Аист прогуливается по Лепелю

Многія гараджане бачылі, як па вуліцы Барысаўскі тракт, а таксама каля рынку прагульваецца бусел. Лепяльчане занепакоена сталі тэлефанаваць у рэдакцыю газеты:

— А можа ён хворы і з гэтай прычыны не змог паляцець у вырай. Магчыма, яму патрэбна дапамога ветурача, — з трывогай у голасе казала жанчына.

Некаторыя гатовыя былі ўзяць бусла на зіму да сябе дадому. Мы ж звязаліся з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгай Бажэнавай, каб удакладніць, як правільна дзейнічаць у такой сітуацыі і хто можа аказаць дапамогу птушцы.

Як адзначыла Вольга Валер’еўна, да іх таксама паступалі званкі ад неабыякавых грамадзян. Толькі прычына таго, што сімвал Беларусі застаўся ў нас на зімоўку, аказалася банальная…

— Часцей за ўсё птушка не адлятае ў вырай па дзвюх прычынах: маладая асобіна альбо пашкоджана, альбо «добрыя» людзі яе прыкармілі. Навошта кудысьці ляцець, калі тут шмат ежы?

Адсюль вынік: бусел — гэта дзікая птушка, таму не варта яе прыручаць. Часцей за ўсё такія выпадкі вядуць да гібелі жывёліны. Калі птушку пастаянна карміць, сама яна здабываць пражытак ужо не будзе.

Пачынаецца зніжэнне тэмпературы, хутка будуць замаразкі. Бусел без стварэння для яго асаблівых умоў не выжыве. Акрамя гэтага, адабранне дзікай жывёліны з яе асяроддзя пражывання павінна суправаджацца афармленнем адпаведных дакументаў. Таму нельга адразу несці яе дадому. У першую чаргу тут трэба ўлічваць юрыдычны аспект.

Як я ўжо адзначыла, бусел — гэта аб’ект дзікай прыроды і па заканадаўстве знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.