Алё! Гэта райвыканкам? У мяне да вас пытанне

але,гэта райвыканкам“Прамыя тэлефонныя лініі” — гэта праява сапраўднай дэмакратыі, магчымасць любому жыхару нашага горада і раёна напрамую, без усялякіх пасярэднікаў, звярнуцца да пэўнай дзяржаўнай службовай асобы, каб паведаміць пра тыя альбо іншыя жыццёвыя праблемы, якія турбуюць, патрабуюць свайго вырашэння.
— Штомесячна вызначаюцца пэўныя дні для правядзення па канкрэтных нумарах стацыянарных тэлефонаў асобных “прамых ліній” са старшынёй раённага выканаўчага камітэта, яго намеснікамі або кіраўніком справамі, аб чым загадзя змяшчаецца інфармацыя ў раённай газеце “Лепельскі край”, — адзначыла начальнік ад­дзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Людміла Герасімовіч. — Звычайна дыялог з грама­дзянамі доўжыцца з 9 да 11 гадзін. Дарэчы, сёлета “прамыя лініі” будуць праходзіць кожную суботу з 9 да 12 гадзін.
— Якія пытанні ўзнімаюцца?
— Самыя розныя. Большасць з іх датычаць не нейкага аднаго канкрэтнага чалавека, а жыхароў пэўнага мікрараёна горада ці асобнага сельскага населенага пункта. Напрыклад, Алёна Сярэбраная, якая жыве ў Лепелі па вуліцы Гагарына, 30а, звярнула ўвагу на неабходнасць рамонту дзяцячых гульнёвых пляцовак паміж жылымі дамамі, а таксама неабходнасць прывядзення ў належны стан лаўкі для адпачынку і дзіцячых арэляў насупраць яе дома.
Васіль Лях з вёскі Балотнікі Каменскага сельсавета прасіў спілаваць аварыйную сасну на мясцовых могілках.
Па гэтых двух зваротах праблемы вырашаны.
Яшчэ адна жыхарка горада Ніна Каспяровіч па даручэнні сваіх суседзяў выказала меркаванне аб неабходнасці абмежавання хуткасці руху па вуліцы Караленкі з устаноўкай адпаведнага знака, абсталявання пешаходнага пераходу цераз гэту вуліцу да магазі­на. Вырашэнне гэтых узнятых пытанняў узята на кантроль.
— Ці ставяцца пытанні аб дапамозе ў вырашэнні жыццёвых праблем канкрэтных людзей?
— Ставяцца. Жыхарка вёскі Кабак Каменскага сельсавета Ганна Тычына паведаміла, што з цэнтральнай дарогі цячэ дажджавая вада пад яе гаспадарчыя пабудовы, папрасіла ўхіліць гэты недахоп.
Пенсіянерка Ганна Урбан паскардзілася на дрэнны стан уваходных дзвярэй у яе кватэру, неабходнасць тэрміновага выканання і некаторых іншых рамонтных работ.
Лепяльчанка Таццяна Славінская звярнулася наконт тэрміновага рамонту пячной трубы ў яе доме.
Сіламі работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншых раённых арганізацый заяўнікам аказана неабходная дапамога.
— Як рэагуеце, калі ўзнятае пытанне немагчыма вырашыць станоўча?
— Даюцца наконт гэтага адпаведныя тлумачэнні. Напрыклад, лепяльчанін Васіль Гурко звярнуўся наконт скасавання дагавора з ЛКУВП ЖКГ “Лепель” на вываз бытавых адходаў. Заяўніку было пісьмова паведамлена, што згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 года №99 “Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” вываз і абеззаражванне цвёрдых бытавых адходаў аднесены да асноўных відаў жыллёва-камунальных паслуг і абавязковыя для аказання ўсім грамадзянам нашай краіны на платнай аснове па тарыфах, якія зацверджаны Віцебскім абл­выканкамам.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.