Более десяти лет стоял на консервации старый 70-квартирный дом в военном городке Заслоново

img_5708Больш за дзесяць гадоў стаяў на кансервацыі стары 70-кватэрны дом у ваенным гарадку Заслонава. У 1990-я гады ў сувязі са скарачэннем арміі расфарміроўваліся вайсковыя часці, афіцэры і іх сем’і раз’язджаліся ва ўсе бакі, кватэры, якіх раней так не хапала, станавіліся пустымі. З цягам часу вокны і дзверы ў тым доме забілі дошкамі, батарэі і трубы зрэзалі.
Тры гады таму сітуацыя ў Заслонаве стала карэнным чынам мяняцца. Быў узяты курс на паступовае разгортванне 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады. У вайсковай часці адрамантаваны жылыя і службовыя памяшканні, пераўтварыліся казармы, вучэбныя класы, сталовая, нават боксы для тэхнікі. І вайсковы гарадок таксама папрыгажэў, капітальна адрамантаваны дзіцячы садок. Прыбылі на службу маладыя афіцэры, многія з сем’ямі. Жыллёвае пытанне зноў абвастрылася.
Камандаванне брыгады, кіраўніцтва раёна звярнула ўвагу на пусты закансерваваны дом. Падлічылі, што хутчэй і выгадней зрабіць капітальны рамонт існуючага збудавання, чым узводзіць новае. Хаця на момант пачатку работ цэлымі заставаліся толькі сцены, перакрыцці паміж паверхамі і дах.
Рамонтныя работы доўжыліся амаль год, на аб’екце было асвоена больш за мільён рублёў. Шчыравалі будаўнікі камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Бароўка” і Шумілінскага ПМК-70. На доме быў зманціраваны новы дах, больш за палову балконаў абноўлена, устаноўлены новыя дзверы і вокны, праведзены ўсе камунікацыі ад водаправода і каналізацыі да электразабеспячэння і тэлефаніі — усе кватэры здадзены пад ключ.
img_5633І вось надышоў дзень урачыстага ўвядзення дома ў эксплуатацыю і ўручэння ключоў навасёлам. У прызначаны час да новага рэканструяванага дома прыйшлі жыхары Заслонава. Іх не спалохала халоднае надвор’е і дождж, што раз-пораз імжыў. Маладыя лейтэнанты, іх жонкі і дзеткі ўжо ведаюць, у якіх кватэрах будуць жыць. Пасля атрымання ключоў і заключэння дагавораў збіраюцца ў самым хуткім часе пераехаць.
Старшы лейтэнант Аляксандр Цяліца з жонкай Сняжанай і дачушкай Сашай пакуль што жывуць на знятай кватэры, на яе аплату траціцца ладная доля сямейнага бюджэту. Цяпер маладой сям’і выдзелілі трохпакаёвую кватэру — будзе прасторна ўсім. Трохпакаёўку выдзелілі і малодшаму сяржанту Анжаліке Маркінай. Яе дзеці Даніла і Маргарыта ўжо пабывалі там, кожны намеціў сабе пакойчык.
Старэйшым жыхаром дома будзе Ефрасіння Паўлаўна Ігнатовіч, малалетні вязень Асвенцыма. Кажа:
— Я побач з маладымі і сама буду маладзець душой.
Права перарэзаць чырвоную стужку атрымалі намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь па тыле генерал-маёр Андрэй Бурдыка, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў.
Пасля аўтара гэтых радкоў запрасілі прайсці і паглядзець новыя кватэры. Першае ўражанне — вельмі цёпла, асабліва пасля халоднай вуліцы. Уражваюць аддзелка, шпалеры на сценах. З іншага боку, звярнуў увагу на маленькія, цесныя санвузлы і кухні. Дом будаваўся ў сярэдзіне 1960-х гадоў па савецкіх стандартах, калі для службовых памяшканняў адводзіўся мінімум карыснай плошчы. Затое жылыя пакоі даволі прасторныя, утульныя.
Выпадкова падслухаў гутарку двух палкоўнікаў, абодва вайскоўцы пачыналі службу яшчэ ў часы Савецкага Саюза.
— Вось маладыя лейтэнанты атрымліваюць жыллё. А калісьці я сваю першую кватэру атрымаў, толькі як да капітана даслужыўся.
— А я — да маёра…

Васіль МАТЫРКА.
На здымках: урачыстае пераразанне стужкі; сям’я Цяліца: Аляксандр, Саша і Сняжана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.