Азёры і рэкі абмялелі

Лепяльчанка Таццяна Кудзінава звярнулася ў рэдакцыю з наступным пытаннем:

— Я жыву на беразе ракі Эса з дзяцінства, у бацькоўскім доме. Мама распавядала, што гадоў 70 таму, яшчэ да пабудовы гідраэлектрастанцыі Эса ўяўляла сабой ручай, які можна было перайсці па кладках. Я ўжо памятаю Эсу паўнаводнай, па ёй плавалі на чаўнах, бо з пабудовай ГЭС падняўся ўзровень вады. А за апошнія два гады карціну назіраю адваротную, узровень вады настолькі ўпаў, што чаўны стаяць на беразе ў глеі. Эсу хутка можна будзе пешшу ў гумавых ботах перайсці. Бераг Лепельскага возера агаліўся, вада адступіла. Хацелася б даведацца меркаванне спецыялістаў, з чым гэта звязана? Магчыма, скідвалася занадта шмат вады з ГЭС?

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў паведаміў:

— Нядаўна да нас з падобным пытаннем звяртаўся жыхар вуліцы Веры Маргевіч. Ён быў занепакоены станам ручая, які злучае азёры Святое і Проша. Маўляў, даўней, да рэканструкцыі і добраўпарадкавання тэрыторыі ля Святога, у ручаі заўсёды была вада. А зараз там выкапаны дзве сажалкі, якія, напэўна, і забіраюць ваду. Ад гэтага і Проша абмялела. Мы ж звярнулі ўвагу на тое, што два апошнія гады надта сухія: зімы былі маласнежныя, улетку сухмень стаяла. Больш дакладныя даныя па ўзроўні ападкаў можна атрымаць на метэастанцыі.

Выконваючая абавязкі начальніка Лепельскай метэастанцыі Мая Углік:

— У 2014 годзе пры норме 685 міліметраў ападкаў выпала 612, што складае 89 працэнтаў, за восем месяцаў бягучага года выпала 346 міліметраў пры норме ў 473 (73 працэнты). А што такое адзін міліметр? Адзін міліметр ападкаў адпавядае дзесяці тонам вады на гектар. А перакладзіце цяпер на плошчу ўсяго раёна, тады будзеце мець уяўленне пра дэфіцыт вады. Зазначу, што такая сітуацыя характэрная не толькі для Лепельскага раёна, а і для ўсёй Беларусі. Значна абмялелі Заходняя Дзвіна, Бярэзіна, Дняпро, Прыпяць. На суднаходных у такую пару рэках спынілася навігацыя.

Замеры ўзроўню вады і скіды воднай масы праз шлюзы ажыццяўляюцца на гідраэлектрастанцыі, якая знаходзіцца ў распараджэнні раёна электрасетак. Аўтар гэтых радкоў накіраваў афіцыйны зварот з просьбай патлумачыць сітуацыю, аднак ніякага адказу пакуль што не паступала.

С. БАЗЫЛЬ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.