Аграрии трудятся на новый урожай

— Цяжкавата вам будзе знайсці іх, — адказаў па тэлефоне дырэктар ААТ “Ладасна” Аляксандр Лях на пытанне, дзе механізатары гаспадаркі сеюць азімыя культуры. — Трактарысты сёння шчыруюць на полі каля Ладасна. Паедзеце з Каменя, перад самай вёскай убачыце свежаперааранае поле ды пачуеце гул трактараў. Гэта і будзе для вас арыенцірам…

Атрымаўшы такія інструкцыі, выправіўся ў дарогу. Арыенцір аказаўся верным: перад Ладаснам выйшаў на поле, прайшоў некалькі соцень метраў і ўбачыў сельгастэхніку: трактары з пасяўным агрэгатам, дыскатарам і каменепадборшчыкам, а таксама машыну МАЗ, якая прывезла зерне. Дарэчы, праходзячы, звярнуў увагу на асаблівасць палеткаў гаспадаркі. Амаль усе яны дробныя, з няроўнымі краямі, парослымі кустоўем. Палеткі перасякаюцца ўзгоркамі і нізінамі. На такіх палях з шыроказахопнай тэхнікай кшталту 12-метровай сеялкі Amazonia, якая ёсць у СВФ “Заазере”, няма чаго рабіць, больш атрымаецца расходаў, чым вынікаў.

На трактары з пасяўным агрэгатам АПП-6Д працуе Дзмітрый Казачонак, глебу дыскатарам рыхтуе Яўген Кіўшар, каменне з поля прыбірае Сяргей Мурашка, а падвозіць насенне Алег Капылоў. На момант прыезду карэспандэнта ў ААТ “Ладасна” завяршылася сяўба азімых крыжакветных. У прыватнасці, механізатары засеялі крыху больш за 200 гектараў азімай свірэпіцай. Затым перакінулі сілы на падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых збожжавых, але тут здарылася замінка: з-за недахопу дызельнага паліва тэхніка некалькі дзён вымушана была прастойваць.

Першы дзень на сяўбе прынёс некалькі сюрпрызаў: у загрузчыку была выяўлена невялікая непаладка і перасталі круціцца два дыскі сашніка ў высявальным апараце.

— Раніцай правяраў — усё працавала, а на поле прыехаў — сашнік падклініў, — кажа Дзмітрый.

З майстэрні даставілі сашнік у зборы, замена заняла не больш за 10 хвілін. Увогуле, непаладкі пры пачатку новай справы, аперацыі непазбежныя.

На гэтым полі некалькі гадоў быў травастой. Сёлета з яго знялі першы ўкос, падрослую траву спасвілі жывёле, а потым пачалі ворыва. Араў, дарэчы, таксама Дзмітрый:

— Сёлета з-за сухмені глеба так зацвярдзела, што плуг у яе загнаць было вялікай праблемай.

Паколькі поле некалькі гадоў адпачывала, назапашвала пажыўныя рэчывы, ёсць шансы, што ў наступным годзе аддзячыць добрым ураджаем.

Падыходжу да трактара з каменепадборшчыкам. Механізатар Сяргей Мурашка свой МТЗ-892 у 2013 годзе атрымаў новым. Працуе толькі сам, таму тэхніка дагледжаная. Раз-пораз абязджае па ўчастку, падымаючы з зямлі самыя вялікія камяні.

— Якую плошчу можна адчысціць за дзень?

— Усё залежыць ад засмечанасці камянямі, іх велічыні і шмат якіх іншых фактараў. Можна за дзень і дзесяць гектараў вычысціць, а можна і ўсю змену на 50 сотках працаваць — і толку не будзе. Увогуле, нашы землі вельмі багатыя на камяні, колькі ні вычышчаем — на наступны год зноў з глыбіні выглядваюць.

Падводзячы вынік, можна сказаць, што механізатары ААТ “Ладасна” гатовыя працаваць, не прапускаюць спрыяльныя тэрмiны.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: механізатар Дзмітрый Казачонак каля пасяўнога агрэгата; вядзецца падбор камянёў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.