Футбольная каманда з Лепельскага дзяржпрафліцэя перамагае трэці год запар

298=0 “Тебе судьбу мою вершить, тебе одной меня судить, команда молодости нашей…” Гэта пра іх – Руслана Міхаля, Сашку Герцыка, Жэньку Бірукова, Дзімку Стаіна ды іншых. І, вядома ж, пра Пашку Насаўца – іх капітана… Капітана зборнай каманды Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя па футболе.

Разам яны другі год, і хоць, як самі прызнаюцца, неаднойчы “перасякаліся” на матчах, аднак знаёмымі пераважна не былі. Знаходзіліся “на процілеглых баках барыкад” — ігралі ў розных камандах, кожны за сваю школу, сустракаліся на футбольных баталіях раённага маштабу, гартавалі-спялілі ў сабе лепшыя спартыўныя якасці, каб разам сабрацца ў Лепелі ў зборную, якая не любіць і не ўмее прайграваць. А хіба не так?

Вось ужо каторы год у маі ліцэй прымае футбалістаў. Стала добрай традыцыяй праводзіць турнір па міні-футболе на прыз дзяржпрафліцэя. Вось і сёлета сабраліся пяць футбольных каманд. Прыехалі падлеткі з СШ №1, гімназіі, Заслонаўскай школы і аграрна-тэхнічнага каледжа. Тут трэба заўважыць, што ў іншыя гады каманд збіралася болей. Аднак гаспадары турніру ўпарта не хочуць аддаваць Кубак першынства камусьці іншаму, прынамсі, тры апошнія гады запар перамагаюць. Вось і сёлета капітан Пашка Насавец урачыста трымаў над галавою кубак турніру. Такія вось яны – упартыя, акрыленыя футболам, мэтаскіраваныя. Перамогу нікому не аддаюць.

На турніры назвалі лепшых. Павел Насавец прызнаны лепшым абаронцам. Варатаром і нападаючым — футбалісты  з іншых каманд Раман Палонскі і Аляксандр Котаў.

А потым елі “салодкія прызы” – тарты, заваяваныя ў чэсных спартыўных змаганнях на маленькім футбольным полі. Хлеб, зароблены ўласным потам, заўсёды смачны…

Мы доўга гутарылі. Я хацеў бліжэй пазнаёміцца з кожным, каб зразумець натуру, характар гэтых апантаных футболам хлопцаў з ліцэя, зразумець псіхалогію перамогі. Аднак яны нічым, здавалася, не былі адметнымі. Звычайныя шаснаццаці- і сямнаццацігадовыя падлеткі, большасцю з вёсак, некаторыя з аграгарадкоў. На іх маленькай радзіме, дзе прайшло дзяцінства, часцей пазачыняліся школы, параслі травою забыцця школьныя стадыёны. І справа нават не ў забыцці, а ў тым, што моладзі ў вёсках небагата, не засталося каму па тых стадыёнах мяч ганяць, вось і зарастаюць. Аднак як толькі збіраецца хоць сабе і невялікая каманда, асабліва ўлетку, калі ў вёску прыязджаюць “гарадскія ўнукі”, дзеці зноў адваёўваюць сабе ў травы хоць невялікую футбольную пляцоўку і – пагналі…

Кола іх захапленняў даволі шырокае і разнастайнае. Пашка займаецца футболам вось ужо гадоў шэсць. Яму прасцей – ён гарадскі, ходзіць на секцыю ў спартыўную школу. Жэнька з Дзімам, акрамя ўсяго, яшчэ і рыбакі. Пасядзець на беразе возера з вудачкай, а то і са спінінгам – святая справа! У Жэнькі ёсць і іншае спартыўнае захапленне, хлопец рослы, спрытна гуляе ў валейбол. Нечаканы неспартыўны талент праявіўся ў Сашы Герцыка – займаецца разьбой па дрэве, нават гурток наведваў, калі вучыўся ў школе, і яго работы траплялі на раённыя выставы. А яго цёзка  Саша Міхаль нейкі час нават вучыўся ў школе алімпійскага рэзерву. Праўда, пасля абставіны склаліся так, што давялося пакінуць. Спартыўную школу пакінуў, а са спортам не развітаўся.

Звычайныя падлеткі, якіх аб’яднаў футбол. Скажу больш, спорт, прынамсі, у ліцэі, дзе ён на пачэсным куце, з’яўляецца фактарам выхаваўчым. Вось гэтыя пацаны, выхадцы з аддаленых неперспектыўных вёсачак, сабраўшыся разам на футбольным полі навучальнай установы, куды яны прыехалі атрымаць працоўныя прафесіі, у дадатак атрымалі імпульс жыццёвай энергіі. Менавіта ў ліцэі яны паверылі ў свае сілы, апярыліся і “сталі на крыло”. А гэта так важна на парозе дарослага жыцця, у якое яны неўзабаве акунуцца.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: футбольная каманда дзяржпрафліцэя.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.