Берагчы сваё здароўе, займацца спортам трэба змалку

dsc02026“У здаровым целе — здаровы дух” — сцвярджае народная прымаўка. Берагчы сваё здароўе, займацца спортам трэба змалку. А дзе, як не ў школе, дзіця праводзіць свой дзень? Задача школы не толькі навучыць, але і выпусціць у свет здаровага, без скаліёзу і блізарукасці падлетка. Клапоцяцца пра сваіх вучняў і педагогі Поўсвіжскай базавай школы. Пра тыдзень фізічнай культуры і спорту распавядае настаўніца пачатковых класаў Надзея Шарлаева.
— Фестываль спорту і здаровага ладу жыцця прайшоў у школе пасярэдзіне верасня пад дэвізам “Мы выбіраем здароўе”, — адзначае педагог. — Раніцай, пасля гімнастыкі, настаяцель Храма Праабражэння Гасподня Сергій Ляшкевіч пагутарыў з дзецьмі наконт духоўнага здароўя, расказаў некалькі праваслаўных прытчаў. У аўторак да нас завітала медсястра Поўсвіжскага ФАПа Наталля Тухта. Вучні першых — чацвёртых класаў з захапленнем паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю “Урок здароўя”.
— Без тэарэтычных ведаў нікуды. А як наконт практыкі?
— У восьмым класе адбыўся адкрыты ўрок фізічнай культуры і спорту настаўніка фізкультуры Леаніда Воюша. Сярод вучняў пачатковых класаў правялі спартландыю пад назвай “Хуткія, спрытныя”. Спаборнічалі дзве каманды: “Асілкі” і “Маланка”.

dsc06392Паказальныя выступленні прадэманстравалі падлеткі з секцыі тхэквандо. Сярод юных спартсменаў была і наша вучаніца — другакласніца Паліна Пшонка. Дзяўчынка займаецца ў секцыі толькі першы год, але ўжо зараз яна паказвае добрыя вынікі і праяўляе ўпарты характар. Для інтэлектуалаў адбыўся шашачны турнір “Цуда-шашкі”. Праяўлялі дзеці сябе і ў мастацтве. Пятыя — дзявятыя класы падрыхтавалі агітплакаты “Спорт у жыцці чалавека”, вучні пачатковых класаў — малюнкі
“Фізкультура, спорт, здароўе”. Спадзяюся, што нашы мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках спартыўнага тыдня, будуць садзейнічаць выхаванню ў нашых дзяцей пачуцця асабістай адказнасці за сваё здароўе. І, безумоўна, прынеслі ім крышачку радасці і аптымізму.
Гутарыў
Яўген МУДРЫ.
На здымку: “Вас выклікае Спартландыя”; педагогі школы разам з тхэквандзістамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.