А есть ли подшипники на замену?

У КУВСГП “Лепельскае” ідуць апошнія падрыхтаванні да выезду ў поле: рамантуецца глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, правяраюцца запасы насення, угнаенняў. Варта зазначыць, што пасяўныя работы ўжо пакрысе пачынаюцца. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Аляксея Раманенкі, з 700 гектараў, запланаваных пад сяўбу траў, на момант гутаркі ўжо былі засеяны 350. У асноўным засейваліся палі з азімымі культурамі, якія потым, пасля ўборкі, мяркуецца пакінуць пад залужэнне, для сенажацяў і пашаў.

img_2242 Уся запланаваная сума плошчаў пад веснавую сяўбу ў “Лепельскім” уражвае. Акрамя названых вышэй 700 гектараў пад травы мяркуецца засеяць 200 гектараў яравога рапсу, 400 га — кукурузы, аднак самы вялікі клін — пад зерневыя і зернебабовыя (каля 1150 гектараў), усяго не менш за 2460 гектараў — унушальная плошча. Каб вытрымаць аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і адолець яе за 30 дзён, трэба засяваць не менш як па 82 гектары за дзень.
Нягледзячы на раннюю вясну і зыркае сонейка, работнікі “Лепельскага” актыўна выязджаць на палі не спяшаюцца. Прычын затрымкі некалькі. Тут і не прасохлая гразь на палетках. Падобныя вымачкі асабліва небяспечны для магутных энерганасычаных трактароў МТЗ-3022 з прычапнымі пасяўнымі агрэгатамі АПП-6. Трактар важыць дзесяць тон, крыху менш — загружаны зернем агрэгат. Калі такая тэхніка загразне ў пераўвільготненай глебе, то каб выцягнуць яе, спатрэбіцца яшчэ пара такіх жа магутных трактароў, а то яшчэ і каўшовы пагрузчык, каб падкапаць.
Другая прычына — недахоп дызельнага паліва. Пакуль што набытага паліва хапае толькі для працы жывёлагадоўчых аб’ектаў ды патроху можна назапашваць для работы ў полі.
Яшчэ адзін немалаважны стрымліваючы момант — недахоп хімпрэпаратаў для апрацоўкі збожжа і палеткаў ад пустазелля. Аляксей Раманенка сказаў, што “Лепельскаму” для набыцця гербіцыдаў на ўвесь сезон палявых работ — апрацоўка яравога насеннага матэрыялу, апрацоўка па некалькі разоў азімых і яравых зерневых культур, кукурузы, рапсу — патрэбна каля 200 тысяч рублёў.
Пры гэтым ёсць фірмы, якія згодны прадаць хімпрэпараты з адтэрміноўкай плацяжу да 180 дзён. Але пры гэтым і цана можа ўзрастаць да 20-30 працэнтаў.
Аднак, нягледзячы на цяжкасці, механізатары КУВСГП “Лепельскае” ўжо зрабілі першыя выезды ў поле. У дзень прыезду карэспандэнта, зранку, браты Васіль і Сяргей Казіцкія якраз займаліся рамонтам плугоў. Дакладней, на агрэгаце патрабавала замены апорнае кола. Механізатары знайшлі пакрышку і камеру і займаліся перабарціраваннем. Пазней выявілася, што і падшыпнікі ў ступіцы патрабуюць замены, ступіца на восі віхлялася. Калі падшыпнікі не замяніць, то кола можа папросту адваліцца на дарозе ці ў полі.
— А ці ёсць падшыпнікі на замену? — пытаюся ў Сяргея.
— Ёсць, інжынер выдаў.
Ля другой рамонтна-механічнай майстэрні даводзіў да ладу пасяўны агрэгат механізатар Мікалай Канашкоў. На колах, дысках, сашніках былі камякі свежай зямлі — відаць, што агрэгат нядаўна працаваў. Мікалай Іванавіч пацвердзіў маю версію:
— Так, некалькі дзён таму выязджаў на поле ля вёскі Кордзікі. І хаця засеяў зусім няшмат, толькі каля двух гектараў аўса, лічу, што выезд гэты быў вельмі патрэбны і карысны. Пасля яго павылазілі ўсе недаробкі. Пакуль што ёсць час іх выправіць, адрамантавацца, чым, уласна, зараз і займаюся.
— У прыватнасці, што рамантуеце?
— За кожным апорным колам па тэхналогіі павінны ісці два культыватарныя зубы, якія разрыхляюць след. Летась яны зламаліся, няма наканечнікаў. Стаўлю новыя.
— Бачу, на раме навараны “касынкі” з тоўстага ліставога металу…
— Гэты элемент рамы ў мяне трэці! Пры тым, што агрэгат выпушчаны толькі ў ліпені 2014 года. Нагрузкі настолькі вялікія, што метал рамы не вытрымлівае. У адной з гаспадарак разбіралі на металалом канчаткова няспраўны пасяўны агрэгат. Дык я выпрасіў у іх секцыю рамы. Аднак спачатку зваршчык па маёй просьбе ўмацаваў слабыя месцы металічнымі “касынкамі”. Сезон агрэгат адпрацаваў бездакорна. Спадзяюся, што і надалей будзе так.
МТЗ-3022 у счэпцы з пасяўным агрэгатам АПП-6 — галоўная ўдарная сіла гаспадаркі на пасяўной. Гэтую думку пацвярджае Мікалай Канашкоў:
— Я магу за дзень засяваць 30 гектараў і нават больш. Усё гэта пры ўмове, што глеба папярэдне добра падрыхтавана: пераарана, чызельны культыватар прайшоў з баронамі ў два сляды. У адваротным жа выпадку я вымушаны на трактары валюхацца па ворыве, так за дзень засею толькі 15 — 20 гектараў. Пры прыблізна тым жа расходзе паліва.
Прычына веснавых прастояў у недахопе ў сельгаспрадпрыемстве абаротных сродкаў на пакупку дызельнага паліва.
Усяго ў “Лепельскім” у наяўнасці тры спраўныя адзінкі пасяўной тэхнікі: два пасяўныя агрэгаты АПП-6 і адзін Lemken. АПП адным праходам засявае паласу шырынёй шэсць метраў, а Lemken — тры. Калі глеба будзе падрыхтавана як след і не будзе перабояў у забеспячэнні дызельным палівам, агрэгаты могуць засяваць па 80 — 90 гектараў за дзень.
Аднак пры ўсіх цяжкасцях дырэктар КУВСГП “Лепельскае” Раман Міснік, спецыялісты прыкладваюць усе намаганні, каб набыць у першую чаргу паліва, запасныя часткі і расходныя матэрыялы. Усе разумеюць важнасць, што ўпускаць спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны сяўбы — недазваляльная раскоша.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Мікалай Канашкоў рамантуе пасяўны агрэгат.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.