Абавязак душы

Нядаўна ў Забалацці… плакалі. Чаму? Ды проста так, у двух словах і не раскажаш. Здавалася б, якая тут падстава для слёз. Дзякуй богу, не на хаўтуры сышліся вяскоўцы ў адзін з двароў, а калі дакладней, на двор да старэйшыны вёскі Валянціны Міхно. Ды і надвор’е ўзнімала настрой: дзянёк асенні быў як пад заказ.485
Кастрычнік, першы дзень якога наступіў, пазалаціў дрэвы. Сонейка, не па-асенняму яркае, ласкава ўсміхалася ўсім роўна: і дзецям, і дарослым, і гасцям, і гаспадарам. У невялікае пенсіянерскае Забалацце раптам прычаліла цэлая дэлегацыя: вучні і настаўнікі Поўсвіжскай школы, ансамбль “Таўкачыкі” мясцовага Дома культуры. Прыбылі госці з нагоды двух святаў, якія ўпрыгожылі першы ты­дзень кастрыч­ніка, — Дня пажылых людзей і Дня настаўніка. Прыехалі, каб павін­шаваць былую настаўніцу, а разам і ўсіх жыхароў вёскі. Балазе практычна ўсе яны людзі пажылыя.
Колісь Валянціна Рыгораўна настаўнічала ў Поўсвіжскай сярэдняй школе. Аднак і пасля таго, як стала пенсіянеркай, ні яна не забыла дарогі ў школу, ні школа пра яе не забылася. Запрашалі на святы, выступала перад вучнямі. Адным словам, актыўны лад жыцця вяла і вядзе пенсіянерка, дапамагаючы і зараз выхоўваць дзяцей. Трэба сказаць, што і сваіх дзяцей Валянціна Рыгораўна выхавала людзьмі прыстойнымі, паважанымі. Аксана ў Полацку працуе поварам-кандытарам. Ігар — індывідуальны прадпрымальнік у Лепелі. Чацвёра ўнукаў і ўнучка радуюць шчаслівую бабулю. Аднак не меней радасці ў бабы Валі і ад спраў грамадскіх. Нездарма ж да яе цягнуцца аднавяскоўцы. Нездарма ж і зараз на канцэрт на яе падворку сабралася не меней як пятнаццаць забалацкіх бабуль.
Зайграла на цымбалах Наталля Мазго. Заспявалі дзеці — Афіна Шмялёва, Таццяна Драпеза, Дзіяна Бондарава ды іншыя. Акампаніраваў ім мастацкі кіраўнік Аляксандр Міхно. Трывалі-трывалі бабулькі, дый не вытрымалі, самі заспявалі. А пасля — і заплакалі. Асабліва калі персанальна для старэйшыны, а фактычна для ўсіх загучала песня “Дорогие мои старики”. Як тут стрымаешся! Асенні дожджык не праліў бы ў Забалацці столькі прачулых слёз, колькі нарабіў нечаканы візіт з канцэртам поўсвіжскіх самадзейных артыстаў.
Мы шмат увагі надаём рабоце з пажылымі людзьмі, аказваем дапамогу ім. Але пры гэтым маем на ўвазе менавіта дапамогу практычную, бытавую: пасекчы дровы, прынесці вядро вады са студні, справіцца на агародзе. Усё так, усё правільна. Часам пажылыя людзі маюць патрэбу і ў такой дапамозе. Аднак часцей знаходзіцца каму пазавіхацца на падворку: то сваякі дапамогуць, то суседзі. Дый саромеюцца сціплыя старыя клікаць на дапамогу чужых. Людзі яшчэ таго, працавітага, веку прывыклі абыходзіцца сваімі сіламі. А патрэбу нашы бабулі і дзядулі часцей маюць у дапамозе іншай — маральна-псіхалагічнай. Сядзяць сабе, займаюцца гаспадаркай. З камп’ютарам, як моладзь, не сябруюць, іншага яны веку людзі. Хіба што тэлеві­зар доўгім асеннім ці зімовым вечарам парадуе якім серыялам. І ці калі яны выберуцца ў клуб на канцэрт!
А таму ў Поўсвіжы вырашылі паставіць працу з пажылымі людзьмі на паток, пабудаваўшы яе па прынцыпе “Не хлебам адзіным”. А таму не першы і не апошні падобны канцэрт. Намеснік дырэктара школы Святлана Карабань і педагог-арганізатар Ірына Хадатовіч распавялі пра планы піянерскай дружыны “Брыганціна”. Запланаваны працоўныя дэсанты, якія будуць праводзіцца не для справа­здачы, а па меры неабходнасці, па запатрабаванні. Піянеры працягнуць збор інфармацыі пра жыццё і працоўную дзейнасць пажылых людзей. Дагэтуль у тым жа Забалацці яны ўжо наведвалі Валянціну Ільінічну Дарафееву, якая ў гады вайны апынулася ў фашысцкай няволі. Распытвалі бабулю, заадно і дапамаглі ёй па гаспадарцы. Школа шэфствуе над дзевяццю ветэранамі працы, якіх дзеці рэгулярна наведваюць, віншуюць са святамі, запрашаюць на ўрачыстасці.
Дапамога пажылым людзям — гэта яшчэ і абавязак душы, а таму не па чыёйсьці ініцыятыве, а сама па сабе дзевяцікласніца Лена Мазго апекавала адзінокую суседку, бабулю Вольгу Шохіну — ха­дзіла ў магазін, ваду са студні прыносіла, пакуль тую не аформілі ў сацыяльную палату. А Дзіяна Бондарава дапамагае дзядулю Апанасу Качану.
І не верце, хто кажа, што моладзь зараз практычная, прагматычная, без аблічча ды без душы. Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Чуласць — вялікі дар, які чалавека ўпрыгожвае і ўзвышае. Шкада, што да­дзены ён не кожнаму.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: канцэрт у Забалацці; юныя артысты Поўсвіжскай базавай школы і цымбалістка Наталля Мазго.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.