Археологические исследования возле Веребок на Лепельщине

Няспешна нясе плынь рака Бярэшча, моцна памялелая ў апошнія дні ад гарачыні, якая апанавала. Рака бярэ пачатак у возеры з аднайменнай назвай ля вёскі Чарніцы і звілістым рэчышчам кіруецца ў бок  Верабак. Па абодва бакі  Бярэшчы  балота, але за некалькі кіламетраў ад Верабак паўстае пясчаны пагорак, надвае перарэзаны яе рэчышчам. Менавіта на гэтым сухім месцы, за некалькі дзясяткаў метрах ад  ракі месціцца ўрочышча Дубавец. Тысячы год таму тут, на выспе пасярод вялікага старажытнага возера, жылі людзі. Больш за дзесяць год назад выпадкова сляды іх існавання знайшоў мясцовы краязнаўца Васіль Хацкевіч. А сёння ад ракі да Дубаўца вядзе добра прыкметная сцежка, натаптаная дзіцячымі нагамі за дзевяць дзён археалагічных раскопак.

Пачатак даследаванняў

Адлік навуковых даследаванняў ва ўрочышчы Дубавец пакладзены ў 2006 годзе, калі тут упершыню археалагічную разведку мясцовасці правёў археолаг з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Максім Чарняўскі. У наступным годзе навуковец працягнуў раскопкі ўжо на большай плошчы, заклаўшы невялікі раскоп і выявіў сляды існавання паселішча неаліту – бронзавага веку, якое атрымала ўмоўную назву Бярэшча-1. Тады ўпершыню ў археалагічных раскопках на Дубаўцы былі задзейнічаны сябры краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” з Велеўшчынскай школы. З тае пары і да цяперашняга часу цягнецца сяброўства сталічнага археолага і лепельскіх школьнікаў.   З 2019 года, тры палявых сезоны запар ва ўрочышчы Дубавец Максім Чарняўскі праводзіць шырокамаштабныя археалагічныя даследаванні.

Цікавыя знаходкі

Адной з асаблівасцей і ўнікальнасцю старажытнага помніка на Дубаўцы з’яўляецца тое, што ў грунце добра захоўваюцца касцяныя артэфакты. Дзякуючы гэтаму за ўвесь перыяд папярэдніх даследаванняў стала магчымым адшукаць шмат адметных вырабаў з косці і рагоў жывёл. Сярод якіх праколкі, адбойнікі, сякеры, наканечнікі стрэл, падвескі з зубоў жывёл.  У сёлетнім палявым сезоне былі знойдзены фрагмент касцянога гарпуна, наканечнік дзіды, сякеры і цяслы зробленая з рагоў лася. Шматлікія фрагменты костак жывёл дазваляюць адказаць на пытанне, на каго палявалі тагачасныя людзі. Гэта не толькі буйныя траваядныя жывёлы, такія як лось ці тур, а таксама мядзведзь, бабёр, ліса і куніца.  Трапляецца шмат  рыб’іх костак: шчупака, сома і акуня. Вадзілася некалькі тысяч гадоў назад у лепельскіх азёрах і балотная чарапаха, фрагменты панцыра якой таксама былі выяўлены на Дубаўцы.

Сенсацыйныя адкрыцці былі зроблены два гады таму, калі ў адным з раскопаў было знойдзена ўпрыгожванне з бурштыну. Трэба адзначыць, што бурштынавыя вырабы, якія ў той час імпартаваліся з берагоў Балтыйскага мора, не частая знаходка для каменнага і бронзавага вякоў па ўсёй тэрыторыі Беларусі.  Але сёлетні сезон прынёс чарговую сенсацыю. Была знойдзена яшчэ адна бурштынавая падвеска.

Пераважную частку знаходак складаюць фрагменты прыгожа арнаментаванай геаметрычнымі лініямі ляпной керамікі, па якой пераважна і праводзіцца даціроўка і прыналежнасць помніка да пэўнай археалагічнай культуры. Максім Чарняўскі паслядоўна пералічвае кожную з іх: кунда, нарвенская, усвяцкая, грабенчата-ямачнай керамікі, паўночнабеларуская, шнуравой керамікі, тшцінецкае культурнае кола.

Пераважную частку старажытных прылад працы, знойдзеных на Дубаўцы, складаюць крамянёвыя і каменныя  вырабы, сярод якіх  наканечнікі стрэл, скрабкі, камянныя цёрачнікі і адбойнікі.

Акрамя гэтага, сёлета быў выяўлены сапраўдны скарб тагачасных жыхароў Дубаўца. Гэта запас крамянёвай сыравіны, некалькі дзесяткаў дробных цэлых і пашчапаных камянёў гэтай пароды, які, выглядае, першапачаткова захоўваліся ў скураным мяшэчку і былі згубленыя ці забытыя ўласнікам. Справа ў тым, што Віцебшчына не багатая на крэмень, і якасная сыравіна сапраўды вельмі цанілася ў той час.

Памагатыя

Безумоўна, без добраахвотных памагатых, якія бяруць актыўны ўдзел у археалагічных раскопках, археолагу было б складана даследаваць аб’ект на вялікіх плошчах. У гэтым годзе, як і падчас папярэдніх раскопак, пераважную колькасць валанцёраў складалі вучні і настаўнікі Слабадской яслі-сад – сярэдняй школы, а таксама іншых школ раёна. Сёлета на базе Слабадской школы быў арганізаваны палявы палатачны лагер краязнаўчага профілю “Дубавец”, удзельнікі якога і прымалі ўдзел у раскопках.

Не забываюць заглянуць на раскопкі і былыя школьнікі, цяперашнія студэнты розных навучальных устаноў. Іх валанцёрская дапамога заўсёды да месца, а яшчэ станоўчы прыклад для дзяцей, як і пасля заканчэння школы не згубіць цікавасць да вывучэння гісторыі свайго краю.

Максім Чарняўскі бачыць вялікую навуковую перспектыву ў далейшым даследаванні археалагічнага мікрарэгіёна Бярэшча. Ён лічыць, што зробленыя цягам апошніх гадоў адкрыцці ўжо сталі вялікай сенсацыяй у навуковым свеце, а наперадзе яшчэ шмат новых адкрыццяў, бо на сёння абследаваная толькі маленькая частка наваколля. Гэта надае ўнікальнасць нашаму рэгіёну, яго мінуламу, а таксама робіць прывабным для прыцягнення ўвагі навукоўцаў і ў іншых галінах.  А практычнае значэнне для Лепельшчыны цяжка пераацаніць. Гэта не толькі стварэнне ўнікальнай экспазіцыі па матэрыялах даследаванняў у раённым музеі. Дарэчы, першыя знаходкі з папярэдніх раскопак, у тым ліку і бурштынавая падвеска, ужо перададзены ў яго фонды. Адным з накірункаў якія можна развіваць, з’яўляецца і гістарычны турызм.

Валерый  Тухта

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.