Артылерыйская падтрымка

IMG_9990Тыя, хто ўважліва сочыць за падзеямі ў свеце, асабліва за ходам лакальных узброеных канфліктаў, адразу скажуць, што галоўнымі сіламі нанясення агнявога паражэння ў цяперашняй вайне з’яўляюцца авіяцыя і артылерыя.

Апошняя асабліва актыўна выкарыстоўваецца пры вядзенні баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны як сродак агнявой падтрымкі падраздзяленняў пяхоты і танкаў. Зыходзячы з гэтага, ва Узброеных сілах Беларусі больш актыўнае значэнне надаецца падтрыманню і павышэнню баяздольнасці артылерыйскіх часцей.
31 снежня 2014 года дырэктывай начальніка Генеральнага штаба Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь на базе кадргрупы артылерыі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады сфарміравана новая вайсковая часць — 191-я група артылерыі. Пастаянным месцам дыслакацыі выбраны ваенны гарадок Бароўка.
Групе дадзены грозныя артылерыйскія сістэмы, якія здольныя на роўных змагацца з розным праціўнікам. Напрыклад, першы дывізіён укамплектаваны самаходнымі ўстаноўкамі 2-С1, другі — устаноўкамі 2-С3М, трэці дывізіён — супрацьтанкавая артылерыя і супрацьтанкавыя кіруемыя рэактыўныя снарады. Чацвёрты дывізіён — рэактыўны, мае ўстаноўкі залпавага агню “Град”. Усяго па штатах мірнага часу ў 191-й групе артылерыі служаць 265 чалавек, якія пастаянна займаюцца павышэннем свайго баявога майстэрства. Стралковыя і танкавыя падраздзяленні будуць надзейна прыкрыты ў залежнасці ад пастаўленых перад імі задач.
Звяртаюся да камандзіра групы падпалкоўніка Андрэя Емяльянава:
— Чаму месцам размяшчэння групы выбрана менавіта Бароўка?
— Хоць мы ўваходзім у склад 19-й брыгады, усё ж у сілу спецыфікі артылерыі нам лепей і зручней знаходзіцца ў Бароўцы. Уся інфраструктура Заслонава і заслонаўскага палігона з самага пачатку рабілася для навучання, падрыхтоўкі танкістаў і мотастралкоў. А ў Бароўцы традыцыйна размяшчаліся артылерыйскія часці, што і абумовіла цяперашні выбар. Напрыклад, тут зроблена прывязка геадэзічных кропак для навучання карэкціроўкі агню. Тут ёсць малы артылерыйскі палігон, якім можна карыстацца, не выязджаючы з часці. На ім вучацца дальнамершчыкі, карэкціроўшчыкі, афіцэры кіравання артылерыйскім агнём.
— Пераезд сям’і на новае месца жыхарства — вельмі цяжкая справа, а тут перамяшчалася цэлая вайсковая часць…
— Фарміраванне новай часці было для нас, вайскоўцаў, новай справай. Да гэтага 25 гадоў вайсковыя часці толькі скарачаліся, у арміі не засталося вопытных афіцэраў, якія б умелі фарміраваць падраздзяленні. Многаму даводзілася вучыцца з нуля, асвойваць усё метадам спроб і памылак. Перш чым пераехаць, быў зроблены капітальны рамонт у вучэбным корпусе, падноўлены боксы для захоўвання тэхнікі. Канчаткова перамясціліся ў Бароўку сёлета вясной. Рамонт не завяршаецца, для заняткаў і пражывання паднаўляюцца наступныя памяшканні.
— Наколькі зразумеў, шмат афіцэраў, прапаршчыкаў, кантрактнікаў жыве ў Заслонаве. Як вырашаецца транспартнае пытанне? Якія перспектывы забеспячэння жыллём бліжэй?
— Многія ваеннаслужачыя маюць уласны транспарт, дабіраюцца на службу самастойна. Па-другое, у нас ёсць свой аўтобус, які кожную раніцу прывозіць афіцэраў і прапаршчыкаў з Заслонава, Лепеля, а ўвечары вязе іх назад. Таму транспартнай праблемы асаблівай не бачу. А наконт жылля — не ўсё адразу, будзе і гэтае пытанне вырашацца паступова. Я звяртаўся да свайго камандавання, у мясцовыя органы ўлады. Пры фарміраванні новых жыллёва-будаўнічых кааператываў у Лепелі ці Бароўцы пэўная доля будзе будавацца і для вайскоўцаў.
— Раскажыце крыху пра сябе.
— Арміі аддаў больш за 20 гадоў. У 1995 годзе скончыў факультэт ракетных войскаў і артылерыі Ваеннай акадэміі, пасля чаго быў накіраваны на службу ў 51-ю групу артылерыі ў Асіповічы. Там прайшоў амаль усе службовыя пасады. У 2009 годзе зноў вярнуўся ў Ваенную акадэмію, паступіў на камандна-штабны факультэт, які скончыў у 2011 годзе, вярнуўся ў Асіповічы. Праз два гады жыццёвы лёс мяне звязаў з Лепельшчынай, я быў прызначаны намеснікам камандзіра 427-га рэактыўнага палка. А ў канцы 2014-га стаў камандзірам групы артылерыі, атрымаў задачу па яе разгортванні.
З дазволу камандзіра прайшоў у парк, каб пабачыць тэхніку, пагутарыць з артылерыстамі.
У адным з боксаў ішлі работы, двое салдатаў паднялі крышку маторнага адсека і нешта рабілі. Прадставіліся:
— Радавы Павел Ромаш, механік-вадзіцель самаходнай устаноўкі 2-С1 другой батарэі першага дывізіёна. Зараз са старшым сяржантам Андрэем Лук’янавым рамантуем паліўную сістэму самаходкі, шукаем, дзе працякае дызельнае паліва. Ён таксама механік-вадзіцель, праўда, не ў нашым дывізіёне, а ў батарэі кіравання і артылерыйскай разведкі. Аднак на маю просьбу адгукнуўся.
Якраз у гэты момант падышоў камандзір першага дывізіёна падпалкоўнік Сяргей Пятроўскі.
— Распавядзіце, як вам служыцца ў Бароўцы?
— Служба паўсюль аднолькавая, адрозненні зусім нязначныя. Я патомны вайсковец, мае бацька і старэйшы брат — афіцэры, таму ў свой час у мяне не было праблем і цяжкасцяў з выбарам прафесіі. У Бароўцы адносна нядаўна, да гэтага служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе ва Уруччы. І ў Бароўцы, і ва Уруччы інтэнсіўнасць баявой падрыхтоўкі прыблізна аднолькавая. Толькі з тым адрозненнем, што там тэхніка і баявыя разлікі яшчэ прыцягваюцца да ўдзелу ў парадах. У выніку механікі-вадзіцелі становяцца асамі як у кіраванні тэхнікай, так і ў яе рамонце і абслугоўванні.
Між тым, пакуль мы гутарылі, салдаты знайшлі, дзе працякаў дызель, і пачалі рамантаваць.
На здымку: камандзір першага дывізіёна падпалкоўнік Сяргей Пятроўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.