Корабль получился широкий, просторный, такой же, как и их подростковые мечты

img_0706Яны зусім розныя. Павольны і флегматычны Саша, з якога часам і слова не выцягнеш. Толькі калі ўжо асвоіцца і разгаворыцца, можна крыху прыадкрыць, зазірнуць у яго ўнутраны свет. І хуткі на пад’ём ды шчодры на слова Лёня, хлопчык уладарны, дзейны, прадпрымальны. Што ж іх аб’ядноўвае, акрамя таго, што абодва васьмікласнікі з СШ №3? Аб’ядноўвае творчасць. Ходзяць абодва, ужо не першы год, у гурток “Зрабі сам” да настаўніка працы Міхаіла Матусевіча. У гуртку атмасфера творчая, кожны мае магчымасць рэалізаваць сябе, сувымерна са сваімі здольнасцямі і фантазіяй. Саша спачатку зрабіў кубак, сам зрабіў, ніхто не дапамагаў. А гэта ж, паверце, не так проста, бо трэба разцом — па дрэве, і не парэзацца, і не схібіць. Для пачаткоўца — справа нялёгкая. Кубак атрымаўся, нават трапіў на выставу.
А карабель майстравалі ўдвух з дзевяцікласнікам Дзянісам Мацюшам. Карабель атрымаўся шырокі, прасторны, гэткі ж, як і іх падлеткавыя мары. А пасля яшчэ з Дзянісам зрабілі прыгожую тэхнаёлку. Высокая, гонкая, прыгажуня, зараз красуецца ў школьным піянерскім пакоі. А затым рабіў мячык. Праўда, тут ужо яму дапамагалі іншыя.
А Лёню раптам захацелася змайстраваць аўтамат ППШ. Сказана — зроблена. Хлопец хоць і займаецца зусім, здавалася б, мірнай справаю, разьбой па дрэве, аднак марыць пра ваенную прафесію — хоча служыць у “спецназе”. Адсюль, відаць, і захапленне зброяй. Згадзіцеся, нялёгка звычайнаму дрэву надаць форму баявой зброі, хай сабе яна і не сапраўдная. Трэба і на дрэваапрацоўчым станку папрацаваць, і разцом пастарацца. Трэба, урэшце, сілу ў руках мець. Лёнька сілу гартуе ў спартыўных практыкаваннях, займаецца цяжкой і лёгкай атлетыкай — у “спецназ” жа рыхтуецца.
Цікава, што рамесніцтва для яго не заканчваецца школаю. Дома, у Баравенскіх Хутарах, майструюць з бацькам табурэткі. Акрамя таго, хлопчык робіць маленькі сувенірны карабель, а марыць пра вялікі. Вырабы, дарэчы, свае збіраецца выставіць улетку на прылавак побач з таварам, якім маці гандлюе на рынку. А што, магчыма, хтосьці і зацікавіцца.
Усё Лёньку цікава — ці ППШ майстраваць, ці табурэтку рабіць, ці качацца, ці нават садзіць капусту. Усё ў яго добра атрымліваецца.
Ну, а Саша — хлопец вясковы. Хоць і жыве ў горадзе, ды да вёскі, як кажуць, душою прырос. Асабліва падабаецца яму ў Двор- Бабчы. Там жывуць абедзве бабулі — Ніна і Ядзя. Усё ўмее — і з трымерам, і з сякераю, і на агародзе паліваць дапамагае, і козачкам сена накосіць. Саша працавіты і настойлівы. Вось, напрыклад, наважыліся з бацькам сабраць рухавік да матацыкла — і зрабілі. З тэхнікай Саша сябруе даўно, і скутар свой мае. Шкада, толькі ездзіць пакуль на ім нельга. Ды не бяда, ужо хутка можна будзе здаць на правы і тады — вольнаму воля. Які ж падлетак не любіць хуткай язды!
Мужчына павінен умець усё, у тым ліку і есці прыладзіць. Вось і для Сашы не праблема суп зварыць, бульбы падсмажыць. Пакуль маці на працы — далёка, аж у Домжарыцах, працуе, — дома ён сам сабе гаспадар. А ў гаспадара павінен быць парадак. Ну, ды кулінар ён яшчэ не вельмі.
Ва ўсякім разе, такіх сакаўных, духмяных, смачных клёцак, як у бабулі Ніны, сам не прыгатуе. Няма нічога смачней за тыя бабчанскія клёцкі.
На здымку: Лёня Балаеў і Саша Вішнеўскі, васьмікласнікі СШ №3, разбяры па дрэве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.