А вы знали, что на Лепельщине был подземный госпиталь

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў шэрагах партызанаў  змагалiся і тысячы медыцынскіх работнікаў. Пераважна медыцынскае забеспячэнне партызанскіх фарміраванняў клалася на плечы жанчын-медыкаў. Медыкі праяўлялі не меншы гераізм, чым іншыя байцы-партызаны, калі  разам з іншымі даводзілася хадзіць на баявыя заданні, рызыкуючы жыццём выцягваць з поля боя параненых.

Былы начальнік санітарнай службы брыгады “Жалязняк”, заслужаны ўрач БССР Васіль Ляшчынскі  ўспамінаў: Калі б я мог, я б нашым сёстрам і санітаркам помнік паставіў. З чыстага золата… Аб сабе не думалі, прама ў рукі да фашыстаў лезлі, калі трэба было раненых з-пад агню выцягнуць”.

У кастрычніку 1943 года, па распараджэннi камандавання,  шпіталь брыгады “”Жалязняк” размясціўся ў  лепельскай вёсцы Саўскі Бор, амаль што ў самым цэнтры Бярэзінскага запаведніка, у цяжкадаступных для ворага мясцінах.  Асобныя службы шпіталя размясціліся ў вясковых хатах, у адной з іх была арганізавана аперацыйная. Але ў хуткім часе немцы  раскрылі месца рамяшчэння шпіталя. На Саўскі Бор наляцелі варожыя самалёты, і амаль поўнасцю спалілі вёску.

Камандзір брыгады Ціткоў аддаў каманду перадыслацыраваць шпіталь у лес, далей ад населеных пунктаў, дзе было больш магчымасцей яго замаскіраваць. Такім чынам, партызанскі шпіталь размясціўся ў адным з урочышчаў, за некалькі кіламетраў ад Саўскага Бору.

У шпіталі працавалі ўрачамі Рыгор і Яніна Сярнікавы, медсёстрамі Ядзвіга Саковіч, Сафія Шымановіч. Са жніўня 1942 партызанскай медсястрой стала і Наталля Кульба, якая пачала сваю працоўную дзейнасць у 1938 годзе, дваццацігадовай дзяўчынай. А першы баявы вопыт атрымала падчас савецка-фінскай вайны 1939 – 1940 гг.

Самыя страшныя дні медсёстрам і санітаркам брыгаднага шпіталя прыйшлося перажыць вясной  1944 года, падчас карнай аперацыі “Баклан”. У цяжкім становішчы апынулася некалькі партызанскіх фарміраванняў, у тым ліку і брыгада “Жалязняк”, якія базіраваліся ў Домжарыцкіх балотах. Воінскім фарміраванням Вермахта і паліцэйскім падраздзяленням была пастаўлена задача ачысціць ад партызанаў  прыфрантавую тэрыторыю. Таму і лезлі яны ў пошуках “лясных бандытаў” у самыя непраходныя мясціны. Такім чынам навісла небяспека і над лясным шпіталям. Боеспасобныя атрады брыгады “Жалязняк”, каб пазбегнуць блакіроўкі, адышлі з домжарыцкіх балот.  Параненых і хворых было вырашана пакінуць у падземным шпіталі. Партызанамі былі выкапаны дзве невялікія зямлянкі. У метр вышынёй, шырынёй у два і ў даўжыню метраў 10. Па сутнасці, дзве вялікія ямы. У адну змясцілі хворых тыфам, у другую-параненых. Яны маглі толькі ляжаць, медсёстры перасоўваліся паўзком. Адзін ад аднаго зямлянкі знаходзіліся за паўкіламетра.

З успамінаў Васіля Ляшчынскага: “ Думаў я, што сясцёр угаворваць прыйдзецца. А Наташа Кульба – прыгажуня была такая, што вачэй не адвесці,  – гаворыць: “Не трэба, Васіль Іванавіч, нас прасіць. Трэба, значыць трэба. Мы застаёмся з хворымі і раненымі.” І яны засталіся – Наташа Кульба, Ліда Радзівон, Надзея Церах, Ефрасіння Грыбаедава. І тры санітаркі з імі – Ліда Балбукова, Лукер’я Пярэдня, Тоня Пярэдня.”

Васямнаццаць дзён пад зямлёй. Але вынік быў варты таго – некалькі дзясяткаў выратаваных жыццяў. На тое, што атрымаецца выратавацца ад немцаў амаль не было ніякай надзеі. Але дзякуючы стойкасці і самаахвярнасці гэтых мужных жанчын атрымалася здзейсніць немагчымае – выжыць!

Валерый Тухта.

На здымках:

1. Адноўленая зямлянка  ляснога шпіталя

2. Партызанская медсястра – Наталля Кульба.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.