынялёў, штаноў, прыйшлося выконваць і шмат заказаў ад Вермахта. Там хлопец асвоіў майстэрства раскройвання тканіны, стаў ладным краўцом. Потым Іван расказваў, што гаспадар майстэрні быў даволі спагадлівым чалавекам, асабліва да старанных работнікаў, ставіўся без пагарды, удосталь карміў, даваў адзенне, нават плаціў невялікія грошы. Там для Івана былі зроблены кастылі, якія ён выкарыстоўваў больш за 50 гадоў.

Вызваленне прыйшло 2 мая 1945 года, калі войскі Чырвонай арміі ўзялі Берлін. Пасля праверак Івана Крывяля адпусцілі і 17 кастрычніка ён вярнуўся дахаты.

Аднак на гэтым жыццёвыя выпрабаванні воіна не скончыліся — пачаліся доўгія гады барацьбы за ўласнае добрае імя. У часы вайны, асабліва ў першы год, да палонных было перадузятае стаўленне, быў нават выдадзены загад, якім чырвонаармейцы і камандзіры, якія патрапілі ў палон, абяўляліся здраднікамі. І толькі паступова, па меры высвятлення ўсіх абставінаў адносіны да іх сталі мяняцца. Аднак доўга пасля заканчэння вайны Івану даводзілася чуць за спіной: “Здраднік!”. На вачах наварочваліся горкія слёзы ад крыўды і бяссілля.

Вярнуўшыся, Іван Крывель пайшоў працаваць у калгас. Спачатку ён меў назву “Барэц волі”, а потым, пасля абяднання з суседнімі, атрымаў імя Чапаева. Іван Самуілавіч працаваў кладаўшчыком, шыў розныя рэчы, у асноўным чахлы на тэхніку. На развітанне майстар з Берліна падарыў швейную машынку Zinger, на якой Іван і працаваў да самой смерці. Гэтае бытавое прастасаванне дапамагала і маладой сямі, бо хлопец неўзабаве ажаніўся з Марыяй Карабань з вёскі Зялёнка. Усе навакольныя юнакі, каб пафарсіць на танцах, заказвалі стыльныя курткі-каўбойкі і кепкі-васьміклінкі для таго, каб апрануць на танцы. Дзяўчатам жа больш патрэбны былі паліто, людзям старэйшага ўзросту камізэлькі-паддзёўкі з шынэльнага сукна.

— Тата быў майстар на ўсе рукі, — успамінае яго дачка Ніна Лымарава. — Усё сам рабіў: касіў, шыў, сталярнічаў, будаваў… Сам нарыхтоўваў сена для жывёлы, мы ж тады трымалі карову, авечак і трусоў. Кожную раніцу накошваў травы і прыносіў трусам, а іх у нас іншым часам гадавалася каля сотні. Усе гаспадарчыя пабудовы тата зрабіў сваімі рукамі, дапамагаў у будаўніцтве і аднавяскоўцам. Зрабіў лепшую ў вёсцы лазню, выкапаў студню — і ўсё на кастылях. Дзеля адной толькі справы мы прасілі людзей — хадзіць за канём.

Толькі з пачаткам перабудовы стаўленне да былых ваеннапалонных у грамадстве і дзяржаве кардынальна змянілася — іх прызналі паўнапраўнымі ветэранамі вайны. З таго часу на Дзень Перамогі ў Івана Крывяля слёзы на вачах цяклі не ад горкай крыўды, а ад радасці, што застаўся жывы, прайшоўшы праз пекла вайны, ад памяці пра сяброў і землякоў, што назаўсёды засталіся ляжаць на палях баёў, на чужыне ў лагерах ваеннапалонных. Гэта былі слёзы прызнання, што і ён, радавы 37-га танкавага палка 39-й арміі, — заслужаны ветэран.

Іван Крывель пайшоў з жыцця ў 1998 годзе.

Васіль МАТЫРКА

На здымку: крайні справа — Іван Крывель, радавы 37-га танкавага палка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.