Более 20 лет в животноводстве и в другой сфере себя не представляет жительница Лепельского района

Больш за два дзясяткі гадоў працуе ў жывёлаводстве Наталля Вайцяховіч. На пытанне, якую пасаду займае, адказала:

— Выконваю абавязкі лабаранта, заатэхніка-селекцыянера і памочніка загадчыка малочнатаварнай фермы ў Вялікім Поўсвіжы.

Працоўны шлях Наталлі Васільеўны пачаўся ў саўгасе “Валосавічы”, дзе яна шчыравала даяркай. Вось як яна ўспамінае той час:

— Дырэктарам саўгаса быў Мікалай Плігаўка, загадчыцай валосавіцкай фермы працавала Тамара Кандрачук, затым яе змяніла Валянціна Кравец. Час быў неадназначны, але цікавы. У гаспадарцы ў кожнай вёсцы тады працавала ферма, а то і дзве. Гадавалася жывёла, нарыхтоўваліся кармы, вырошчваліся на палях розныя культуры. Так, па паўгода, а то і больш затрымлівалася выплата заробку, але мы не гублялі аптымізму, самааддана працавалі. У вёсках у кожным двары гадавалася свая жывёла: каровы, свінні, куры…

Затым наступіў этап аб’яднання саўгасаў “Валосавічы” і “Грыгаравічы”. Дзяўчыне давялося дабірацца на ферму за некалькі кіламетраў. І ўжо больш за 8 гадоў Наталля Вайцяховіч працуе ў КУВСГП “Лепельскае”. Так, спраў шмат, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць правільнаму вядзенню дакументацыі, весці кантроль, як выконваюцца тыя ці іншыя заданні, як накормлена жывёла, ці падтрымліваецца парадак у памяшканнях, а таксама якім гатункам прынята малако.

Зараз на фермах пачынаецца важны этап працы — масавыя расцёлы, якія і пакажуць, наколькі правільна працавалі асемянатар і селекцыянер, як даглядалі кароў жывёлаводы, наколькі эфектыўна быў наладжаны агульны кантроль.

— Калі б была магчымасць, вы б змянілі свой прафесійны выбар, якую б справу выбралі?

— Не змяніла б. Мне падабаецца справа, якой я аддала шмат гадоў. Я прывыкла да яе, працую з задавальненнем. Кіраўніцтвам КУВСГП “Лепельскае” створаны належныя ўмовы працы. Дырэктар прадпрыемства Раман Міснік строгі, але справядлівы, галоўны заатэхнік Ірына Шынкевіч — таксама сапраўдны прафесіянал. Так што і далей збіраюся працаваць тут, на ферме.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымку: Наталля Вайцяховіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.