А после был Талды-Курган, где их готовили к отправке в Афганистан

sdc19683Павел Ханяк — лётчык. Сорамна, але я і не ведаў. Прынамсі, тады, калі браў у яго першае інтэрв’ю як у старшыні раённай ветэранскай арганізацыі, Павел Леанідавіч пра сваю прафесію нічога не сказаў. Відаць, з-за сціпласці. Маўляў, якое ж дачыненне маюць яго самалёты да спраў сённяшніх ветэранскіх. Было гэта акурат пяць гадоў таму, у лютым дванаццатага года. Арганізацыя адзначала чвэрць стагоддзя свайго існавання. Сышоў з жыцця папярэдадні яе кіраунік Валерый Пятунін. Новы адразу ж, закасаўшы рукавы, заглыбіўся ў справы надзённыя. Стварылі працоўную групу з пятнаццаці чалавек па ўвекавечанні памяці загінулых.
Павел Леанідавіч паведаміў, што на тэрыторыі раёна пяцьдзясят два воінскія захаванні, дзе ляжаць 5088 чалавек, з іх вядомы імёны 932 абаронцаў Айчыны. Распавёў, як яны праз інтэрнэт шукаюць сваякоў загінулых. Прынамсі, тады шукалі сваякоў Віктара Крупскага, які, па некаторых звестках, быў спалены ў Лепелі. На жаль, нічога не знайшлі. Віктар прапаў без вестак у сорак чацвёртым ля Матырына.
Гаварылі таксама пра адпачынак ветэранаў, пра стасункі з моладдзю, пра ўганараванне жанчын да Восьмага сакавіка (цалкам інтэрв’ю можна прачытаць у газеце за 7 лютага 2012 г.) Ці да самалётаў тут?
Ханяк пакіраваў ветэранскай арганізацыяй нядоўга, падвяло здароўе.
І вось мы зноў з ім сустрэліся, ужо не ў службовым кабінеце, а ва ўтульнай яго кватэры на Гагарына. Перабіраем сямейны альбом, разглядваем фотаздымкі, няспешна гутарым.
— Можна было б тады і застацца, але я вырашыў, што не варта хвораму чалавеку быць “вясельным генералам”, хай папрацуюць маладзейшыя.
“Вясельным генералам” ён у жыцці быць не прывык. Павел Ханяк — ваенны лётчык. Родам з Катоўшчыны. Пасля школы (вучыўся ў Камені) паступіў у Чарнігаўскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя Ленінскага камсамола. З шэсцьдзясят дзявятага па семдзесят восьмы служыў на Далёкім Усходзе. Лятаў на самалётах А-29, МІГ-15, МІГ-17, затым — на СУ-7 і СУ-17, пасля перасеў на МІГ-23 і МІГ-27 — гэта ўжо звышгукавыя знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі.
Павел — чалавек неба. Вось жа дабіўся свайго просты вясковы хлопец, асвоіў такую рамантычную прафесію. Дарэчы, у семдзесят сёмым ён атрымае ордэн “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР”. Ордэны вайскоўцам так проста не даюць. У небе здараецца ўсялякае, і не толькі рамантыка суправаджае ў аблоках ваенных лётчыкаў. Аднаго разу пры пасадцы адарваўся тармазны парашут. Самалёт з хуткасцю сто пяцьдзясят кіламетраў у гадзіну імчаўся насустрач пагібелі. Усё рашалі долі секунды. Павел паспеў даць каманду падняць АТП (аварыйныя тармазныя прыспасобы). Усё закончылася нармальна. Ніколі яшчэ, як у той дзень, зямля не здавалася Паўлу такой маленькай і ўтульнай, такой жаданай.
А пасля быў Талды-Курган, дзе іх рыхтавалі да адпраўкі ў Афганістан. Праўда, у той час, калі баявыя сябры апынуліся ў Афгане, Ханяк ужо быў у Германіі. Геаграфія лёсу ваеннага чалавека зменлівая і непрадказальная. Затым служыў у Шаўляі, там займеў сям’ю, атрымаў добрую трохпакаёвую кватэру ў зручным мікрараёне. Вось толькі ўладкавацца на працу ў Літве адстаўніку і яго жонцы было няпроста. Гэта ўжо была асобная краіна, і трэба было ведаць літоўскую мову. Вырашылі вяртацца на Радзіму.
У Лепелі купіў кватэру, доўгі час працаваў у ліцэі ваенруком, больш як два гады ўзначальваў ветэранскую арганізацыю, да чарговага юбілею якой Паўла Леанідавіча ўзнагародзілі дыпломам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, як сказана ва ўзнагародным лісце, “за актыўны ўдзел у рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення і па абароне інтарэсаў пажылых людзей і садзеянні прафсаюзным органам у згуртаванні грамадства”. Уручылі прыгожы гадзіннік. Думаецца, ён яшчэ доўга паслужыць ваеннаму лётчыку, адмяраючы час яго зямных клопатаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.