Автосервис продать невозможно

 

img_3368Як сёння ідуць справы ў аўтасэрвісе, які належыць ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”, што непадалёк ад маста праз Улу? Якія змены там адбыліся з моманту апошняга прыезду карэспандэнта? Як ён увогуле выглядае на фоне прыватнікаў? Якія магчымыя перспектывы? За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні аўтар гэтых радкоў рушыў у чарговую камандзіроўку.

* * *

Спачатку аб’ехаў прыватныя аўтасэрвісы горада з мэтай вызначыць, ці ёсць плацежаздольны попыт на іх паслугі? Ва ўсіх гаражах, на рабочых месцах, на пад’ёмніках стаялі аўтамашыны. Праўда, некаторыя пад’ёмнікі пуставалі. Сітуацыю патлумачыў дырэктар аўтацэнтра “Запаска” Васіль Смажэўскі:

— З эканамічным крызісам плацежаздольны попыт насельніцтва істотна знізіўся, мы гэта кожны дзень бачым. Асноўныя заказы ў нас – па тармазных сістэмах, бо аўтааматары, рыхтуючыся да праходжання тэхагляду, асаблівую ўвагу звяртаюць менавіта на тармазы.

Аўтамабілі ёсць, уладальнікі іх рамантуюць, попыт на паслугі аўтасэрвісу ў наяўнасці – такія высновы былі зроблены пасля аб’езду. Прыблізна такая ж сітуацыя і на прыватных аўтасэрвісах, якія працуюць побач з нашым аб’ектам. Праз дарогу дзейнічае прадпрыемства “Портанова”, у боксах і на пляцоўцы перад імі стаяць некалькі машын, майстры завіхаюцца, рамантуюць. Побач цэх выкупіў прыватны прадпрымальнік, наладзіў выкананне кузаўных работ – падрыхтоўку і фарбаванне машын. Другое памяшканне іншы індывідуальны прадпрымальнік заняў пад шынамантаж. Увесь час, пакуль быў на аўтасэрвісе, адтуль чуліся гукі работы, працаваў кампрэсар.

* * *

Цішыня – самае трапнае слова для характарыстыкі аўтасэрвіса сёння. У 1980-ыя гады аўтасэрвіс працаваў у дзве змены, калектыў налічваў да 50 чалавек. З іх каля 35 займаліся непасрэдна рамонтам машын (механікі, зваршчыкі, маляры), астатнія – ІТР: кіраўніцтва, бухгалтары, майстры і начальнікі складоў. На сёння ўвесь персанал аўтасэрвіса – два чалавекі: слесар Аляксей Алісіевіч і начальнік Наталля Васілёнак. Пры гэтым Наталля Аляксееўна сумяшчае і іншыя пасады ў ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”.

На момант прыходу карэспандэнта Аляксей Аляксеевіч рамантаваў “Жыгулі” сацыяльнай службы райвыканкама, рэгуляваў клапаны ў рухавіку. Расказаў, што ў прынцыпе працы, заказаў хапае, заняты кожны дзень.

Памяшканне вялікае, прасторнае, раздзеленае на тры цэхі, у кожным ад двух да чатырох працоўных месцаў. Аднак пад’ёмнікі, рамонтныя ямы, фарбавальная камера стаяць пустыя. Тэхнічна станцыя аснашчана, здаецца, і няблага, для паўнавартаснай працы неабходна было б дакупіць пэўнае абсталяванне, але гэта не такія ўжо і вялікія расходы ў маштабах прадпрыемства.

Аднак другі бок медаля (стан будынка) адкрываецца пад час дажджу. Дах, колькі яго ні рамантавалі, усё роўна цячэ што тое рэшата. Больш за сем гадоў прыязджаю на аўтасэрвіс, і кожны раз назіраю прыблізна адну і тую ж сітуацыю – лужыны ўнутры памяшкання.

Яшчэ адзін недахоп памяшкання адкрываецца зімой – яно абсалютна халоднае. Тэмпература цяплей за навакольную на некалькі градусаў. Мяркую, не варта расказваць пра адчуванні механіка, якому трэба корпацца ў маторы пры мінус 10. А некаторыя аперацыі, як, напрыклад, фарбаванне, трэба праводзіць толькі ў добра прагрэтых (да 50 градусаў) памяшканнях і камерах. І колькі будынак ні рамантавалі, з цеплаізаляцыяй год ад году станавілася ўсё горш і горш.

І круглы год адна і тая ж праблема – адсутнасць электраэнергіі. Так-так, на прадпрыемстве, дзе павінна функцыянаваць такое абсталяванне, як асвятленне, электрадрылі і свідравальныя станкі, шліфмашынкі, электразварка, электрапад’ёмнікі, няма ўстойлівага забеспячэння. Каля двух гадоў таму кіраўніцтва ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” набыло бензагенератар кітайскай вытворчасці, але яго магутнасць аказалася настолькі мізэрнай, што яе ледзь-ледзь хапае для аднаго электрапад’ёмніка. Пакуль агрэгат падымае машыну, усё астатняе абсталяванне адключаецца.

* * *

Як жа сталася, што паспяховае, прыбытковае калісьці прадпрыемства з цягам часу стала стабільна стратным?

Крызіс 1990-ых гадоў паравым катком прайшоў па ўсёй эканоміцы, усіх прадпрыемствах. Тыя, хто не паспеў своечасова перабудавацца, пераналадзіцца на працу ў новых, рыначных, умовах, прыйшлі ў заняпад. У пачатку 2000-ых гадоў аўстасэрвіс быў далучаны да ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. Сельскагаспадарчая арганізацыя не вылучалася паспяховасцю, яе даўгі нарасталі як снежны ком, цягнулі ўніз абедзве структуры. Варта прывесці хаця б такі факт, што менавіта за даўгі ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” станцыю тэхнічнага абслугоўвання, як і ўсе аб’екты гэтага прадпрыемства, акрамя ферм, адключылі ад электразабеспячэння. І хаця станцыя выручкай ад бягучай дзейнасці пакрывала свае расходы на электрычнасць, усё ж закрыць даўгі ўсяго аграсэрвіса не магла.

* * *

Што ж рабіць? Якія магчымыя шляхі выйсця з цяжкай сітуацыі? З гэтымі пытаннямі аўтар звярнуўся да дырэктара ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” Арцёма Байдачэнкі. Кіраўнік сказаў:

— Скажу шчыра, станцыя тэхабслугоўвання – мой галаўны боль ва ўсе гады. Маё цвёрдае перакананне, што станцыяй трэба было займацца гадоў 15 таму, а зараз праблемы настолькі запушчаныя, што для іх вырашэння патрабуюцца вялікія сродкі, якія будуць акупляцца вельмі і вельмі доўга. Я быў бы рады пазбавіцца гэтага актыву, але як прыйдуць інвестары, як пачуюць кошт аб’ект, адразу адмаўляюцца.

— А якая цана?

— На сёння па рэштавым кошце станцыя тэхабслугоўвання з усім абсталяваннем, дапаможнымі будынкамі, складамі ўяўляе сабой адзіны маёмасны комплекс і каштуе каля 800 тысяч рублёў.

— Ці магчыма знізіць цану?

— Гэта ацэнкі, ад якіх мы не можам адступіць. Калі не памыляюся, увесну службай судовых выканаўцаў была праведзена спроба рэалізаваць праз аўкцыён станцыю тэхабслугоўвання за даўгі аграсэрвісу. Лот быў ацэнены дзесьці каля 150 тысяч рублёў. Аднак і пры настолькі зніжанай цане пакупніка на яго не знайшлося.

— Якая запазычанасць за электраэнергію?

— Амаль 300 тысяч рублёў.

— Ці магчымы якія-небудзь іншыя варыянты?

— Вядзём перамовы з райвыканкамам, каб перадаць аўтасэрвіс у яго уласнасць. Магчыма, ён паступіў бы на баланс КУВП “Бароўка”. Камунальнікі маглі б на яго аснове зрабіць сабе рамонтныя майстэрні…

* * *

Разважаючы ж пра магчымыя варыянты, можна прыйсці да наступных высноваў. Так, сапраўды, станцыю тэхабслугоўвання варта аддзяліць ад аграсэрвісу і прадаць яго з істотным зніжэннем цаны, можа нават да адной базавай велічыні. Бо ў далейшым інвестару для развіцця прадпрыемства і вываду яго на стабільную бесперабойную працу патрабуюцца час і значныя капітальныя ўкладанні. КУВП “Бароўка” СТА наўрад ці патрэбна, прадпрыемства мае ўласную рамонтную базу.

Магчымаму будучаму ўладальніку для выхаду на стабільную прыбытковую працу аўтасэрвіса давядзецца вырашаць шэраг праблем і задач. У першую чаргу, будынку патрэбен капітальны рамонт. Трэба перарабіць дах, зрабіць уцяпленне сцен і вокнаў, наладзіць эканомную і эфектыўную сістэму ацяплення. Магчыма, на перспектыву варта пашырыць брамы і абсталяваць адно-два месцы для рамонту і тэхабслугоўвання грузавых машын, сядзельных цягачоў.

Аднак самая галоўная, на погляд аўтара, праблема – кадравае забеспячэнне. Як сабраць у адзін калектыў і зацікавіць майстроў самай высокай кваліфікацыі? Не сакрэт, што больш за палову поспеху той ці іншай аўтамайстэрні залежыць ад рамонтнікаў, ад таго, як якасна і добрасумленна яны будуць працаваць. Пакуль жа ў гэтым плане сітуацыя ў раёне праблемная. Амаль усе кваліфікаваныя майстры аддаюць перавагу працы на саміх сябе або ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, або ўвогуле па шэрых схемах, без рэгістрацыі.

Пакуль што пытанняў больш, чым адказаў.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: аўтасэрвіс ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс” ля маста праз Улу.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.