А при кустарной заготовке выписка стоит немного

img_5232У рэдакцыю патэлефанаваў пенсіянер з вёскі Забароўе Мікалай Іванавіч Кузьмічонак:
— Шаноўная рэдакцыя, дапамажыце разабрацца. Як заўсёды, перад пачаткам зімы збіраўся нарыхтаваць сабе дроў, балазе маю сілы, бензапілу і транспарт для падвозу. У даўнейшыя гады калгасы мелі свае лясныя ўгоддзі, адкуль мясцовым жыхарам па прымальных цэнах дазвалялася высякаць алешнік сабе на дровы. Зараз амаль усе лясы і кусты пераведзены ў дзяржаўны лясны фонд. Між тым непадалёк ад Забароўя ёсць масіў алешніку, можна там нарыхтаваць дроў. Я звяртаўся ў розныя інстанцыі, каб мне дапамаглі аформіць дакумент, згодна з якім можа было б для ўласных патрэб нарыхтаваць дроў. Набыць дровы, у прынцыпе, можна ў гарпалівазбыце або лясгасе, прывязуць папілаваныя і нават пасечаныя. Аднак заплаціць за пілаванне і рассяканне давядзецца немалую суму. А пры саматужнай нарыхтоўцы выпіска каштуе няшмат, застаецца толькі як след папрацаваць. Дапамажыце, калі ласка, растлумачце, у якую арганізацыю звяртацца, каб выпісаць дровы паблізу.
Найперш аўтар звярнуўся ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, там суразмоўцам стаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Клундук:
— Сапраўды, у савецкія часы калгасы мелі свае лясныя ўгоддзі, аднак каля 15 гадоў таму яны былі перададзены ў дзяржаўны лясны фонд, пад ведама лясгаса. На сёння ў нас адладжана практыка ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады, так што бюракратыю стараемся звесці да мінімуму, асабліва каб менш з ёй судакранаўся чалавек. Грамадзяніну дастакова звярнуцца з заявай у мясцовы сельвыканкам, астатняе мы зробім самі.
Па выкліку старшыні сельвыканкама на месца выязджае наш спецыяліст, які дае заключэнне і выпісвае дазвол для грамадзяніна на самастойную нарыхтоўку дроў. Праз сельвыканкам дакумент перадаецца грамадзяніну. Пры гэтым ёсць дзве заўвагі. Даныя працэдуры праводзяцца на працягу некалькіх дзён, трэба будзе пачакаць. Па-другое, не заўсёды масіў, дзе будзе дазволена саманарыхтоўка дроў, знаходзіцца паблізу населенага пункта, дзе жыве чалавек. Скажам, Каменскае лясніцтва праводзіць лесатэхнічныя мерапрыемствы пераважна каля Халімонава, туды і давядзецца ехаць па дровы. Ці са Стай трэба будзе ехаць ажно пад Пышна. А ўвогуле лясгас выдзяляе дастаткова дроў для самастойнай нарыхтоўкі. З пачатку года такім чынам было рэалізавана: у Заазерскім лясніцтве — 688 кубаметраў дроў, у Стайскім — 718, у Слабадскім — 1305, у Валосавіцкім — 277, у Каменскім — 556. Так што механізм адпрацаваны, праблем ці цяжкасцяў не бачу.
— Сустрэчная прапанова. На працягу лета, калі актыўна нарыхтоўка дроў не вядзецца, можна было б спецыялістам лясгаса разам з работнікамі сельвыканкамаў аб’ехаць тэрыторыі і вызначыць па тры-чатыры ўчасткі, якія зараслі кустоўем, алешнікам, дзе вяскоўцам можна было б нарыхтоўваць дровы. У выніку пры звароце грамадзяніна эканоміўся б час, старшыня адразу ўказаў бы яму на бліжэйшы ўчастак…
— Пакуль што ад сельвыканкамаў да нас падобных прапаноў не паступала. З іншага боку, узніклі б непаразуменні з унясеннем аплаты.
* * *
Здавалася б, інфармацыя вычарпальная. Аднак неаднаразова ў размовах звярталася ўвага на кустоўе і алешнік, якія растуць абапал мясцовых дарог. Гэтыя дарогі знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ-202, туды і звяртаюся. На прадпрыемстве мяне скіроўваюць да намесніка дырэктара Аляксея Бараноўскага, які непасрэдна займаецца гэтым пытаннем. У кабінеце на той момант акрамя Аляксея Мікалаевіча быў яшчэ адзін наведвальнік. Прадставіўся:
— Міхаіл Курбацкі, жыхар вёскі Несіна. Выпісваю сабе дровы на саманарыхтоўку.
— Раскажыце, калі ласка, як вы афармлялі.
— Звярнуўся непасрэдна ў ДРБУ-202, паведаміў, што абапал дарогі ад Несіна на Краснае Сяло разраслося кустоўе, папрасіў дазволу спілаваць яго на дровы. Праз некалькі дзён прыехаў Аляксей Міхайлавіч, агледзеў на месцы, вызначыў межы. Сёння я па сваіх справах прыехаў у Лепель, а заадно завітаў і сюды, забраў пісьмовы дазвол. Грошай заплаціў мізэрную суму.
— Мы наладзілі і ўзаемадзеянне з сельвыканкамамі, — працягвае Аляксей Бараноўскі. — Па іх заяўках таксама выязджаем на месцы і выдзяляем вяскоўцам кустоўе і алешнік абапал дарог для саманарыхтоўкі. Гэта выгадна ўсім: мы адчышчаем узбочыны і адхоны дарог ад расліннасці, а вяскоўцы маюць недарагія дровы. Галоўная ўмова — на дзялянцы павінна быць спілавана ўся расліннасць, а не толькі тоўстыя дрэвы на дровы. Аб гэтым мы дамовіліся і з Міхаілам Васільевічам.
Мужчыны ў знак дамовы паціснулі рукі.
* * *
Пытанне аб выдзяленні дроў на саманарыхтоўку задаў і старшыні Каменскага сельвыканкама Мікалаю Сініцыну.
— Я тут ніякіх праблем не бачу, — адказаў Мікалай Мікалаевіч. — Няхай вяскоўцы звяртаюцца, будзем шукаць узаемапрымальныя варыянты. Замінка можа быць хіба толькі ў тым, што дровы выдзяляюцца не блізка ад вёскі, дзе пражывае кожны канкрэтны чалавек, а ў аддаленні.
— Аднак для таго, каб падаць заяву ў сельвыканкам, Мікалаю Іванавічу трэба будзе ехаць з Забароўя ў Камень…
— І зноў няма праблем, — парыраваў суразмоўца, — з Забароўя ў Камень кожны дзень ездзяць двое ці трое чалавек на працу, можна заяву перадаць з імі, такая практыка ёсць. Асабістая прысутнасць заяўніка пры гэтым не абавязковая.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Аляксей Бараноўскі (злева) і Міхаіл Курбацкі аформілі дазвол на высечку кустоўя абапал дарогі Несіна — Краснае Сяло.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.