Блиц-опрос юных лепельчан постепенно перерастает в дискуссию

img_0226

Cябры-актывісты Артур Ефімовіч, Яраслаў Сергіёнак, Станіслаў Маркоўскі.

Смерць не бывае прыгожай. Кажу гэта заўсёды – і асабліва падлеткам, якія, што граха таіць, часта ў сваіх фантазіях – не без дапамогі любімай музыкі і “спецэфектаў” сацыяльных сетак – малююць смерць прывабнай.

Смерць бывае якой заўгодна – гераічнай, годнай, ці наадварот – бэссэнсоўнай, нахабнай, безвыходнай, бруднай – толькі не прыгожай. А прыгожай бывае Памяць.
Навучэнцы групы 268б, якая па выніках года вызначылася ў каледжы асаблівымі поспехамі, былі ўзнагароджаныя паездкаю ў Мінск і Хатынь. Уражаннямі ад паездкі падзяліліся Яраслаў Сергіёнак, Артур Ефімовіч і Станіслаў Маркоўскі.
Дзе былі? Што бачылі? Што запомнілася? Што ўразіла? Адказы на звычайныя “дзяжурныя” пытанні з вуснаў падлеткаў нечакана становяцца тэмай для дыскусіі. За што паважаю падлеткаў – за шчырасць. Выдадуць тое, што думаюць і значна радзей за дарослых падбіраюць “патрэбныя” словы.
Пра Мінск расказалі коратка. Ездзілі туды на Мінск-арэну на выставы “WorldSkills-Belarus-2018” і “JouniorSkills”. Слухалі расказы аб розных прафесіях. Магчыма, пачэрпнулі штосьці карыснае. Аднак самыя яркія ўражанні – ад паездкі ў Хатынь.
На маё запытальнае “ну і як?” нечакана адказваюць:
— Прыгожа!
Убачылі ў маіх вачах здранцвенне, дадалі:
— Жудасна! Безвыходна!
Ніколі не думаў, што гэтыя акалічнасці могуць быць сумяшчальнымі. Магчыма, дзе-небудзь у фантастычных фільмах і гэткая вобразнасць дарэчы, але пра Хатынь… Прызнацца, аж папаўзлі мурашкі па скуры. Хаця чаму? Я ж таксама не бачыў вайны. Розніца толькі, што я сын франтавіка, а яны – праўнукі. І мне – за пяцьдзясят, а ім – па шаснаццаць. У іх узросце яшчэ размытыя паняцці дакладнасці вызначэння. Ім цяжка злавіць ісціну.
5Сапраўды ж у Хатыні зараз – велічная прыгажосць народнага мемарыялу. Ды не любавацца ж сюды людзі ідуць. І як гэта растлумачыць ім, шаснаццацігадовым, для каго мінулая вайна ўжо за чацвёртым каленам. У Хатыні прыгажосць памяці, а жудасць — ва ўсім: у тых званах, што звоняць безупынна, у тых студнях, куды мы ў дзяцінстве кідалі капеечкі, у тых комінах, што шэрымі слупамі ўзвышаюцца роспачна да хмараў, у тых чырвоных гальштуках, што пакідалі-павязвалі там мае равеснікі-піянеры. І стары, што трымае дзіця – таксама страшны. Такой страшнай бывае толькі смерць на папялішчы.
Даўно-даўно не быў у Хатыні. Магчыма, з таго часу там штосьці змянілася знешне, але не думаю, што сутнасна.
Тым часам нашае бліц-апытанне паступова перарастае ў дыскусію. Падлеткі ажываюць і ўжо не ўспамінаюць, што ім там казалі пра вайну бабулі ад сваіх бабуль, а спрабуюць уявіць… сябе на вайне і пад час вайны. А чаму б і не? Хіба мала іх равеснікаў ваявалі? Днямі перагледзеў фільм “Сволачы” рэжысёра Аляксандра Атанесяна па аповесці Уладзіміра Куніна. Дагэтуль застаюся пад уражаннем гэтай выдатная кінематаграфічнай работы. Параіў паглядзець сваім суразмоўцам. І паступова прыметнік “прыгожы” знікае з нашай дыскусіі пра вайну, а застаюцца толькі “жудасны” і “безвыходны”. Ярык, Артур, Стас спрабуюць зірнуць на далёкую вайну вачыма суровай праўды, хаця наўрад ці яны чыталі і перачытвалі Васіля Быкава.
Актывісты, добра вучацца, спартсмены, удзельнікі моладзевага цэнтра “Калейдаскоп”. Дарога да Хатыні пачалася для іх яшчэ з удзелу ў акцыі “Памятаем, шануем, ганарымся”, што ладзілі ў холе каледжа з нагоды Дня Перамогі. Там сапраўды ўсё выглядала прыгожа. Апрануліся ў вайсковую форму. Чыталі вершы, удзельнічалі ў “жывой паштоўцы”, круцілі дакументальны відэафільм, пісалі “пісьмо дзядулю”.
А можа лепей бы ім і сапраўды прапанаваць заміж пісем дзядулю сачыненне на тэму “Якім бы я быў на вайне?”. І каб без прыўкрас, шчыра, як у Быкава. Бо не трэба пра вайну расказваць прыгожа, пра яе трэба – праўдзіва і сурова, каб ніколі-не выглядала прывабнай у вачах моладзі, якая яе не бачыла. Смерць прыгожай не бывае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.