Аграрии продолжают закладку урожая озимых культур

План азімай сяўбы ў СВФ “Заазере” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” даволі вялікі, таму прыступілі да яе ўжо ў жніўні, калі яшчэ ўборачная кампанія ішла поўнай хадой. Механізатар Вадзім Пыхцін расказвае:

— Сеялку зачапіў, калі не памыляюся, 18 жніўня. Спачатку сеяў рапс, а зараз — пшаніцу.

Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Уладзіміра Судака, у СВФ “Заазере” засеяна 915 гектараў азімага рапсу і 183 гектары свірэпіцы. Як паказвае практыка апошніх гадоў, гэтыя культуры найбольш рэнтабельныя ў нашых умовах, таму пашырэнне плошчаў пасеваў іх даволі заканамерныя. Праўда, пры вырошчванні азімых крыжакветных ёсць пэўная доля рызыкі, што некаторыя палеткі могуць загінуць з-за неспрыяльных умоваў перазімоўкі. Аднак земляробы ўсё ж такі спадзяюцца на лепшае і не губляюць аптымізму.

Следам за крыжакветнымі на палях высейваюцца азімыя збожжавыя. У СВФ “Заазере” сеюць жыта і пшаніцу.

— Ад трыцікале мы вырашылі адысці, пасяўныя плошчы будзем дзяліць паміж жытам і пшаніцай прыблізна пароўну, — дзеліцца планамі Уладзімір Судак.

На момант прыезду карэспандэнта ў гаспадарцы былі засеяны амаль 1400 гектараў, крыху больш за палову ад запланаванага — пад збожжавыя. Мехатрад па сяўбе ў гэты дзень шчыраваў на полі паміж вёскамі Юркоўшчына і Балотнікі.

Палетак шырокі, узгоркі некрутыя, таму на ім мэтазгодна выкарыстоўваць 12-метровую сеялку Amazonia. Аднак аб усім па парадку.

На ўскрайку поля, як і належыць, дзяжурыў загрузачны МАЗ. “Уладзімір Стаднік там”, — падумаў спачатку, але памыліўся — за рулём працаваў Аляксандр Чыін.

— Уладзімір перасеў на іншы аўтамабіль, на легкавым Hoover развозіць абеды, падвозіць запчасткі і выконвае іншыя дробныя транспартныя работы. Мой “МАЗ” на рамонце. Я ў ім разабраў каробку пераключэння перадач. Усе запчасткі прывезены, але на сённяшні дзень не маю часу, каб сабраць усё ў месца, ад рання да змяркання на палях.

Кіроўца падвозіць насенне Вадзіму Пыхціну і Уладзіміру Седзіну. Першы з шыроказахопнай сеялкай засявае вялікія плошчы, другі працуе на малым трактары МТЗ-892 з раскідвальнікам і засявае малыя ўчасткі, дзе з вялікай тэхнікай нязручна разварочвацца, ёсць вымачкі, і таму цяжкая сеялка загразне.

— Не аднойчы чуў ад земляробаў, што летам бягучага года зямля высахла настолькі, што нават дажджы, якія прайшлі апошнім часам, не могуць у дастатковай меры насыціць глебу.

Вадзім Пыхцін не пагадзіўся:

— На гэтым полі ў асноўным гліністая глеба. Яна настолькі добра набракла вільгаццю, што месцамі зноў утварыліся вымачкі, дзе я на сваім “Кіраўцы” К-744 з сеялкай не магу праехаць, гразну. Туды і накіроўваецца Валодзя Седзін.

— Хто займаўся падрыхтоўкай поля для сяўбы?

— Хто канкрэтна гэтае поле пераворваў, я не магу сказаць, не ведаю. Паколькі працуе не на пасяўным агрэгаце, а на сеялцы, яна адразу па ворыве працаваць не можа. Глебу трэба паддрыхліць. Гэтым і займаўся Іван Хвошч на К-744 з агрэгатам КПГ-6,2.

— Камення на палях шмат?

— Хапае. Імі можна сурёзна пашкодзіць сашнікі высявальнага апарата. Праўда, Генадзь Мірановіч з каменепадборшчыкам шчыруе тут, але ж ці можа ён вычысціць поле дасканальна? Добра, што большае каменне выдаляецца.

Працоўны дзень механізатараў на сяўбе пачынаецца а 7-й гадзіне раніцы. Прыйшоўшы на мехдвор, яны рыхтуюць і абслугоўваюць тэхніку, даюць бягучы рамонт, змазваюць, запраўляюць дызельнае паліва і — зноў у поле. Там праца доўжыцца да позняга вечара, ажно пакуль цемра не прымушае выязджаць дахаты. Адна запраўка бункера сеялкі — 3 тоны зерня і яшчэ 2 тоны мінеральных тукаў, якія ўносяцца разам з насеннем. Адной такой запраўкі хапае на 14-15 гектараў.

— Вадзім, колькі гектараў удаецца засеяць за дзень?

— Ад 50 да 80, у залежнасці ад поля. Для нас галоўнае — каб поле было роўнае, без вымачак, добра ўзрыхленае.

На чарговую запраўку насеннем было затрачана каля 20 вілін. Яшчэ за гэты час Вадзім паспеў агледзець сеялку, замяніць пашкоджаны кавалак насенняпроваду. Якраз падехаў і Уладзімір Седзін, але для яго насення ў кузаве ўжо не было. Аляксандр Чыін хутка сабраў выгрузны шнэк і скіраваўся на склады за чарговай загрузкай у Стаі, бо кожны механізатар імкнецца з максімальнай аддачай выкарыстаць пагодлівыя вераснёўскія дні. Вось так працягваецца земляробская праца….

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Вадзім Пыхцін, Уладімір Седзін і Аляксандр Чыін; ідзе загрузка насеннем.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.