Брыгада «Жалязняк»

На Лепельшчыне ў 1941 — 1944 гадах быў створаны шэраг буйных воінскіх партызанскіх злучэнняў, якія вялі самаадданую ўзброеную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адно з такіх баявых фарміраванняў народных мсціўцаў базіравалася і дзейнічала на тэрыторыі сучаснага Домжарыцкага сельсавета і называлася партызанскай брыгадай “Жалязняк” (камандзір І.П. Ціткоў). Лясныя салдаты знішчалі жывую сілу і тэхніку фашыстаў, выводзілі са строю транспартныя камунікацыі, збіралі разведданыя аб перамяшчэннях гітлераўскіх ваенных часцей, перадавалі іх за лінію фронту і гэтым садзейнічалі паспяховаму правядзенню наступальных аперацый Чырвонай арміі. На жаль, у жорсткіх баях з ворагам гінулі і партызаны. Не выпадкова таму ўсяго за дзве сотні метраў на поўнач ад вёскі Саўскі Бор знаходзяцца брацкія могілкі, на якіх пахаваны разам з савецкімі воінамі, якія вызвалялі наш родны край ад гітлераўцаў у чэрвені 1944 года, і дзясяткі мясцовых народных мсціўцаў, што не пашкадавалі самага каштоўнага — свайго жыцця — у імя свабоды і незалежнасці Радзімы. Дзеля светлай памяці герояў, ва ўшанаванне бессмяротнага подзвігу нашых землякоў у 1963 годзе на гэтых брацкіх могілках быў пастаўлены помнік — скульптура жанчыны ў жалобе.
Тут знайшлі свой вечны спачын і многія тыя партызаны, якія былі цяжка паранены ў баях з гітлераўцамі і памерлі ад ран у шпіталі партызанскай брыгады “Жалязняк”, што размяшчаўся з лютага 1942 года па чэрвень 1944 года зусім непадалёк у глухім лясным масіве, ва ўрочышчы Маліннік, за тры кіламетры на поўнач ад вёскі Саўскі Бор. У 1963 годзе на месцы знаходжання партызанскага шпіталя была адноўлена адна з зямлянак, устаноўлены мемарыяльны знак.
У 60 — 80-я гады дваццатага стагоддзя былы партызанскі шпіталь рэгулярна наведвалі, знаёміліся з арганізацыяй лячэння параненых народных мсціўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны не толькі школьнікі, моладзь, іншыя жыхары Лепельскага і суседніх раёнаў Віцебшчыны, але нават і замежныя госці нашай краіны. Сапраўдны партызанскі шпіталь выклікаў ва ўсіх іх вялікую цікавасць, неадольнае жаданне на ўласныя вочы пабачыць, як на практыцы ў глыбокім тыле нямецка-фашысцкіх войск удавалася паспяхова праводзіць лячэнне лясных салдатаў, большасць з якіх потым вярталася ў строй, узнаўляла часова страчаную баяздольнасць, працягвала ўзброеную барацьбу з ворагам.
Як успамінае Тамара Гайдук — былая настаўніца, а цяпер пенсіянерка, якая зараз жыве ў гарадскім пасёлку Бягомль, — неяк улетку ў 70-я гады дваццатага стагоддзя яна ішла па лясной дарозе, што вядзе з Пераходцаў у Саўскі Бор, куды яна дабіралася ў госці да сваёй свекрыві Соф’і Гайдук. Нечакана з’явілася легкавая аўтамашына “Волга”. Як аказалася, у ёй ехаў знакаміты беларускі паэт-песеннік Алесь Ставер — аўтар усім вядомай песні “Жураўлі на Палессе ляцяць”. Алеся Ставера яна добра ведала, паколькі ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Маргавіца пад Бягомлем, неаднойчы раней наведваў Саўскі Бор, дзе ў той час жыў яго стрыечны брат Васіль Ставер. Зямляк прапанаваў Тамары Гайдук падвезці да Саўскага Бору. Яна падзякавала і ўладкавалася на заднім сядзенні “Волгі”. Алесь Ставер ехаў не адзін. Побач з ім у машыне сядзеў вельмі вядомы ў той час савецкі паэт Роберт Раждзественскі. На пытанне Тамары Гайдук, чаму яны дабіраюцца ў Саўскі Бор, Алесь Ставер адказаў, што Роберт Раждзественскі папрасіў яго паказаць партызанскі шпіталь у ваколі¬цах Саўскага Бору. Сам жа знакаміты савецкі паэт у гэты час маўчаў, не ўключаўся ў размову, а толькі ўважліва глядзеў у акно аўтамашыны на маляўнічыя краявіды запавед¬ніцкага лесу з яго вялікімі, так званымі “карабельнымі” соснамі, густымі зараснікамі хмызняку і кустоўя, іншых разнастайных раслін.
На перакрыжаванні дарог перад самай вёскай Саўскі Бор аўтамашына спынілася. Тамара Гайдук выйшла з яе і пакрочыла ў населены пункт, а “Волга” накіравалася далей па лясной дарозе, якая вяла ў бок шпіталя партызанскай брыгады “Жалязняк”.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.