Боевое знамя батальона

img_5518Асабовы склад 19-й асобнай
гвардзейскай Мікалаеўска-Будапешцкай
Чырванасцяжнай ордэна Суворава другой
ступені механізаванай брыгады на галоўным пляцы вайсковай часці быў пастроены з дзвюх значных нагодаў — урачыстага ўручэння
Баявога сцяга першаму асобнаму
механізаванаму батальёну і правядзення
страявога агляду.

Баявы сцяг вайсковай часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — гэта сімвал вайсковага гонару, доблесці і славы. Ён з’яўляецца напамінам кожнаму вайскоўцу пра свяшчэнны абавязак аддана служыць Рэспубліцы Беларусь, рабіць гэта мужна і ўмела, абараняць кожную пядзю роднай зямлі, не шкадуючы сваёй крыві і самога жыцця, — вось так, коратка і ёміста гаворыць вайсковы статут.
Больш вобразна і дасканала пра Баявы сцяг пішуць пісьменнікі, паэты. Адразу ўзгадваюцца паэма Аркадзя Куляшова “Сцяг брыгады” і самая першая аповесць Васіля Быкава “Апошні баец”, дзе апісваецца, як апошні салдат палка выходзіць з акружэння, захоўваючы пры сабе галоўную святыню — Баявы сцяг вайсковай часці. І як не ўспомніць класічны эпізод з фільма “Яны змагаліся за Радзіму”. Камандаванне тлумачыць, што вайсковая часць не падлягае расфарміраванню, бо яе салдаты выйшлі з акружэння і захавалі Баявы сцяг.
Першы асобны механізаваны батальён 19-й асобнай механізаванай брыгады па праве з’яўляецца адным з самых баяздольных падраздзяленняў часці. Пра яго распавёў камандзір гвардыі падпалкоўнік Аляксей Серадохаў:
— У батальёне служаць 330 афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдатаў. Дарэчы, не менш за дзесяць салдатаў тэрміновай службы былі прызваны з Лепельскага раёна. Батальён у поўным складзе і асобнымі падраздзяленнямі на працягу апошніх гадоў удзельнічаў у шэрагу вучэнняў і збораў, у тым ліку ў незапланаваных праверках, падчас якіх усе вайскоўцы паказалі высокі ўзровень валодання тэхнікай і ваеннымі спецыяльнасцямі. Нядаўна мы вярнуліся з палігона ў Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі, дзе ўдзельнічалі ў сумесных вучэннях “Шчыт саюза”. За паказаныя высокія вынікі некаторыя салдаты тэрміновай службы былі адзначаны памятнымі медалямі і каштоўнымі падарункамі, наручнымі гадзіннікамі, якія былі атрыманы асабіста ад начальніка Генеральнага штаба генерал-маёра Алега Белаконева. Акрамя гэтага, у батальёне падтрымліваюцца слаўныя традыцыі, перададзеныя ранейшымі пакаленнямі вайскоўцаў. Так, навечна ў спісы першай роты залічаны Герой Савецкага Саюза гвардыі старшы лейтэнант Іван Конараў, імя якога гучыць на кожнай вячэрняй паверцы. Сёння Баявы сцяг батальёну па даручэнні Міністра абароны ўручыў памочнік Міністра па ідэалагічнай рабоце — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі. Гэта вялікая падзея для нас, бо для любога вайскоўца сцяг — гэта сімвал доблесці, славы і вернасці свайму абавязку, сваёй Радзіме.
Пасля ўрачыстай цырымоніі перадачы Баявога сцяга быў праведзены страявы агляд асабовага складу 19-й асобнай механізаванай брыгады. Вайскоўцы выстраіліся па сваіх падраздзяленнях, са штатнай зброяй і амуніцыяй. Праверку праводзілі афіцэры Генеральнага штаба, ацэньвалі знешні выгляд вайскоўцаў, стан іх формы і амуніцыі, аглядалі штатную зброю.
— Аднак гэта толькі першы крок у вялікай комплекснай праверцы часці, якая праводзіцца Міністэрствам абароны, — тлумачыць намеснік камандзіра 19-й асобнай механізаванай брыгады па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Андрэй Фашчанка. — У рамках праверкі ацэньваюцца страявая падрыхтоўка вайскоўцаў брыгады, а таксама агнявая, ідэалагічная, тактыка-спецыяльная і ваенна-медыцынская. Кіроўцы і механікі-кіроўцы будуць паказваць узровень кіравання баявымі і транспартнымі машынамі. Страляць на палігоне будзем з усіх штатных відаў зброі і тэхнікі, прычым 30 працэнтаў стрэльбаў будуць праводзіцца ў начны час. Па ўсіх практыкаваннях будуць выстаўляцца адзнакі, на аснове якіх выводзіцца выніковая адзнака ўсёй брыгадзе. Будуць ацэньвацца і будзённая жыццядзейнасць, выкананне службовых абавязкаў. Гэта комплексная праверка, якая павінна паказаць карціну ўсяго жыцця вайсковай часці і яе агульнага стану боегатоўнасці.
Падобныя праверкі ў вайсковых часцях праводзяцца выбарачна, раз у два гады, таму ўсе вайскоўцы, ад салдата да камандзіра, старанна рыхтуюцца да іх правядзення. Аглядаюць тэхніку, рамантуюць, наладжваюць яе, прыводзяць у ідэальны парадак форму і амуніцыю.
Комплексная праверка — гэта яшчэ і шанс для салдатаў тэрміновай службы. Найбольш старанныя звычайна заахвочваюцца звальненнем ад трох да пяці сутак, або дадатковымі суткамі да водпуску.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.