Баявое хрышчэнне “Гваздзікі” прынялі ў Афганістане

img_0660Жыхары вёсак Зорніца, Горкі, Экімань, Захоціна, Малое Жэжліна ўжо прывыклі, што перыядычна з боку лесу чуюцца раскаты выбухаў. “Зноў вайскоўцы бабахаюць,” — кажуць. Па гуку стрэлу ўжо нават могуць вызначыць, з чаго страляюць: з БМП, танка ці гарматы.

Нядаўна аўтару гэтых радкоў выдалася магчымасць пабываць на вучэбных стрэльбах 191-й групы артылерыі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Сонечным вераснёўскім днём прыехаў на палігон. У цэнтры агнявой пазіцыі размясціліся танкі, справа стаялі некалькі баявых машын пяхоты, а самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі групы размясціліся на левым флангу.
Разлікі самаходак выстраіліся для атрымання інструктажу. Камандзір групы падпалкоўнік Андрэй Емяльянаў кажа:
— Калі сядзеце ў самаходку, не спяшайцеся, рабіце ўсё, як вас вучылі. Галоўнае — тэхніка бяспекі. Механікі-вадзіцелі, абавязкова задрайвайце люкі, бо ў адваротным выпадку ад стрэлу аглухнеце, ствол і дульны тормаз знаходзіцца якраз над вамі. Калі раптам штосьці пойдзе не так — сувязь прападзе, гільза заклініць, — камандзір разліку адчыняе свой люк і высоўваецца. Афіцэры ўпраўлення групы падыдуць і даведаюцца, у чым замінка, дапамогуць. Самае галоўнае — не спяшацца.
* * *
Далей афіцэры размяркоўваюць, які разлік на якой самаходцы будзе страляць. Улучыўшы хвіліну, гутару з камандзірам групы.
— Якая задума вучэнняў?
img_0670— У групу на вайсковыя зборы прызваны ваеннаслужачыя запасу. Яны ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў адслужылі тэрміновую службу, а зараз вярнуліся ў войска, каб успомніць былыя навыкі. Спачатку праводзіліся тэарэтычныя заняткі, на якіх запаснікі ўспаміналі былыя ўменні і навыкі, зладжваліся разлікі, кожны нумар успамінаў, асвойваў свае дзеянні. Зараз праводзіцца, так бы мовіць, індывідуальная стральба, кожны разлік паказвае свае ўменні. З інтэрвалам у некалькі дзён будуць праводзіцца стрэльбы ў складзе батарэй, дывізіёнаў, урэшце — усёй групай артылерыі. На завяршэнне — комплекснае вучэнне брыгады з удзелам падраздзяленняў розных відаў войскаў. Мотастралкі, танкісты будуць дзейнічаць пры нашай агнявой падтрымцы.
— Куды сёння будуць страляць?
— Вунь, на процілеглым баку палігона, бачыце белыя фігуры? Гэта мішэні, зробленыя з жэрдак і абцягнутыя белай тканінай. Туды і трэба пасылаць снарады. Дыстанцыя — паўтара кіламетра. Да канца дня гэтыя мішэні павінны быць разнесеныя ў шматкі. Аднак павінен сказаць, што самае галоўнае, каб салдаты сёння адчулі тэхніку, сталі часткай самаходкі. Толькі ў такім выпадку магчыма паспяховае выкананне баявой задачы.
— Як наладжаны побыт?
— У вайсковую часць прыбылі некалькі дзён таму, у казармах пажылі з тыдзень, а зараз — на палігоне, жывём у палатках. Ежу гатуюць тут жа, у палявой кухні. Палаткі цёплыя, печкі ёсць, дровы — так што ўсе ўмовы для выканання баявых задач створаны.
* * *
Самаходная артылерыйская ўстаноўка 2С1 яшчэ называецца “Гваздзік”. Артылерыйская сістэма была распрацавана ў 1960-я гады, у 1970-х стала актыўна паступаць у часці Савецкай арміі. У той час стала відавочнай патрэба ў падобным відзе ўзбраення. Гармата калібрам 122 міліметры, здольная паражаць цэлі як прамой наводкай, так і стральбой з укрыццяў на дыстанцыі да 21,9 кіламетра. Снарады яе здольныя знішчаць жывую сілу праціўніка, танкі і бронемашыны, разбіваць умацаваныя кропкі. Корпус зроблены такім чынам, што можа надзейна абараняць разлік ад куль і асколкаў. Разам з тым машына можа плаваць, пераадольваць водныя перашкоды. Рухавік ЯМЗ-238 магутнасцю 300 конскіх сіл дазваляе з хуткасцю да 60 кіламетраў за гадзіну артылерыстам аператыўна мяняць пазіцыю.
Баявое хрышчэнне “Гваздзікі” прынялі ў Афганістане, там яны паказалі сябе як выдатны сродак падтрымкі пяхотных, дэсантных і танкавых падраздзяленняў. Артылерысты трапным агнём разбівалі ўкрыцці душманаў, выбівалі іх з засад, прымушалі адступаць і ўцякаць. І ў канфліктах постсавецкага часу 2С1 не страцілі сваёй эфектыўнасці. А па класіфікацыі НАТА артылерыйская сістэма “Гваздзік” занесена ў Soviet Big 7 самых небяспечных відаў узбраенняў іх патэнцыйных праціўнікаў разам з такімі грознымі і праслаўленымі ўзорамі, як верталёт Мі-24, танк Т-72 і баявыя машыны пяхоты.
* * *
img_0680У апошнім прызыве вайскоўцаў запасу нясуць службу двое хлопцаў з Лепельскага раёна. Арцём Цімошчанка жыве ў Лепелі на вуліцы Першамайскай, часова не працуе. У 2004-2005 гадах ён нёс тэрміновую службу ў артылерыйскай часці ў Слоніме, асвоіў там спецыяльнасць тэлефаніста. Аляксандр Маскаленка з вёскі Заазер’е служыў крыху раней, у 1999-2000 гадах. Праўда, бліжэй — у Бароўцы, у 231-м артылерыйскім палку, таксама тэлефаністам.
— Як патрапілі на зборы?
Адказвае Арцём:
— Нас прызвалі аднолькавым чынам. Спачатку патэлефанавалі, сказалі, што нас прызываюць на зборы ваеннаабавязаных запасу. Потым было ўручэнне павестак, медкамісіі — і вось мы тут.
— Як вам жыццё ва ўмовах палігона, не надта холадна па начах?
— Нармальныя баявыя ўмовы, — кажа Аляксандр. — Днём цёпла, на некаторых занятках нават душна. А ноччу палаткі ацяпляюцца. Харчаванне выдатнае, гарачыя стравы даюць па тры разы на дзень.
— Параўнайце са сваёй тэрміновай службай, — папрасіў Арцёма.
— Пад час службы па прызыве мы з нуля асвойвалі свае вайсковыя спецыяльнасці, а тут засталося толькі ўспомніць. А ўспамінаць лёгка, тэхніка засталася тая ж самая.
— Па доме паспелі засумаваць?
— Не зусім, прызваліся адносна нядаўна. Ды і мабільная сувязь пад рукой, увечары, пасля заданняў і практыкаванняў можна знайсці хвілін з дзесяць, каб пагаварыць з жонкай.
— Да гэтых збораў вы былі знаёмыя між сабой?
— Не, — усміхнуўся Аляксандр, — да збораў мы не былі знаёмыя. З усімі хлопцамі пазнаёміліся тут. Адносіны складваюцца нармальныя, сяброўскія.
* * *
Між тым тры самаходкі занялі агнявыя пазіцыі. Прысадзістыя сілуэты, рэзкія абрысы надавалі машынам драпежны і разам з тым своеасабліва прыгожы, непаўторны выгляд. Як кажуць авіяканструктары: “Непрыгожая машына лётаць не зможа”. У пэўным сэнсе гэта выказванне вернае і для артылерыі. Знешні выгляд гарманічна дапаўняе і дапамагае раскрыць унутраную сутнасць баявой машыны. 2С1 “Гваздзік” заўсёды вызначалася хуткасцю перамяшчэння, трапнасцю, дакладнасцю ўдараў і трываласцю, неверагоднай надзейнасцю.
Побач застылі камандна-штабныя машыны, афіцэры аддавалі апошнія каманды, боепрыпасы загружаны ў баявыя аддзяленні. Старшы афіцэр на батарэі камандзір першага дывізіёна падпалкоўнік Сягрей Пятроўскі раіць:
— Зараз будуць страляць. Не выходзьце наперад, можаце сачыць за мішэнямі. Вушы прыкрыйце далонямі, а рот раскрыйце, каб на барабанныя перапонкі не біла выбуховай хваляй.
Першы стрэл, хоць і глядзелі на самаходку, сачылі за ёй, раздаўся зусім нечакана. Снарад паляцеў у цэль, ірвануў. Афіцэр з камандна-штабной машыны, які глядзеў за мішэнямі ў бінокль, дакладвае:
— Крайняя правая мішэнь паражона ў левы верхні вугал! З першага стрэлу!
Наступны стрэл прагучаў яшчэ больш нечакана — падала голас самаходка злева. Машыну на некалькі секунд завалок шызы парахавы дым. Яго адразу аднесла ўбок ветрам.
Разлікі страляюць няспешна, стараюцца прыцэліцца трапна, каб кожны снарад пайшоў дакладна ў цэль. Кожнаму разліку для практыкаванняў выдзелілі па тры баявыя штатныя снарады.
Свабодныя разлікі, салдаты іншых падраздзяленняў, не занятыя непасрэдна ў стральбе, стаялі зводдаль, крыху ззаду. Аднак ніхто не заставаўся раўнадушным. Кожнае ўдалае пападанне віталі дружнымі воклічамі, а ўшчэнт разбітыя мішэні — авацыямі.
Вось адстраляўся першы разлік. Хлопцы вылезлі з баявой машыны, знялі шлемы. Эмоцыі перапаўняюць іх, яны адчулі сапраўдную баявую моц, сілу сваёй грознай зброі. Не адразу разумеюць, што ім перш за ўсё трэба ісці да старшага афіцэра на даклад.
— Таварыш падпалкоўнік, разлік практыкаванне па стральбе выканаў. Дазвольце атрымаць заўвагі.
— Заўваг няма, малайцы, ідзіце адпачывайце. Наступны разлік — па месцах! Аб гатоўнасці далажыць. Па гатоўнасці — агонь.
Некалькі разоў камандзірскія люкі самаходак адчыняліся. Афіцэры падыходзілі, давалі парады, як правільна выканаць аперацыю. Праз некалькі хвілін замінкі выпраўляліся, і “Гваздзікі” зноў падавалі свой голас-бас.
* * *
Стралялі да позняга вечара. Парахавым дымам прапахла ўсё: рукі, вопратка, прылады карэкціроўшчыкаў, дальнамеры і бусолі, машыны баявыя і штабныя, нават трава і кустоўе. На агнявым рубяжы заставалася толькі пераараная снарадамі зямля ды дзе-нідзе віднеліся рэшткі мішэняў. “Вораг” не прайшоў!
Салдаты крочылі з баявых пазіцый, абменьваючыся ўражаннямі. Хтосьці параўноўваў з тым, як стралялі ў тэрміновую службу. Безумоўна, праз дзесяць — пятнаццаць гадоў адны і тыя ж працэсы і падзеі ўспрымаюцца і асэнсоўваюцца па-рознаму. Лепшы разлік быў узнагароджаны па-паходнаму, кожнаму байцу выдзелілі па бляшанцы тушонкі і згушчанага малака. Свае “трафеі” яны раздзялілі з баявымі таварышамі на вячэры.
На здымках: Арцём Цімошчанка і Аляксандр Маскаленка на камандна-штабной машыне; камандзір разліка падняў люк — узнікла нейкая замінка; пасля паспяховай стральбы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.