«Аўкцыён думак» на Лепельшчыне прысвяцілі сямейным каштоўнасцям і праблеме абортаў

У раённай бібліятэцы адбыўся “Аўкцыён думак”, прысвечаны сямейным каштоўнасцям і праблеме абортаў. На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы дзяржпрафліцэя і сярэдняй школы №1. Перад слухачамі выступілі святар храма Праабражэння Гасподня іерэй Сергій Ляшкевіч, урач акушэр-гінеколаг раённай ЦРБ Марына Фамічова, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Алена Бельская.

Марына Валянцінаўна звярнула ўвагу на тое, які гэта адказны крок у жыцці — планаванне цяжарнасці. Правільнае харчаванне, адмова ад шкодных звычак, прагулкі па свежым паветры — і дзіця вырасце прыгожым і здаровым. Цяжарнасць будучай маці не павінна быць спантаннай. Кожная пятая пара зараз мае праблемы, якія звязаны з бясплоддзем. Нашы дзеці — гэта кветкі жыцця, і, як любое хараство, трэба з самага пачатку расціць іх у асяроддзі любові і радасці.

Алена Канстанцінаўна прывяла статыстычныя даныя. Апошнім часам больш за дзвесце маладых сем’яў за год пачулі марш Мендэльсона. Прыкладна пяць-шэсць дзяўчат, якія не дасягнулі шлюбнага ўзросту выхо­дзяць замуж. Аднак для жадаючых “збегаць пад вянец” як мага раней статыстыка не абяцае доўгага і шчаслівага жыцця. Сямейная лодка прыкладна сямідзесяці працэнтаў такіх пар разбіваецца аб камяні быту.

Пра самую неабходную частку шлюбу, яго духоўную абалонку, расказаў іерэй Сергій. Усё, што пачынаецца з бруду, заканчваецца брудам, з граху — грахом, з пяшчоты — пяшчотай. Калі ваша дзіця нараджаецца па-за шлюбам ці, што яшчэ горш, дзяўчына адважваецца на штучнае спыненне цяжарнасці, не чакайце шчаслівых імгненняў будучыні. За ўсё ў жыцці прыйдзецца плаціць, пра гэта варта памятаць. Моцны шлюб магчымы, толькі калі блізкія людзі маюць духоўную еднасць.

Ішла гаворка і пра так званы “грамадзянскі” шлюб. Аднак каханне — гэта, перш за ўсё, адказнасць за блізкага чалавека. Ніякай адказнасці такое сужыцельства не прадугледжвае. “Грамадзянскі” шлюб — сурагат сямейнага шчасця.

Іерэй Сергій закрануў і праблемы здрад, скасаванняў шлюбаў. Каханне — гэта подзвіг самаахвярнасці. І толькі ў тым выпадку, калі ты аддасі ўсяго сябе без астатку, яно прыйдзе да цябе.

Яўген МУДРЫ.

 На здымку: святар храма Праабражэння Гасподня іерэй Сергій Ляшкевіч.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.