Аперацыя на лепельскай чыгунцы

З самага пачатку разгортвання шырокай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў народныя мсціўцы асаблівую ўвагу надавалі дыверсіям на чыгунцы. У снежні 1942 года партызанская брыгада “Дубава” выйшла на чыгуначны перагон Зябкі — Празарокі. Была марозная, сцюдзёная ноч. Снег моцна рыпеў пад нагамі. Халоднае паветра балюча шчыпала твар, перахоплівала дыханне.
У штабе абагульнілі атрыманыя даныя разведкі, вызначылі месца нанясення ўдару.
Нарэшце прыбылі да ваколіц чыгункі. Тут ужо знаходзіліся Васіль Вітко, Андрэй Кузьмічонак, падрыўнікі Васіль Плігаўка, Сцяпан Барысёнак, Мікалай Венжык. Вітко паведаміў:
— Акрамя патрулёў, нікога на дарозе няма.
Кузьмічонак са сваёй групай накіраваліся да чыгуначнага палатна. Падрыўнікі рухаліся павольна, прыглядаліся, прыслухоўваліся. Калі прайшоў патруль, заклалі пад рэйкі міну, замаскіравалі яе. Потым асцярожна, трымаючы ў руках шнур і хаваючы яго ў снезе, адышлі на максімальна магчымую адлегласць ад чыгункі, заляглі.
Свае агнявыя пазіцыі занялі кулямётчыкі, стралкі. Пацягнуліся марудныя хвіліны чакання.
Усю ноч партызаны праляжалі ў снезе. Аднак дарэмна. Ніводны эшалон не прайшоў. Развіднела. І толькі тады ўдалечыні паказаўся цягнік. Рухаўся ён марудна. Гітлераўцы асцерагаліся партызанскіх мін, вадзілі саставы на малых хуткасцях.
Эшалон складаўся з вагонаў і платформ, на якіх стаялі танкі.
Кузьмічонак пацягнуў за шнур. Прагрымеў моцны выбух. Паравоз, прарыўшы коламі канаву на насыпу, паляцеў пад адхон. За ім зваліліся некалькі вагонаў, астатнія ўтрымаліся на рэйках. Партызаны адкрылі па варожым эшалоне прыцэльны агонь.
Аднак нечакана пачуліся гарматныя стрэлы і крыху воддаль ад партызанскага ланцуга пачалі падаць у снег і ўзрывацца снарады. Спачатку ніхто не зразумеў, што здарылася. Немцаў жа з артылерыйскімі разлікамі паблізу не было бачна. Раптам непадалёк ад Дуброўскага ўспыхнула полымя, моцны ўдар паваліў яго ў снег. Аглушыла. Да камбрыга падпоўз ардынарац Чайкін, стаў тармашыць яго, церці твар снегам. Нарэшце Дуброўскі прыйшоў у прытомнасць і адразу загадаў:
— Адыходзім!
Арганізавана выйшлі з пад абстрэлу. Ужо потым сувязны-пуцеец паведаміў, што ў танках знаходзіліся экіпажы. Гітлераўцы адкрылі агонь з танкавых гармат па партызанах.
М. АЗЁРНЫ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.