Алла Сальникова дарит заряд энергии на целый день лепельчанкам

salnikova salnikova1
Даўно даказана, што калі раніцай паразмаўляеш з людзьмі, напоўненымі пазітывам і адкрытасцю, сам атрымліваеш добры настрой і зарад энергіі на цэлы дзень.
Так і мне давялося пазнаёміцца і пагутарыць з дзяўчынай, якая ідзе па жыцці з аптымізмам і зараджае ім іншых.
Ала Сальнікава, можна сказаць, ужо лепяльчанка, бо жыве ў нашым горадзе амаль 24 гады. Сама родам дзяўчына з Гродна, але жыццёвая сцежка прывяла ў наш прыгожы край.
Ала Анатольеўна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, там жа і пазнаёмілася са сваім каханым. Ды як было не пазнаёміцца, калі вучыліся ў адной групе. Атрымаўшы спецыяльнасць інструктара-метадыста па лячэбнай фізічнай культуры і настаўніка фізкультуры, прыехала на радзіму мужа — на Лепельшчыну.
Ала выхоўвалася ў спартыўнай сям’і. Бацька вельмі любіў гуляць у валейбол, баскетбол, а любімая дачка заўсёды была сярод балельшчыкаў. Маці, увогуле, скончыла фізкультурны тэхнікум. Можна сказаць, што лад жыцця з дзяцінства быў здаровы і актыўны.
Хочацца адразу паведаміць, што і ў сям’і Алы выхаванне дзяцей адбывалася таксама на карысных занятках фізкультурай і спортам. Чаму адбывалася? Бо, як аказалася, у гэтай прыгожай і стройнай жанчыны два сыны ўжо дарослыя. Калі мая субяседніца пра гэта паведаміла, здалося, што проста жартуе. Але ж не. Малодшы сын вучыцца ва ўніверсітэце фізічнай культуры на другім курсе, старэйшы, увогуле, ужо працуе ў сталіцы.
У раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры Ала Анатольеўна працуе амаль сем гадоў трэнерам па спорце. Хоць да гэтага часу, здавалася б, былі водпускі па доглядзе дзіцяці, іншыя справы, але, людзі, у якіх спорт з’яўляецца ладам жыцця, не выпадаюць са спартыўнага рытму ніколі.
Лыжы, веласіпеды, плаванне, паходы, рыбалка — з кожным годам толькі павялічвалася важнасць і неабходнасць у такім актыўным адпачынку.
— Заўсёды марыла працаваць па прафесіі, але перавагу аддавала дарослай катэгорыі насельніцтва. Магчыма, свой адбітак пакінула тое, што дома шмат часу аддавала выхаванню дваіх дзяцей. Тым больш мае бацькі не маглі наведваць нас часта, ад Гродна да Лепеля адлегласць складае больш за 400 кіламетраў.
Аднак зараз і з дзецьмі пазаймалася б з задавальненнем, бо ўжо маю пэўны вопыт.
— Якія цяжкасці сустрэлі ў пачатку трэнерскай дзейнасці?
— Па першае, не было вопыту. Спачатку не разумела, што ад мяне чакаюць наведвальнікі.
Аднак вялікае жаданне займацца гэтай справай прынесла свой плён. Ад жанчын, якія ходзяць на трэніроўкі да Алы, чула толькі добрыя водгукі ў яе адрас. Можна з упэўненасцю сказаць, што лепяльчанкі ёй давяраюць свае фігуры і выходзяць са спартыўнай залы задаволеныя, хоць і стомленыя.
Зараз вельмі модна добра выглядаць, таму жаночая палова пасля працы бяжыць на фітнес. Узгадваю яшчэ гадоў пятнаццаць таму: жанчын не цікавілі такія паняцці, як пілатэс, ёга і шмат чаго іншага. Зараз жа заняткі фізкультурай і спортам набылі вялікую папулярнасць. Павялічылася і колькасць фітнэс-залаў. Яно і зразумела, попыт нараджае прапанову.
Мая суразмоўца не баіцца канкурэнцыі, бо ўжо заваявала аўтарытэт у лепельскіх дзяўчат. Апантаная любімай справай, Ала не стаіць на месцы, заўсёды точыць майстэрства. Асаблівае захапленне ў наведвальніц выклікаюць заняткі на свежым паветры. З часам жанчыны перасталі баяцца халоднай пары года, могуць і ў мароз накіравацца ў лес. Такія заняткі Алы можна з упэўненасцю назваць яе “фішкай”. За сем гадоў некаторыя ўжо вывучылі свайго трэнера і ведаюць, што з ёй сумаваць не давядзецца.
— З якімі задачамі часцей звяртаюцца лепяльчанкі?
— Часцей за ўсё нашых жанчын цікавіць змяненне знешняга выгляду. І калі гэта атрымліваецца, лічу, што і мая заслуга ў тым ёсць. Асабліва адчуваецца, калі жанчыны скідваюць па 10-15 кілаграмаў. Але многія прыходзяць і з мэтай змяніць якасць свайго жыцця — падтрымліваць сябе ў форме і зараджацца бадзёрасцю. Таксама жанчыны на фітнэсе маюць магчымасць забыцца на пэўны час пра надзённыя праблемы.
— Што самае складанае ў вашай працы?
— Напэўна, працаваць з кліентамі, якія не выконваюць рэкамендацыі. У такім разе атрымліваецца крок наперад і два назад. Таксама складана працаваць з такімі перакананнямі, як «я не магу зрабіць гэта практыкаванне», «я не магу сабе адмовіць у салодкім».
Аднак я заўсёды прыслухоўваюся да жанчын, калі яны прапаноўваюць пэўныя змены ў трэніроўках. Магчыма, камусьці падабаецца іншая музыка, хтосьці жадае большую нагрузку на адпаведную групу мышцаў. Мы займаемся разам не адзін месяц, ужо сталі адной вялікай сям’ёй.
— У які момант атрымліваеце асалоду ад працы?
— Больш за ўсё мяне радуюць кліенты, якія сапраўды хочуць чагосьці дамагчыся і сапраўды прыкладваюць да гэтага намаганні. Таксама прыемны момант для мяне, калі жанчыны паведамляюць, што купілі вопратку на памер менш!
— Бачу, што вы моцная духам жанчына. Як гэта адчуваць сябе такой такой?
— Лічу, што не трэба мужчынам паказваць, што мы ўсё можам зрабіць самі. Мужчыны таксама любяць быць моцнымі. Навошта нам несці сумку з магазіна, калі гэта можа зрабіць моцная палова чалавецтва
— Што трэба зрабіць, каб атрымаць добры знешні выгляд? Які ваш звычайны рацыён? Ці любіце салодкае?
— У першую чаргу трэба звярнуць увагу на харчаванне. Канечне, бываюць у нашым жыцці розныя святы, калі мы расслабляемся, але ў асноўным харчавацца мы павінны правільна. Сваім дзяўчатам заўсёды кажу: “З’едзенае трэба адпрацаваць”.
Я сама на сняданак ужываю аўсянку, грэчку ці тварог. Але як толькі прачынаюся, выпіваю шклянку, а то і дзве, цёплай вады. Гэта вельмі карысна для нашага арганізма. Можна яшчэ ўжыць лыжачку карыснага алею. Напрыклад, я зараз п’ю алей насення чорнага кмену. На працягу дня ў мяне заўсёды з сабою бутэлька вады.
Каля дванаццаці гадзін дня з’ядаю фрукт ці крыху мяса. На абед павінна быць першая страва і кавалачак курыцы ці салаты з мясам. Люблю гародніну, рыбу.
Ад маёй суразмоўцы таксама даведалася карысны рэцэпт. Да аўсяных шматкоў дадаць малако і яйка, змяшаць і спячы блін, які потым можна з’есці з фруктамі ці сырам.
Канечне, і без фізічных нагрузак нельга абысціся, каб цела было ў тонусе. Сілай волі можна дамагчыся добрага знешняга выгляду, што не купіш за грошы.
У Алы трэніроўкі разнастайныя, у пэўнай ступені, напэўна, гэта залежыць ад характару трэнера. Першыя 15 хвілін нават рытмічныя, праходзяць пад энергічную музыку, потым ідуць сілавыя нагрузкі і, урэшце, расцяжка.
Як кажа мая суразмоўца, яна б не здолела займацца ёгай, бо засумавала б.
— Чаму лепш займацца з трэнерам, чым аднаму дома?
— Займаючыся ў групе, чалавек атрымлівае магутную матывацыю, бо ён акружаны аднадумцамі ў барацьбе за прыгожае цела. Дапамагае ў гэтым і трэнер, які падтрымлівае, настаўляе і натхняе.
— Ці заўсёды ідзяце на працу ў добрым настроі?
— У кожнага чалавека бывае дрэнны настрой, але мы не павінны паказваць і прыносіць негатыў да іншых. Заўсёды ўсміхаюся і потым забываю пра праблемы.
Хочацца дадаць, што Ала актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна. Так, напрыклад, у мінулым годзе яна ўваходзіла ў склад лепельскай каманды, якая ўдзельнічала ў Сельскіх гульнях-2019. Крыху пазней праходзіў раённы турзлёт, дзе таксама мая суразмоўца была капітанам каманды “Лябур-Хантфіш”. У тым спаборніцтве яны занялі першае месца.
Пасля размовы для сябе адзначыла, што калі б вырашыла заняцца фітнэсам, накіравалася б менавіта да Алы. Яна мае спецыялізаваную адукацыю, што вельмі важна, каб правільна скласці праграму трэніровак, якая не нашкодзіць, а ўмацуе здароўе. Яшчэ можа дапамагчы скласці праграму харчавання, растлумачыць, што і як трэба рабіць.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.