Адпачынак на лясной паляне

181Турыстычны комплекс “Ніўкі” Бярэзінскага біясфернага запаведніка размешчаны на маляўні­чай лясной паляне паблізу возера Манец і ўсяго за 200 метраў ад ажыўленай аўтамагістралі міжнароднага значэння Мінск — Віцебск. У дзевяці ўтульных драўляных доміках сядзібнага тыпу, у якіх маюцца ўсе неабходныя бытавыя зручнасці для камфортнага пражывання і цікавага адпачынку на ўлонні непаўторнай мясцовай прыроды, могуць адначасова знаходзіцца 48 чалавек, у тым ліку прадугле­джаны 5-, 6- і 8-месныя нумары. Гэта дазваляе сяліцца тут на выхадныя дні і на больш доўгі час як асобным падарожнікам, так і цэлым сем’ям разам са сваімі дзецьмі, а таксама невялікім турыстычным групам, што сумесна вандруюць па прасторах Беларусі.
Для зручнасці кліентаў прадугледжана магчымаць папярэдняга заказу нумароў для пражывання. Напрыклад, пры маім наведванні Нівак застаў там лесні­коў запаведніка Дзяніса Вашкевіча, Сяргея Гайдука, Васіля Ку­дзерку, Алега Субача, Аляксандра Юрагу на чале з выконваючым абавязкі ляснічага Ражнянскага лясніцтва Уладзімірам Шуневічам, якія вялі бягучы рамонт некалькіх жылых памяшканняў, што патрабавалі пэўнага абуладкавання пасля зімы. Аднак пры гэтым яны паведамілі, што пакуль не будуць займацца нават дробным, нязначным рамонтам чацвёртага гасцявога доміка, бо ў бліжэйшы час у яго павінны засяліцца на даволі працяглы тэрмін мясцовыя турысты па папярэднім заказе.
А ў гэты час у адным з домікаў ужо адпачывала сям’я падарожнікаў-расіян. Побач з жылым памяшканнем стаяла іх легкавая аўтамашына. Паколькі дзверы ў доміку знутры былі зачыненыя, не рашыўся грукаць у іх, турбаваць замежных вандроўнікаў. Няхай госці спакойна адпачываюць, набіраюцца сіл для далейшага падарожжа па нашай цудоўнай краіне.
Дарэчы, пастаяльцы турыстычнага комплексу “Ніўкі” маюць магчымасць самі рыхтаваць сабе ежу на ўстаноўленых у гасцявых до­міках газавых і электрычных прыборах або пры жаданні наведаць і паласавацца смачнымі, прыгатаванымі на любы густ стравамі ў толькі што пабудаваным тут сучасным кафэ, якое разлічана на 30 пасадачных месцаў.
Падарожнікі актыўна выкарыстоўваюць для адпачынку не толькі адкрытыя веранды, што маюцца ў саміх жылых доміках, але і знаходзяць сабе добрае прыстанішча на тэрыторыі турыстычнага комплексу, дзе можна пася­дзець і падыхаць свежым, чыстым паветрам у прасторнай крытай павеці з драўлянымі, па-мастацку аздобленымі сталамі і лаўкамі.
Вабяць вока, уздымаюць настрой і шматлікія прыгожыя малыя архітэктурныя формы, устаноўленыя навокал, што ярка ілюструюць цікавыя казачныя сюжэты, разнастайныя паводзіны звяроў і птушак ва ўмовах жывой запаведніцкай прыроды. Няўжо не можа не ўзнікнуць неадольнае жаданне перайсці па вузкім мосціку цераз невялікую рэчку, палюбавацца зладкаванай побач прыгожай скульптурай баброў-дрывасекаў, зазірнуць у водную роўнядзь сажалак, у якіх адлюстроўваюцца нябёсы, шпарка плывуць у далячынь белыя аблокі?!

182
Добрыя, спрыяльныя ўмовы створаны для аматараў рыбнай лоўлі. Госці турыстычнага комплексу “Ніўкі” маюць магчымасць па драўлянай кладцы шырынёй каля 70 сантыметраў, што цягнецца на адлегласць 300 метраў у бок возера Манец, дабрацца да вадаёма, нават ніколькі не замачыўшы ногі. На самім узбярэжжы возера на абуладкаванай прыстані з крытай драўлянай альтанкай можна ўзяць у арэнду лодку для рыбнай лоўлі, а ў перыяд забароны на карыстанне плавальнымі сродкамі тут дазваляецца вудзіць рыбу прама з берага. І ніхто пакуль яшчэ не вяртаўся адсюль з пустымі рукамі, без злоўленай рыбы, не кажучы ўжо пра незабыўныя ўражанні ад убачаных маляўнічых краявідаў запаведніцкага возера.
Ужо перад самым ад’ездам з турыстычнага комплексу “Ніўкі” міжволі прыцягнуў увагу рэкламны банер, які ўстаноўлены на ўзбочыне шляху, што вядзе на возера Манец. У ім распавядаецца, што любы аматар падарожжаў пры жаданні можа яшчэ і праплыць на байдарках па маршруце “Сакрэты запаведных азёр”. Гэтая вандроўка прадугледжвае наведванне азёр Ольшыца, Плаўна, Манец, Домжарыцкае, Сергучскага канала, іншых унікальных месцаў, дзе прырода знаходзіцца ў амаль некранутым, першапачатковым выглядзе. Так што застаецца толькі пажадаць кожнаму з тых, хто не ўяўляе свайго жыцця без падарожжаў, працяглых вандровак, перш за ўсё прайсці або праплыць па турыстычных маршрутах свайго роднага краю, нашай любімай Лепельшчыны.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: адзін з гасцявых домікаў турыстычнага комплексу “Ніўкі”; вялікую асалоду ад рыбнай лоўлі на возеры Манец атрымлівае любы падарожнік.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.