Безыменная рачулка на Лепельшчыне займела назву

Талпянка.17.08.15 Тэрыторыя Лепельшчыны на карце скрозь пакрыта густой сеткай звілістых сініх стужачак. Гэта рачулкі і ручаі, якія  сілкуюць сваімі водамі значныя  артэрыі — Улу і Эсу. У даўнія часы водныя аб’екты адыгрывалі вялікую ролю ў штодзённым жыцці людзей, кожная, нават невялікая, рэчка мела сваё напаўторнае і прыгожае імя.

Людская памяць, на жаль, не данесла да нашага часу назвы большасці з іх, таму і застаюцца яны безыменнымі.  Адна з такіх рэчак-невялічак бярэ пачатак у возеры Чэрцы, ля вёскі з аднайменнай назвай. Сёння мала хто здагадваецца, што меліярацыйны канал, які выцякае з возера, ёсць не што іншае, як змененае рэчышча старажытнай ракі. Жыхары навакольных вёсак памятаюць яе яшчэ не кранутай рукамі чалавека.

Звяртаюся да гістарычных крыніц і старых картаў.

Адна з першых згадак ракі пад назвай Таўпянская, ці Таўпянка, адносіцца да 1867 года. Пад такой назвай пазначана яна і на карце канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У пазнейшыя часы гэтая назва  таксама неаднаразова згадваецца ў пісьмовых крыніцах.

На працягу дзесяці кіламетраў Таўпянка нясе свае воды ў Улу.  Шэраг невялікіх вёсачак амаль ушчыльную прытуліліся да вады па абодва яе бакі.

Пачатак рэчка бярэ ў паўночнай частцы возера Чэрцы і цячэ ў паўночна-ўсходнім накірунку. У другой палове 1980-х гадоў у выніку меліярацыйных работ рэчышча, пачынаючы ад  вытоку да перасячэння з чыгуначнай магістраллю Орша – Лепель, было спрамлена.

У самым  пачатку Таўпянка мае шырокую пойму, якая калісьці з’яўлялася працягам возера. Паступова пойма звужаецца, забалочаныя тарфянікам берагі саступаюць месца стромкім пагоркам. На адным з іх, па  левы бок,  размяшчаецца  вёска Юндзілаўка. На супрацьлеглым ёй беразе, амаль наўпроць Юндзілаўкі ў пачатку ХХ стагоддзя існаваў фальварак Гушчына. Прынамсі, на карце пачатку дваццатага стагоддзя ў наваколлі возера пазначаны два фальваркі пад такой назвай. Адзін з іх – ля Юндзілаўкі, у народзе да сённяшняга дня ведаюць як урочышча Лапэшчына. Нібыта жыў тут чалавек па прозвішчы Лапэцкі. З усталяваннем савецкай улады ў фальварку быў зроблены прыёмны пункт малака, якое зносілі  з навакольных вёсак.

Мінуўшы Гушчына,  рэчышча ракі хаваецца ў лясным масіве пад назвай Кацюхова, які яна падзяляе на дзве роўныя часткі. Раней уздоўж лесу ішла палявая дарога, па якой вучні з Горак, Лазовікаў, Пунтаў і Міхалова хадзілі ў Чэрскую школу. Кожны раз на іх шляху значнай перашкодай, асабліва ў час вясновай паводкі, паўставала рака. У месцы пераходу было хоць і не глыбока, але без гумавых ботаў патрапіць на супрацьлеглы бераг было складана. Дзецям даводзілася разувацца і лезці ў халодную ваду, ці перакідваць адзін аднаму боты.
У пачатку дваццатага стагоддзя праз Кацюхова ад  маёнтка Стэфанова да Юндзілаўкі і Пунтаў праходзіла панская дарога, якая перасякала раку ва ўрочышчы Прудок. Гэта было зручнае для жыцця месца. Недалёка ад рачнога берага стаяла хата лесніка Багдановіча. Пазней, калі лес стаў калгаснай маёмасцю, патрэба ў яго ахове адпала, ляснік з’ехаў у Таронкавічы. А месца ў Прудку, дзе бруілася крыніца, яшчэ доўгі час служыла добрую службу сялянам з Палян, куды яны на вадапой ганялі жывёлу. Даўно ўжо тая дарога не выкарыстоўваецца, зарасла кустоўем, толькі дзе-нідзе можна згледзіць яе насып, абкапаны з бакоў канавамі.

Паступова лісцёвы лес саступае месца палявым краявідам. З левага боку паўстаюць  пагоркі, якія ланцугом цягнуцца далёка на захад. За адным з іх хаваюцца хаты вёскі Горкі, назва якой і характарызуе навакольную мясцовасць. На правым беразе   Таўпянкі,  паралельна яе рэчышчу, пралягае невялікая і адзіная вуліца Глінніцы. Зараз у вёсцы жыве разам з дачнікамі трынаццаць чалавек. З карэнных жыхароў засталіся толькі Лідзія Семянько з сынам і ўнучкай.

Яшчэ ў дзяцінстве Лідзія Васільеўна чула ад старэйшых вяскоўцаў, што назва вёскі паходзіць ад таго, што наўкола шмат гліністай зямлі. У рэчцы, сказала, вадзілася багата рыбы. Яе бацька Васіль Дзятко сеткамі налаўліваў столькі, што сям’я ніколі не галадала. У час вясенняй паводкі рака разлівалася так, што ў суседнія Горкі цяжка было дабрацца. Было тое, пакуль раку не загналі ў канал. З адметнасцей жанчына назвала  гару пад назвай Замчышча, што высіцца недалёка ад паселішча. Раней, калі вёска поўнілася дзіцячымі галасамі, мясцовыя хлапчукі часта корпаліся на гары ў пошуках скарбаў. А яшчэ на Замчышчы моладзь любіла паліць купальскае вогнішча. Нават і сёння бачны сляды гэтага абраду – рэшткі перапаленых гумавых трактарных і машынных пакрышак.

За Глінніцай рака робіць паварот улева, абгінаючы стромкія схілы ўзвышша, дзе яе перасякае бетонны чыгуначны  мост, на якім пазначана дата яго будаўніцтва – 1929 год.

Затым Таўпянка ўпадае ў возера Гарадзінец. Па сваёй форме прыазёрны ландшафт нагадвае авальную катлавіну са стромкімі схіламі, у нізе якой і знаходзіцца вадаём. Адно з узвышшаў на правым беразе возера, дзе  Таўпянка зліваецца з безыменным ручаём, абралі для жыцця ў пачатку першага тысячагоддзя нашы продкі. Захаваліся ўсе прыкметы наяўнасці ўмацаванага паселішча. З паўночна-ўсходняга боку — рэшткі валоў, вузкі спуск да возера на поўдні.  Чорны колер культурнага слою з прымессю вуголля і кавалкамі ляпной керамікі, які добра бачны скрозь чэзлую траву, наводзіць на думку, што гарадзішча функцыяніравала на працягу вялікага прамежку часу. Пра наяўнасць у мінулым абарончых умацаванняў сведчыць  і назва вёскі Гарадзінец, якая знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад помніка археалогіі.

Яшчэ ў 1966 годзе археолаг Георгій Штыхаў выявіў умацаванае паселішча на левым беразе Таўпянкі. Па яго звестках, побач з гарадзішчам знаходзілася селішча і два курганныя насыпы. У цяперашні час помнік амаль не захаваўся, моцна пашкоджаны кар’ерамі, з якіх бралі пясок на будаўніцтва дарогі. На гарадзішчы ў савецкі час быў усталяваны ахоўны знак, ад якога засталася толькі бетонная аснова.

Адно са згаданых вышэй  умацаваных паселішчаў апісваецца ў гістарычных крыніцах ХІХ стагоддзя: “Гарадзінец — маёнтак памешчыка Спасоўскага, і пры ім урочышча Замчышча, знаходзіцца ў 15 вярстах ад Лепеля над рэчкай Таўпянскай, бліз дарогі ў мястэчка Чашнікі. Замчышча гэта знаходзіцца на пагорку.”

Хаты Гарадзінца выцягнуліся вуліцай ўздоўж Таўпянкі, якая з гарадзінецкага возера працягвае свой шлях у накірунку Улы. Адразу за асфальтаванай дарогай, якая вядзе ў пасёлак Заслонава,  пачынаецца забалочаная пойма ракі. Скрозь асакар цяжка нават разгледзіць яе русла. Толькі ля самага вусця расліннасць адступае, і становіцца добра бачна, як павольная плынь невялікай Таўпянкі зліваецца з плынню больш паўнаводнай Улы.

 Валерый Тухта.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.