«Белыя Росы» ў росквіце лета

344Раённае свята-конкурс “Белыя Росы”, якое сёлета праводзілася ў дваццаць першы раз, кожны год збірае шмат гасцей. У свой час “Белыя Росы” сталі пачаткам творчага шляху для многіх выканаўцаў, якія выйшлі на прафесійную сцэну, праславіўшы Лепельшчыну не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. Калісьці былі ўдзельнікамі фестывалю “Белыя Росы” пераможца шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, прафесійная спявачка Алеся Дымнікава, папулярныя на Лепельшчыне спевакі Міхаіл Шалак, Алёна Дабрыднева, Алеся Юніцкая, Анастасія Стродава і многія іншыя. І няхай не ўсе ўдзельнікі конкурсу звязалі сваё жыццё з творчасцю, усіх іх ­аб’ядноўвае любоў да музыкі, сцэны, жаданне дарыць гледачам радасць і выдатны настрой.
Кожны раз свята-конкурс мае пэўную адметнасць і творчы каларыт. Сёлета “Белыя росы” былі адкрыты конкурсам-выставай “Візітная картка населенага пункта, сельскага Савета, установы культуры “Мы рады вам заўсёды”, падрыхтаванай работнікамі сельскіх дамоў культуры.
Увагу гледачоў прыцягвалі яркія, прыгожыя стэнды. На іх былі прадстаўлены фотаздымкі, што расказвалі аб жыцці розных куткоў нашага раёна. “Якія яны, мае родныя месцы? Гэта залатыя хлебныя палі з блакітнымі вачыма васількоў, светлыя ад бяроз гаі са звонкімі галасамі птушак, гэта гасцінныя і працавітыя людзі”, — такой лірычнай замалёўкай прывіталі гасцей свята работнікі Чарэйшчынскага СДК. На яркіх фотаздымках адлюстраваны камбайн, што працуе ў полі, будні маленькіх выхаванцаў дзіцячага сада, прыгожыя, добраўпарадкаваныя вуліцы аграгарадка, клумбы, што ззяюць мноствам кветак, царква… Усе фотаздымкі аб’яднаны адной назвай “Ганаруся табой, мой край родны!”. Творчыя будні Горскага СДК былі прадстаўлены на стэндзе “Калейдаскоп жыцця”. Вельмі цікава было пабачыць стэнд “Шчыра запрашаем у Бароўку”, на якім расказвалася аб жыцці творчых калектываў Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, буднях Лепельскага ваеннага санаторыя. Не меншую цікавасць выклікаў стэнд “Запрашае гасцінная Каменшчына”, прысвечаны аграсядзібам, якія ўжо вядомыя не толькі на Лепельшчыне, а і за межамі Беларусі. “Сёлета ў поўную сілу пачнуць працаваць аграсядзібы ў вёсках Паземшчына і Макараўшчына.
Адпачынак у аграсядзібах, размешчаных на тэрыторыі Каменскага сельсавета, па-сапраўднаму запомніцца аматарам прыроды і экатурызму. Цудоўная рыбалка, паходы па хваёвых лясах, купанне ў чысцейшых азёрах… Такі адпачынак у прывычнай кліматычнай зоне — лепшы варыянт для сямейнага водпуску”, — вось так шчыра запрасілі да сябе гасцей работнікі Каменскага СДК. Вельмі арыгінальна выглядаў стэнд аграгарадка Старое Лядна, дзе расказвалася цікавая легенда аб узнікненні гэтай прыгожай мясцовасці. “З таго часу ад нячыстай сілы нешта захавалася ў азёрнай глыбіні. Хаця пра гэта маглі б расказаць карасі і шчупакі, якіх рыбакі з зайздроснай рэгулярнасцю вылаўліваюць у возеры. Не верыш? Прыязджай, пабачыш сам!” — заклікалі да сябе адпачывальнікаў жыхары Старога Лядна.
Немагчыма было прайсці міма цудоўнай прэзентацыі Стайскага СДК. На прыгожых фотаздымках, размешчаных на розных баках куба, расказвалася аб творчасці мясцовых жыхароў, Стайскіх сельскай бібліятэцы, СДК, аддзяленні сувязі. Жыхары аграгарадка Баброва прадставілі ўвазе гледачоў стэнд “Мілы сэрцу куток”, на якім можна было пабачыць Баброўскі сельскі Савет дэпутатаў, Баброўскі СДК і іншыя ўстановы.
Ветліва запрашалі да сябе гасцей і жыхары Домжарыцаў. Гледачам вельмі цікава было пазнаёміцца з “Турыстычнымі маршрутамі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку”. Гэта музей, паляўнічыя і экалагічныя туры, пешаходныя экскурсіі, вальеры з жывёламі, веласіпедныя і водныя экскурсіі. Госці ахвотна набывалі мяшочкі з мясцовымі лекавымі раслінамі — мелісай, мятай, чаборам, зверабоем, кветачкамі ліпы і іншымі травамі. За прымальную цану можна было набыць даведнік запаведніка, паштоўкі, каляндарыкі і шматлікія сувеніры. Гледачы з цікавасцю знаёміліся з буклетамі аб лясным заапарку, музеі прыроды, гасцявых доміках і г.д.
А вось работнікі Юркоўшчынскага сельскага Дома культуры шчодра запрасілі гледачоў да стэнда “Малочныя рэкі”, дзе расказвалася аб працоўных буднях філіяла “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. Работнікі СДК ад душы запрашалі гасцей пачаставацца смачнымі стравамі, вырабленымі з малака.347
…Звонкія акорды музыкі паклікалі гледачоў да сцэнічнай пляцоўкі. Вядучыя свята Алена Ганчарэнка і Дзмітрый Міхно цёпла прывіталі гледачоў. Паколькі ў рамках свята-конкурсу “Белыя росы” быў аб’яўлены конкурс на лепшае віншаванне са сцэны да Дня моладзі, першай на сцэну была запрошана жыхарка вёскі Бароўка Галіна Іванова. Жанчына прачытала вершаваныя радкі аб вайне, прасякнутыя глыбокім душэўным болем і пакутамі. Семдзесят год прайшло з таго часу, як наша родная краіна была вызвалена ад ненавіснага ворага, але горыч страт, здзекі фашыстаў невылечнымі ранамі засталіся на сэрцах сведкаў тых далёкіх падзей — адважных франтавікоў, партызанаў, вязняў канцлагераў, якія нягледзячы на пакуты ішлі да светлага Дня Перамогі. Слухаючы верш Галіны Івановай пад пранікнёныя гукі музыкі, многія гледачы не хавалі слёз.
Тэме вайны было прысвечана і першае аддзяленне конкурснай праграмы маладых выканаўцаў эстраднай песні “Запусціце музыку ў сэрцы”. Слова для адкрыцця свята-конкурсу было прадастаўлена начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігару Урбану, які выказаў канкурсантам найлепшыя пажаданні і шчыра павіншаваў усіх гасцей свята. Сёлетнімі ўдзельніцамі конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні сталі шасцёра дзяўчат. Пад першым нумарам на сцэну была запрошана Алена Памалейка, якая прадставіла Стайскі сельскі Дом культуры. Алена — жыццярадасная і добрая дзяўчына. Яна вя­дзе актыўны лад жыцця, захапляецца спортам і ігрой на гітары. Шмат часу аддае вакалу, спявае з самага дзяцінства. Да таго ж канкурсантка дасканала іграе на скрыпцы, чаму вучыць і маленькіх выхаванцаў Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. “Ты памятай”, — так называецца песня, якую Алена выканала ў першым аддзяленні конкурсу. Анастасія Бондал прадставіла Баброўскі СДК пад другім нумарам. Дзяўчына займаецца вакалам не так даўно, але з дзяцінства жадала спяваць і выступаць на сцэне. Вялікае жаданне і мэтанакіраванасць Анастасіі далі добры вынік. Дзяўчына часта сольна спявае і больш не ўяўляе свайго жыцця без сцэны. Анастасія вельмі добрая, чулая і ветлівая, вышывае крыжыкам, вядзе здаровы лад жыцця і захапляецца валейболам. Дзяўчына вынесла на суд гледачоў песню “Хмары ў блакітным”. Пад трэцім нумарам прывітала гледачоў Рэгіна Вашкевіч (Домжарыцкі сельскі Дом культуры). Юная вакалістка вучыцца ў агульнаадукацыйнай і Домжарыцкай школе мастацтваў на аддзяленні эстраднага вакалу. Рэгіна не ўяўляе свайго жыцця без песні, таму шмат часу прысвячае менавіта музыцы. Юная спявачка вельмі пазітыўная і вясёлая, свабодны час любіць праводзіць з сябрамі і, вядома ж, з музыкай. На конкурсе Рэгіна выканала песню “А захады пунсовыя…” Цёпла сустрэлі гледачы канкурсантку пад чацвёртым нумарам Наталлю Трывашкевіч, якая прадставіла Слабадскі Цэнтр культуры і вольнага часу. Маладая спявачка працуе настаўніцай пачатковых класаў у Слабадской сярэдняй школе. Яна вельмі любіць сваю работу, дзяцей і ніколі не сумнявалася ў правільнасці выбару прафесіі. З музыкай Наталля ідзе па жыцці і жадае займацца вакалам у далейшым. Песня “Міласэрнасць”, якую цудоўна выканала дзяўчына, была вельмі цёпла ўспрынята гледачамі.
Пятай у конкурсе выступіла госця з Каменскага СДК Марыя Шакута. Гэта сціплая і жыццелюбівая дзяўчына, якая вельмі любіць хатніх жывёл. Са школьных год Марыя актыўна ўдзельнічае ва ўсіх канцэртах Каменскага СДК, але як салістка прыехала выступаць на свята-конкурс “Белыя росы” ўпершыню. Песня “Адмяніце вайну”, з якой выступіла Марыя, нікога з гасцей не пакінула раўнадушным.
Пад шостым нумарам на сцэну была запрошана Надзея Церашкова. Надзея — будучы ўрач, студэнтка чацвёртага курса Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Нягледзячы на тое, што для сваёй будучыні выбрала сур’ёзную прафесію, яна не ўяўляе свайго жыцця без песні, паколькі вакалам захапляецца з самага дзяцінства. Надзея — вясёлая і добразычлівая дзяўчына, лідар па жыцці, якая зараджае акружаючых пазітывам. За плячыма маладой спявачкі — не адно прызавое месца ў раённым конкурсе дзіцячай творчасці “Новая зорка”. Песня “Балада аб мальвах”, якую выканала Надзея на конкурсе, асабліва ўразіла гледачоў.
Шчырымі апладысментамі госці сустрэлі выступленні дзяўчат і ў другім аддзяленні конкурснай праграмы. Кожнай з вакалістак патрэбна было выканаць шлягер 80 — 2000-х гадоў. Са сцэны ліліся папулярныя песні, якія кожнаму з гледачоў навявалі прыемныя ўспаміны. “Чарыўна скрыпка”, “Ведаеш”, “Гэта мы”, “Undo”, “Калі б не было цябе”, “Белая ластаўка” — кожная з песень была прасякнута мяккім лірызмам і цеплынёй.
Калейдаскоп яркіх выступленняў быў прадстаўлены ў конкурсе на лепшае віншаванне са сцэны “Моладзь спяшаемся павіншаваць!”. Гледачоў агарнула хваля смеху ў час выступлення артыстаў Чарэйшчынскага СДК. Двое хлопцаў выдатна сыгралі ролі бабулек, якія завіталі на свята, і праспявалі песню. Станоўчыя эмоцыі падарылі гледачам артысты Поў­свіжскага СДК. Лідзія Ганчар, Надзея Шарлаева і Таццяна Стрыжонак у ролі цыганак-прыгажунь выканалі цудоўны танец, а акампанаваў ім на гітары “цыганскі барон” Аляксандр Міхно. Пад бадзёрыя музычныя рытмы павіншавалі моладзь са святам прадстаўнікі Горскага сельскага Дома культуры. Арыгінальныя віншаванні са сцэны падрыхтавалі таксама артысты Домжарыцкага і Юркоўшчынскага СДК. Артысты з Баброва запрасілі ўсіх на супервечарыну “У свеце 90-х”. Госці свята ад душы весялілі­ся разам з артыстамі пад любімыя песні, якія не страчваюць сваёй папулярнасці на працягу многіх год. Гледачы з задавальненнем прынялі ўдзел у жартоўнай гульні. Усіх развесяліла забаўляльная пародыя Аляксандра Міхно, які прадставіў Стайскі СДК. Артысты з Каменя прывіталі гледачоў у ролі дзяцей-непасед, а затым павіншавалі моладзь песняй на папулярны матыў. Цёплымі вершамі прывітала гледачоў прадстаўніца Старалядненскага СДК Таццяна Белаглазава, якая на памяць аб свяце запусціла ў неба яркія шары.
345…Свята разгаралася ўсё ярчэй. Гледачы не шкадавалі шчырых апладысментаў у адрас гасцей фестывалю, папулярных у раёне спевакоў Алены Пракаповіч і Аляксандра Несана, Людмілы Шыпулі, Наталлі Занько. Узнялі настрой гасцям цудоўныя выступленні Таццяны Грыдзюшкі, Дзмітрыя Міхно, Ірыны Бусавай, Міхаіла Шалака, Дзяніса Аблавушкі і іншых артыстаў. Мноства яркіх уражанняў гасцям падарыў святочны феерверк.
Свята ўдалося на славу. Разам з артыстамі ад душы весяліліся і дарослыя, і дзеці. І вось наступіў доўгачаканы і хвалюючы момант — падвя­дзенне вынікаў свята-конкурсу. У конкурсе-выставе “Візітная картка населенага пункта, сельскага Савета, установы культуры “Мы рады вам заўсёды” першае месца прысуджана Стайскаму СДК. У конкурсе на лепшае віншаванне са сцэны “Моладзь спяшаемся павіншаваць” журы адзінагалосна аддала першае месца Галіне Івановай, якая прадставіла Бароўскі Цэнтр культуры і вольнага часу, прачытаўшы вершы аб вайне. У конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні “Запусціце музыку ў сэрцы” першае месца раздзялілі Наталля Трывашкевіч, якая прадставіла Слабаду, і Надзея Церашкова з Бароўкі. Усе астатнія ўдзельніцы конкурсу Алена Памалейка, Анастасія Бондал, Рэгіна Вашкевіч і Марыя Шакута атрымалі Дыпломы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за актыўны ўдзел у конкурсе. Узнагародай для пераможцаў сталі Дыпломы лаўрэатаў і памятныя падарункі.
….Гучаць меладычныя акорды фінальнай песні. Як цудоўна, што кожны год на жывапісным узбярэжжы возера Шчыбат льецца музыка, лашчаць слых мілагучныя спевы, якія напаўняюць сэрца невыказнай радасцю і пяшчотай.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: захапіла гледачоў цудоўным вакалам Наталля Трывашкевіч, пераможца конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні; бібліятэкар Стайскай бібліятэкі Алена Пацэла шчыра запрашае гасцей пазнаёміцца з візітнай карткай аграгарадка Стаі, якой прысуджана першае месца; артыстызмам і творчым запалам уразілі гасцей свята поў­свіжскія артысты (злева направа) Таццяна Стрыжонак, Аляксандр Міхно, На­дзея Шарлаева і Лідзія Ганчар; нікога з гасцей свята не пакінулі раўнадушным выдатныя спевы Надзеі Церашковай, якая заняла першае месца ў вакальным конкурсе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.