А как солдаты со службой прощаются, с какими чувствами оставляют они слаженный боевой коллектив?

img_8595Пра тое, як маладыя салдаты прыходзяць на службу ў вайсковыя часці, прымаюць ваенную прысягу, уліваюцца ў баявую службу, газета пісала неаднойчы. А як салдаты са службай развітваюцца, з якімі пачуццямі пакідаюць яны зладжаны баявы калектыў, якому аддалі не адзін месяц жыцця, новых сяброў? На некаторыя пытанні змог даць адказ. 

Вайсковая часць пастроена. Камандзір аддае загад: “Пад Баявы Сцяг СМІРНА!”. Гучыць урачысты марш. А потым аддаецца загад не зусім прывычны: “Ваеннаслужачыя тэрміновай службы, якія выслужылі належныя тэрміны, выйсці са строю!”.
Каля 30 салдатаў і сяржантаў пакідаюць шэрагі 231-й артылерыйскай брыгады. Камандзір брыгады падпалкоўнік Аляксей Хахлоў сказаў пра іх некалькі добрых слоў:
— Таварышы салдаты і сяржанты, заканчваецца навучальны год, заканчваюцца вашы тэрміны службы. За гэты час мы разам адслужылі на цвёрдую адзнаку “добра”. Не было дапушчана грубых парушэнняў воінскай дысцыпліны, брыгада паспяхова выканала пастаўленыя перад ёй задачы, вы паказалі сябе сапраўднымі ваеннаслужачымі. Упэўнены, што ў цывільным жыцці вам спатрэбяцца навыкі, атрыманыя на вайсковай службе. А зараз — самае прыемнае.
За час службы многія салдаты вызначыліся на палігонах, на вучэннях, пры правядзенні стрэльбаў і пераходаў. Ім былі ўручаны падзячныя лісты ад камандавання. Завяршылася ўрачыстая частка, як і заведзена ў арміі, урачыстым праходжаннем пад аркестр.
Крыху пазней папрасіў камандзіра падрабязней распавесці пра адыходзячы прызыў.
— На маю думку, гэта лепшы прызыў, з якім я служыў у Бароўцы, — кажа Аляксей Міхайлавіч. — Вядома, не з усімі кантактаваў непасрэдна пад час службы, правядзення вучэнняў і іншых мерапрыемстваў, аднак магу сказаць з цвёрдай упэўненасцю, што сяржанты вельмі неблагія. Спачатку самі авалодвалі ведамі, вывучалі баявую тэхніку, метады і прыёмы прымянення яе, паказвалі выдатныя вынікі на палігонах, а потым самі перадавалі вопыт моладзі. Пры гэтым не дапускалі парушэнняў вайсковых статутаў, праяўлялі разумную ініцыятыву. Мінулы год быў вельмі насычаны ў плане палігонаў, вучэнняў. Асабліва значным быў “Захад-2017”. Усе ваеннаслужачыя брыгады годна паказалі сябе.
Асобна пагутарыў з хлопцамі з Лепельскага раёна. Першым пра сябе распавёў старшы сяржант Ілья Караеўскі:
— Да прызыву на службу паспеў скончыць дзяржаўны прафесійны ліцэй і папрацаваць дарожным рабочым у ДЭУ-37. У брыгадзе даслужыўся да пасады камандзіра аддзялення-акумулятаршчыка. Служу ў рамонтнай роце. За паўтара года пабываў на трох палігонах: у сакавіку — летась, затым восенню ўдзельнічаў у “Захадзе-2017”, а нядаўна, у сакавіку, зноў былі на палігоне.
— А я вас памятаю, — адразу сказаў другі суразмоўца. — Летась у пачатку чэрвеня вы прыязджалі да нас на прысягу. Я — Арцём Фомічаў з Бароўкі. Пасля заканчэння ВНУ, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, я адслужыў год, хутка звальняюся. А зараз сяржант, камандзір аддзялення, аператар вылічэння рэактыўнага артылерыйскага дывізіёна.
— Якія планы пасля звальнення?
— Вярнуся дахаты, у Лепель, — адказвае Ілья. — Пайду працаваць у ДЭУ-37, працоўнае месца ж за мной захоўваецца.
— А прапановы застацца на кантракт не было?
— Прапаноўвалі, але адчуваю, што вайсковая служба ўсё ж не для мяне. Хаця Сямён Яромаў з Віцебска, з якім мы сталі добрымі сябрамі, выказаў такое жаданне і падпісвае першы кантракт.
— А ты, Арцём?
— Я з самага пачатку ведаў, што пачэсны абавязак — адслужыць у войску. Тут не можа быць ніякіх агаворак. Аднак мая грамадзянская спецыяльнасць не мае ніякага дачынення да службы. Да прызыву я працаваў на будаўніцтве метро ў Мінску. Па спецыяльнасці геадэзіст, а на тым месцы працы стаў яшчэ і маркшэйдарам, адказваў за вядзенне праходкі пры падземных работах. Хачу вярнуцца да той працы. Ды і жонку Анастасію, таксама геадэзіста, хачу забраць з яе роднага Віцебска ў Мінск.
Літаральна на другі-трэці дзень пасля ўрачыстага мерапрыемства пачаліся адпраўкі першых салдатаў дахаты. Таму дадзеную заметку Арцём, Ілья і дзясяткі іх сяброў-аднапалчан прачытаюць ужо дома.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.