«Апошнія з магікан» у лепельскай Каміншчыне

5 кастрычніка 020Збіраўся напісаць пра Каміншчыну нататкі пад рубрыкай «Вёска і людзі». Аднак на месцы планы памяняліся. Справа ў тым, што вёска пад такою назваю ёсць, а вось людзі… Сустрэў двух чалавек далёка не маладога веку. Адзін з іх, Мікалай Булахаў, на свае семдзесят пяць гадоў не выглядае абсалютна.

Самае большае — шэсцьдзясят дасі. Акурат бульбачку пераворваў, дзеля чаго запрасіў у талаку маладзіцу з суседняй вёскі.
Жыве Мікалай у бацькоўскай хаце амаль з пачатку гэтага стагоддзя, калі нарэшце вярнуўся на радзіму да хворага бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Той, зрэшты, неўзабаве памёр. І ў памяць аб бацьку засталіся толькі хата з чырвонай пяцікутнай зорачкай ды старая ліпіна на двары, якая перажыла свайго гаспадара.
Быў Мікалай, відаць, добрым «гастралёрам» па жыцці, бо дзе толькі не насіў яго лёс. І вучыўся на механізатара ў Карагандзе, выпадкова прачытаўшы ў газеце, што па заканчэнні вучобы там пашпарты выдаюць, а ў той час атрымаць вяскоўцу пашпарт было цэлаю праблемаю. І служыў у будбаце ў Марыйскай АССР, а пасля ваенным жа будаўніком у Башкірыі хімкамбінат узводзіў. І «баранаваў» аўтагрэйдарам дарогі Казахстана, і ў Цюмені ў вышкамантажнай канторы трактарыстам рабіў. Апошнія гады, вярнуўшыся перад пенсіяй на радзіму, жыў у Чашніках у інтэрнаце, працаваў вадзіцелем на аўтабазе, а пасля — на хлебавозцы.
5 кастрычніка 015Урэшце асеў на сваім хутары адзінокім самотнікам, не маючы ў гаспадарцы анікога, апрача ката. Праўда, яшчэ пакуль трымае агарод і нават ездзіць на ўласным, хоць і патрыманым, аўтамабілі.
Другой жыхаркі Каміншчыны мы дома не засталі. «Пацалаваўшы замок», падаліся да суседа. Вось тут і падзівіліся. Ведаючы ўзрост гаспадара хутарка, аніяк не хацелася верыць, што «начальнік гаспадаркі» тут васьмідзесяцівасьмігадовы дзядуля. Хата даволі моцная і прасторная, на высокім фундаменце. Два парнікі на агародзе і яшчэ ляха, абцягнутая плёнкаю на збудаваным каркасе. Лазенька спрытная на агародзе, які спускаецца наўпрост да возера. Хлеўчукі. Самаробны вазок. Такія мы ў дзяцінстве звалі брыкамі. А спрытныя былі і надзвычай практычныя! Па крайняй меры, накладзеш сена, не тое, што зараз на калёсы. Накладзеш, як настагуеш, і вязеш спакойна, не баішся, што па дарозе разваліцца.
Пасека, можа, з дзясятак, калі не болей, пчаліных вулляў. Праўда, частка пустуе. Вялізныя елкі і дуб-волат, якія вартуюць спакой дамавітага хутарка ніколькі не горш за сабакі, што схаваўся ў будцы і з цікавасцю нас разглядвае. А на дзвярах хаты — замок.
5 кастрычніка 023Няўжо і тут не пашанцуе? Шкада! Цікава было б пазнаёміцца з уладальнікам гэтага ўнікальнага хутарка, што стаіць у надзвычай маляўнічым месцы, на ўзгорку, па-над возерам. І хораша ж тут!
Не, ідзе. Кіёчак паперадзе — для парадку, бо і без кіёчка яшчэ хадок. Выходзіць з кустоў, што больш нагадваюць міні-лясок, адразу за яго агародам. Хіба ў грыбы ў разведку хадзіў дзядуля?
Пётр Кастрыцкі — адзін з апошніх карэнных жыхароў Каміншчыны. Жыве тут з даваенных часін. Відаць, лёсам наканавана яму стаць прадаўжальнікам жыцця вёсачкі, якая змялела да трох хутаркоў, калі не лічыць некалькіх дач. Мінчане, ды і не толькі яны, аблюбавалі ўзбярэжжа возера Турыцкага.
Гаспадарыць на хутары Пётр Іванавіч не адзін. Дапамагае дачка, на якой ляжыць практычна ўся цяжкая фізічная праца. І хоць жыве дачка не побач, а ў суседнім раёне, аднак спраўляецца. Сын бывае радзей. Ён дальнабойшчык, нават у суседнія еўрапейскія краіны ганяе. Хіба што ўлетку за плугам паходзіць. Конь у Кастрыцкага свой, збрую сам рабіў, вазок-брычку таксама, чым па праве ганарыцца. Дачка займаецца і пчолкамі.
Пра сваіх пяцярых унукаў ведае дзядуля ўсё з энцыклапедычнай дакладнасцю, як, зрэшты, і пра сваіх сясцёр ды братоў (дзевяць дзяцей было ў бацькоў), і пра аднавяскоўцаў, якіх ужо, на жаль, нікога няма.
А жыла некалі Каміншчына! Бераг возера быў не такі, як зараз, не парослы аерам ды асакой, што не падысці, — прывабны, з жоўтым пясочкам.
— Недарэмна ж у нас перад вайною сам маршал Жукаў купаўся, — ахвотна распавядае Пётр Іванавіч. — Прыязджаў сюды на двух белых рысаках. Пятнаццаць чалавек аховы ў яго было. Добра памятаю. Мне тады гадоў дзесяць было. І повар быў з ім. Ён на гумавай лодцы плаваў. А яшчэ расказваюць, што Жукаў на белым кані прама ў залу заслонаўскага Дома афіцэраў заязджаў.
Да вайны ў Каміншчыне было некалькі дзясяткаў хат. Адсюль пайшлі на фронт Змітра і Восіп Раманенкі, апошні загінуў, Грышка і Серафім Стасёнкі. Андрэй Разумаў і Васіль Маеўскі былі ў палоне. Немцы спалілі хату Фёдара Стасёнка, бо ім падалося, што гаспадар зманіў, нібыта ў яго не было партызана, які, яны бачылі, выбег з падворка. Пусцілі ракетніцу — і хата ўспыхнула.
5 кастрычніка 026Сам Пётр не ваяваў, па ўзросце не падыходзіў. Закончыў шэсць з паловай класаў. Падаўся ў Валосавіцкую МТС вучыцца на трактарыста. Працаваў на амерыканскім трактарку «масейгаурсе».
Служыў у Інце ля Варкуты. Вярнуўшыся ў саўгас, працаваў і кладаўшчыком, і пастухом. Так і жыццё прабегла, і не заўважыў. У пяцьдзясят другім ці пяцьдзясят трэцім знайшоў на агародзе саджанец.
— Тоненькі быў, як мой кій, — распавядае дзядуля. — Яго вырвалі, думалі, дзікая яблыня. Аказаўся дубок. Пасадзіў — і вунь які волат вымахаў. А ялінкі садзіў у дзевяноста другім. Вунь тая, што справа, пышная, хоць ты яе на гарадской плошчы пад Новы год упрыгожвай.
Дрэвы ўжо сталі — як родныя людзі. Гэта ж разам з імі вартуе Каміншчыну яе «апошні з магікан…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Пётр Кастрыцкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.