«Белые росы» открыли новые таланты на Лепельщине

Цёплым суботнім вечарам у Бароўцы прайшоў раённы конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Белыя росы-2021”, прысвечаны Году народнага адзінства. Больш за 25 гадоў мерапрыемства “жыве” ў раёне, не страчвае сваёй актуальнасці, а толькі набірае “абароты”. Нераўнадушныя да жывой музыкі жыхары нашага раёна і госці кожны год у канцы чэрвеня спяшаюцца на бераг маляўнічага возера Шчыбат, каб пазнаёміцца з маладымі талентамі, сустрэцца з сябрамі і проста правесці прыемна час. Некаторыя нават з іншых гарадоў прыязджаюць на выхадныя дні да родных, каб адчуць гэтую атмасферу свята і моцную энергетыку выканаўцаў.

Удзельнікі конкурсу — людзі розных прафесій, некаторыя – навучэнцы, большасць з іх — моладзь, таму і праводзіцца фестываль напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва.

Кожны год конкурс мае розную тэматыку нумароў, акрамя гэтага праводзяцца розныя выставы, працуюць гандлёвыя палаткі. Па традыцыі дзеці спяшаюцца на батут, купіць цацку, паспытаць салодкую вату і папкорн.

Я ж адразу накіроўваюся да фотавыставы “Нам ёсць, чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы”.

Тут хочацца адзначыць, што кожны сельскі Дом культуры падрыхтаваўся вельмі сур’ёзна. Яно і зразумела, у такіх установах працуюць сапраўдныя прафесіяналы, творчыя і апантаныя любімай справай людзі. Яркія, з глыбокім сэнсам і ідэяй здымкі не пакінулі раўнадушымі ні гасцей свята, ні журы.

Асабліва мяне ўразіла работа Старалядненскага сельскага Дома культуры. Яна, урэшце, і атрымала ганаровае першае месца. Акрамя гэтага, сваёй неардынарнасцю здзівілі прадстаўнікі з Каменя, Стай, Баброва і іншых населеных пунктаў.

Ну вось і надышоў час конкурсу маладых выканаўцаў “Запалі сваю зорку”, у якім удзельнічаюць выканаўцы раёна ва ўзросце да 31 года.

На сцэну запрасілі ўсіх канкурсантаў. Філіял “Бароўскі цэнтр культуры і вольнага часу” прадставіла Вольга Вараб’ёва, самая маладая ўдзельніца, Домжарыцкі СДК — Ксенія Багуцкая, Баброўскі сельскі Дом культуры  — Кацярына Рымарава і Вольга Петухоўская. Ксенія Хацкевіч прыехала з аграгарадка Камень, Вікторыя Воюш — з Юркоўшчыны. Дзіяна Аксяновіч прадставіла вёску Горкі, а Любоў Карапецян — аграгарадок Поўсвіж.

Кожны з канкурсантаў падрыхтаваў дзве песні. Першае аддзяленне было прысвечана творам нацыянальнай культуры розных народаў.

І паліліся спевы над возерам, узнімаючы настрой прысутным.

Пакуль маладыя артысты рыхтаваліся да другога аддзялення, была прадстаўлена адкрытая сцэна для мола­дзевай творчасці “Даешь, моладзь!”, дзе кожны жадаючы мог праявіць свой талент у розных жанрах мастацтва.

Так, Юлія Клундук расказала верш і сыграла на гітары, да яе далучыўся Марк Куракоў і іншыя творчыя маладыя людзі Лепельшчыны, за што атрымалі бурныя апладысменты.

У другім аддзяленні ўдзельнікам было прапанавана выканаць твор вольнага характару.

Вольга Вараб’ёва распачала другое аддзяленне песняй “Пакуль на зямлі любоў”. Ксенія Багуцкая працягнула кампазіцыяй “Б’е біт”. А вось Кацярына Рымарава выканала песню “Я падару табе сад”, якую ведалі многія слухачы. Асабліва мяне здзівіла Любоў Карапецян. Калі б закрыла вочы, то палічыла б, што выконвае песню “Усміхайся” IOWA – настолькі падобныя ў іх галасы.

Над возерам з’явіліся першыя зоркі, а музыка ўсё лілася па наваколлі. Ксенія Хацкевіч выканала “Свабодная птушка”, Вікторыя Воюш – “Па серпанціне”, Дзіяна Аксяновіч “завяла” зал кампазіцыяй “Ночанька”, а Вольга Петухоўская – “Пакуль мы маладыя”.

Пакуль журы вызначала пераможцаў, на сцэне спявалі ўжо вядомыя ўсім выканаўцы, якія не далі нікому сумаваць.

Ну вось і надышоў доўгачаканы момант. Дыплом першай ступені атрымалі Любоў Карапецян і Дзіяна Аксяновіч. На другім месцы апынулася Вікторыя Воюш і Ксенія Хацкевіч — на трэцім. Прыз глядацкiх сiмпатый атрымала Вольга Вараб’ева. Акрамя гэтага, яны атрымалі каштоўныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Астатнім маладым вакалістам уручаны Дыпломы за ўдзел у конкурсе і шыкоўныя букеты кветак. Да ўдзельнікаў фестывалю, а таксама ўсіх прысутных звярнулася Святлана Шавялёва, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Святлана Аляксандраўна павіншавала з надыходзячым святам — Днём моладзі і студэнцтва, а таксама пажадала далейшага поспеху на творчай ніве.

Не стамлюся казаць, што наш раён багаты на таленты, толькі трэба іх адкрыць. А запальваюць маленькія зорачкі музычныя кіраўнікі, якія заўважаюць здольнасці і развіваюць іх. Вялікі ім дзякуй за гэта!

— Кожны год наведваю гэты фестываль, нават загадзя бяру водпуск, каб па-сапраўднаму адчуць свята “Белых росаў”, — кажа Святлана Аляксейчык з Полацка.

Да яе слоў далучаюцца і сяброўкі…

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.