Активная позиция общественных объединений

kord-sovetУ райвыканкаме адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Лепельскага раёна, падчас якога былі разгледжаны два актуальныя пытанні.
Аб выніках комплекснага медыцынскага абследавання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб пажылога ўзросту расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Алена Пятрова, якая вядзе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасці па медыцынскім забеспячэнні інвалідаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, што прыроўнены да іх.

franchukПа стане на першага студзеня 2019 года на ўліку ва ўстанове аховы здароўя знаходзяцца 11865 чалавек ва ўзросце 60 гадоў і старэй, у тым ліку пяць інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, дзевяць удзельнікаў, два працаўнікі тылу, сем членаў сем’яў загінулых, два блакаднікі, а таксама 28 вязняў, адзін інвалід дзяцінства ў выніку ранення, звязанага з вайной, 412 адзінокіх, 4215 асоб, якія адзінока пражываюць.
Кожны год праводзяцца планавыя комплексныя медыцынскія агляды гэтай катэгорыі грамадзян. На першага красавіка бягучага года 100 працэнтаў ветэранаў ахоплены медаглядам, які пры неабходнасці адбываецца на даму.
Для паляпшэння медыцынскай дапамогі гэтай катэгорыі грамадзян, а таксама для асоб пажылога ўзросту ў стацыянарах раённай бальніцы выдзелена шэсць палат павышанай камфортнасці на дзевяць коек.
Па выніках медаглядаў кожны год плануецца санаторна-курортнае аздараўленне ветэранаў вайны з улікам паказанняў і супрацьпаказанняў.
Усе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія маюць патрэбу, забяспечаны тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі згодна з зацверджаным пералікам. Яны выдаюцца бясплатна альбо на льготных умовах пад патрэбу ў поўным аб’ёме.
Абавязковым з’яўляецца штогадовы агляд пажылых людзей. За 2018 год агледжана тэрапеўтамі і ўрачамі агульнай практыкі 92 працэнты пажылых людзей. Адзінокія, якім патрэбны догляд, і доўгажыхары аглядаюцца ўрачамі і фельчарамі кожны квартал. Усяго ў Лепельскім раёне пражывае 412 адзінокіх грамадзян.
З пачатку 2019 года аформлена дваццаць заключэнняў для абслугоўвання пажылых пацыентаў сацыяльнымі работнікамі на даму, чатыры заключэнні аб неабходнасці догляду сядзелкай. Урачэбна-кансультацыйнай камісіяй выдадзена чатыры даведкі аб неабходнасці пастаяннага старонняга догляду, пяць заключэнняў у бальніцы сястрынскага догляду і адно накіраванне ў дом-інтэрнат агульнага тыпу. Першасны выхад на інваліднасць сярод непрацаздольных за першы квартал бягучага года склаў 24 чалавекі, з іх 16 інвалідаў першай групы, сем — другой, адзін — трэцяй.
Таксама працуюць школы здароўя трэцяга ўзросту, зацверджаны графікі работы і праграмы заняткаў.
Пасля выступлення Алены Мікалаеўны прысутныя мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні.
— Выдача лякарстваў удзельнікам вайны ажыццяўляецца на платнай ці бясплатнай аснове? — прагучала пытанне з залы.
— На бясплатнай, — адказала Алена Пятрова.
— Да якога ўрача можна звярнуцца, каб зрабіць пробу на лякарства для абязбольвання?
— Да алерголага ў Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр, — адказала Алена Мікалаеўна, аднак прапанавала падысці жанчыне ў Лепельскую ЦРБ, каб больш дэталёва разабрацца ў праблеме.
Аб рабоце Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” расказаў яе старшыня Віталь Франчук.
Створана арганізацыя 16 верасня 1994 года. Сход праходзіў у Лепельскім райваенкамаце пад кіраўніцтвам старшыні раённай ветэранскай арганізацыі падпалкоўніка Валерыя Пятуніна. Прысутнічала 20 дэлегатаў. Старшынёй быў абраны Сяргей Расказаў, намеснікам — Віталь Франчук. Складалася суполка з двух пярвічных арганізацый, у Бароўскую і Заслонаўскую ўваходзіла па дзесяць чалавек.
У 2007 годзе па хадайніцтве раённай арганізацыі Сяргею Расказаву, маёру запасу, ваеннаму пенсіянеру, Міністрам абароны Рэспублікі Беларусь было прысвоена чарговае воінскае званне — падпалкоўнік.
У сваёй паўсядзённай дзейнасці арганізацыя ўзаемадзейнічае з ветэранскай, афганскай, камуністычнай, грамадскімі арганізацыямі раёна, ДТСААФ, РАНС, праваахоўнымі органамі, райвыканкамам і сельскімі Саветамі дэпутатаў. Члены арганізацыі пастаянна выбіраюцца ў сельскія і раённыя Саветы дэпутатаў.
У 2006 годзе старшынёй раённай арганізацыі быў выбраны Віталь Франчук. У 2007 годзе створана Лепельская пярвічка.
За час працы арганізацыя шмат разоў звярталася ў мясцовыя і вышэйстаячыя органы з просьбай аказання дапамогі ў вырашэнні розных праблем.
У 2012 годзе на абласным Савеце Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Віталя Франчука выбралі намеснікам старшыні абласной арганізацыі, а ў 2013 годзе — членам рэспубліканскага Савета.
У цяперашні час арганізацыя ўключае ў сябе тры пярвічкі. У Бароўскую ўваходзіць 21 чалавек, Заслонаўскую — дваццаць, у г. Лепелі — 14 чалавек.
Членамі арганізацыі збіраюцца ўзносы, якія потым выдаткоўваюцца па рашэнні членаў на неабходныя патрэбы.
Лепельская раённая арганізацыя лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы.
На пасяджэнні Каардынацыйнага савета былі разгледжаны і іншыя пытанні, па кожным з якіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.