Асуджаныя пад наглядам

З 21 па 29 верасня бягучага года праводзілася спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Нагляд”. У ім прынялі ўдзел усе службы і падраздзяленні Лепельскага РАУС і былі прыцягнуты супрацоўнікі Лепельскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

312683-7У перыяд правядзення мерапрыемства ў вячэрні і начны часы правяраліся па месцы жыхарства ўсе асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лепельскага РАУС. Гэта асуджаныя да адбывання пакаранняў па прыгаворах судоў, не звязаных з пазбаўленнем свабоды, маюць не знятую і не пагашаную судзімасці пасля адбыцця пакарання і вяртання з месцаў пазбаўлення волі, а таксама тыя, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. Усяго па месцы жыхарства было праверана 300 асоб, якія маюць судзімасць. З іх сямёра грамадзян знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, 69 чалавек, у адносінах якіх прэвентыўны нагляд можа быць устаноўлены, 22 асобы, асуджаныя да пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, 124 грамадзяніны, асуджаныя па пакараннях, не звязаных з ізаляцыяй асуджанага ад грамадства і іншых мер крымінальнай адказнасці, за выключэннем абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, і сто іншых асоб, што маюць судзімасць.
У час спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў праведзена пасяджэнне назіральнай камісіі пры Лепельскім райвыканкаме з удзелам начальніка Лепельскага РАУС і ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. На пасяджэнні было разгледжана дзесяць асоб, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лепельскага РАУС, не працуюць і злоўжываюць спіртнымі напоямі, якім была прапанавана дапамога па працаўладкаванні.
У адносінах адной асобы, што знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Лепельскага РАУС і пастаянна парушае грамадскі парадак, устаноўлены прэвентыўны нагляд з вызначанымі абмежаваннямі, такімі як знаходжанне па месцы жыхарства ў вячэрні час і строгай яўцы на рэгістрацыю ў Лепельскі РАУС.
Было выяўлена два парушэнні парадку, умоў адбывання пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці. Тры асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
У адносінах грамадзяніна Р., асуджанага да выпраўленчых работ, які неаднаразова парушаў умовы адбывання пакарання, узбуджана крымінальная справа па арт. 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
З мэтай далейшай работы па падтрыманні правапарадку на тэрыторыі Лепельскага раёна ўсім грамадзянам неабходна не заставацца ўбаку і аб вядомых ім фактах парушэнняў грамадскага парадку асобамі, што маюць судзімасць і адбываюць пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем свабоды, звяртацца ў Лепельскі РАУС па тэлефонах 102 або 4-70-83.
Сяргей МАДЗІЛАЎ, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС маёр міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.