Апрельский вернисаж на Лепельщине

img_6938“Няма мяжы дасканаласці…”. Цяжка не пагадзіцца з гэтай высновай. Аднак калі дасягнуць дасканаласці немагчыма, то, мабыць, і імкнуцца да яе не трэба? Для мастачкі Ірыны Купрыш, яе выстава адкрылася ў раённай бібліятэцы, гэтыя словы маюць іншы сэнс. Заўсёды ёсць мэта, да якой трэба рухацца, у самых розных сферах — магчымасць рэалізаваць сябе. Адна з іх — адлюстроўваць свой свет на карцінах.
Шэраг цудоўных твораў выставы аб’яднаны адной назвай “Красавіцкі вернісаж”. Павіншаваць мастачку прыйшлі родныя, сябры і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў.
— Ірына — вельмі светлы і пазітыўны чалавек, яна да кожнай сваёй работы падыходзіць своеасабліва, — распавёў мастак Аляксандр Саўчанка. — Калі па нейкіх прычынах яна адсутнічае на занятках, не толькі выкладчыкам, а і навучэнцам, і сябрам не хапае душэўнага цяпла, якім яна шчодра дзеліцца з кожным. img_6931Гэтыя работы — першыя крокі на вялікім шляху станаўлення сапраўднай творцы.
“Я не мастак, я толькі вучуся. Змешваць фарбы прамянямі вясновага сонца”, — гэтыя запамінальныя словы вучаніца дзясятага класа гімназіі імя І. М. Ерашова Ірына Купрыш сказала падчас размовы пра свой творчы шлях. Прыгожае выказванне.
— У дзіцячую школу мастацтваў прыйшла ў шостым класе, — адзначае юная мастачка, — але малюю з самага дзяцінства. Колькі сябе памятаю, побач са мной заўсёды былі фарбы і пэндзлі. На выставе прадстаўлена больш за дзесяць карцін, і ў кожнай свая гісторыя. Акрамя мастацтва захапляюся таксама музыкай і фатаграфаваннем. Калі бачу прыгожы краявід, заўсёды спынюся, занатую імгненне пры дапамозе фотаапарата. У далейшым нейкія цікавыя фотаздымкі пераносяцца на мае карціны. Тым больш, што жадаю звязаць сваё далейшае жыццё з мастацтвам — паступаць на спецыяльнасць “дызайн”.
Лічу, што фарбы дапамагаюць чалавеку раскрыць свой светапогляд іншым людзям. Да таго ж мастацтва дае кожнаму з нас стымул для руху наперад, — сказала Ірына Купрыш.
…“Пегас” — так называецца адна з карцін таленавітай мастачкі. Можна з лёгкасцю ўбачыць нейкі сімвалізм. Такую назву мае невялічкі твор Генры Катнера. У ім распавядаецца, як Пегасу спрабавалі адрэзаць крылы, каб пакінуць яго на зямлі. Аднак ён з дапамогай маленькага хлопчыка здолеў пазбавіцца ад ланцугоў і паляцець да аблокаў. Так і ў кожнага мастака, спевака ці артыста не павінна быць творчых ланцугоў, якія не дазваляюць дасягнуць жаданых вяршынь. Упэўнены, Ірына абавязкова ажыццявіць сваю мару.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымку: эпізоды з адкрыцця выставы мастачкі Ірыны Купрыш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.