Аромат кухни детского сада

img_8605 Жыццё гэтай жанчыны быццам канвеер. Можна сказаць, што гэты канвеер смачны. Яно так і ёсць, але толькі для іншых, для яе ж, Аксаны Капішкевіч, прыемны смак — калі сцішыцца, стомленая за дзень, прысядзе ці прыляжа, дасць адпачынак і рукам, і нагам.

Для гэтай жанчыны смак, калі наступяць выхадныя, альбо, што яшчэ лепей — чарговы адпачынак. Тады можна з мужам крыху павандраваць. І на лётнай базе ў Мінску пабывалі, і на “Славянскім базары” ў Віцебску, і ў Сафісйскім саборы ў Полацку. Муж — вадзіцель, для яго вандроўкі — звыклая справа, а яна, Аксана, ад сваіх і казённых каструль ды патэльняў, вядома, стамляецца — ад таго смачнага канвеера.
Смачны гэты канвеер для кагосьці, асабліва для пабочнага чалавека, які б зайшоў у Поўсвіжскі дзіцячы сад, дзе Аксана працуе поварам. Той бы адразу адчуў апетытны водар кухні дзіцячага сада. А для яе, повара, смак гэты то салёны, а то і горкі.
Паспрабуй улетку “паварыцца” ля тых каструль з супам ды патэльняў з катлетамі, калі вакол нясцерпная гарачыня. І потам салёным абліваешся, і горыч у роце ад напругі… Трэба ўсё паспець самой — і ежу прыгатаваць, і посуд памыць, і памяшканне праветрыць…
У той дзень, калі наведаў я Поўсвіжскі дзіцячы сад, хлопчыкі і дзяўчынкі тут снедалі малочным грэчневым супам і пячэннем з кампотам, елі на абед гарохавы суп, фрыкадэлькі, запівалі сокам, а на падвячорку ласаваліся блінамі з павідлам, пілі кефір і елі яблыкі.
Галоўнае — было б смачна дзецям за сталом, а што там адбываецца на кухні, іх не хвалюе. Гэта работа вядомая толькі самому повару. Прыходзіш зранку на працу і — пайшло-паехала. Начысціць бульбы ўручную, нарэзаць гародніны на суп і салаты, прыгатаваць мяса ці фарш, не забыцца пра спецыі, прыладзіць садавіну для кампоту… І так зранку да вечара кожны дзень. А чысціць, а мыць — хіба не канвеер!
Мяне заўсёды здзіўляла, як работнікі харчблокаў паспяваюць усё рабіць своечасова і якасна, калі ім трэба гатаваць вялікі аб’ём ежы і абслугоўваць значную колькасць людзей. Няхай тут, у дзіцячым садзе, едакоў не так шмат, але ж тым не меней. Трэба, напэўна, быць вельмі вынослівым, цярплівым, акуратным да педантычнасці чалавекам.
Да вынослівасці і цярплівасці прызвычаіла Аксану жыццё. Нарадзілася ў вёсцы Малы Поўсвіж. Змалку прывыкла да працы, бо трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Пасля васьмі класаў школы вучылася ў дзяржаўным прафесійна-тэхнічным ліцэі на повара-кандытара. Па гэтай спецыяльнасці пачала працоўны шлях у Лепелі на кулінарным камбінаце, а пасля выйшла замуж на Сушаншчыну. Там, у Сушы, у мясцовым дзіцячым садзе, і пачалася яе жыццёвая кухня. Штодзень дабіралася на працу з вёскі Завадзіна, дзе жылі і мелі гаспадарку. Трэба было і на рабоце паспець, і дома па гаспадарцы, і дзяцей гадаваць. Падрасталі ўжо сын і дачка. А з першым мужам, скажам шчыра, жыццё пабудаваць не атрымалася. З усімі цяжкасцямі трэба было спраўляцца самой.
Закрыўся дзіцячы сад у Сушы — і перагарнулася старая старонка ў жыцці Аксаны. Наступная была — Поўсвіжская. Тут знайшла і працу, і сваё жыццёвае шчасце. Муж Іван, як я ўжо казаў, вадзіцелем працуе ў мясцовай гаспадарцы, на бензавозе. Сын пакуль не жанаты, жыве разам з бацькамі. Алегу 23 гады, шчыруе ў будаўнічай брыгадзе. Дачка Анжэла ўжо стварыла сваю сям’ю, і ў шчаслівай бабулі Аксаны ёсць маленькі ўнук Антоша.
Шчасце ў Аксаны Міхайлаўны, як і ў многіх працавітых людзей, яе аднавяскоўцаў, сялянскае. Яно на агародзе, на градках, у парніках, у хляве, у полі… Гэтыя людзі не ведаюць шчасця іншага ды і не вельмі прагнуць яго.
Вось і для нашай гераіні сапраўднае шчасце, калі “яе хлопцы” накормлены — любяць жа і клёцкі, і катлеткі, і пірагі, і булачкі, калі ў гаспадарцы ўсё спраўна і ў хаце чыста. Так і завіхаецца Аксана Міхайлаўна, як вавёрачка, між катламі ды каструлямі ў штодзённым канвееры, у якім і захоўваецца сэнс самога жыцця.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.