Будні… Будні… За працаю нястомнай — за бясконцымі пасадкамі, праполкамі, акучваннем, палівам прабягае незаўважна май

IMG_2093Будні… Будні… За працаю нястомнай — за бясконцымі пасадкамі, праполкамі, акучваннем, палівам прабягае незаўважна май. Агу! Дзе ты, наш прыемны, малады, вечна зялёны, з белай квеценню яблынь май?! Пакуль мы корпаліся на агародзе, ты прабег, і след твой прастыў.
Дык вось, каб запыніць, хоць на хвілінку здоўжыць непаўторны май, у Вялікім Поўсвіжы, на сядзібе ў мясцовага аматара даўніны і апантанага прыхільніка народных нацыянальных традыцый Васіля Шкіндзера наладзілі “Сямейны разгуляй”. Ладзілі свята агулам работнікі культуры, а кіравала разгуляем загадчыца мясцовага СДК Лідзія Ганчар.
Запрасілі да ўдзелу тры сям’і. Пра кожную крышачку раскажам.
IMG_2136У Сяргея ды Людмілы Алесенкаў трое сыноў. Вадзім з Маратам ужо самадастатковыя рэспектабельныя маладыя людзі, каму за дваццаць, сямігадовы Міша толькі пачынае шлях у жыццё. Трэба ж было сустрэцца гамяльчаніну Сяргею з Людмілай, жыхаркай Таджыкістана, менавіта ў Поўсвіжы! Ён з сям’ёю пераехаў сюды пасля Чарнобыльскай трагедыі, а яна прыехала на час пагасціць да брата. Гара з гарою не сыходзяцца, а чалавек з чалавекам — лёгка. Зараз беларус у Поўсвіжы ахвотна гатуе таджыкскі пірог “баліш”, вядома, пад чуйным кіраўніцтвам жонкі. І манты ў Алесенкаў цудоўныя атрымліваюцца.
Юрый і Святлана Голубевы нарадзілі Ванечку і Дзімку ў адзін дзень, хіба што праз шэсць гадоў. Зараз Ванька амаль падлетак ужо, а Дзімка малы яшчэ, трэці годзік пайшоў. А сам гаспадар з Казахстана. На Мацешавай стаянцы сустрэў аднаго разу Юрый беларусачку-прыгажуню — так і сям’я нарадзілася. Святлана вяжа, Юра рэжа на дрэве. І ўсе разам сядзібу абуладкоўваюць. Гаспадыня нярэдка частуе сям’ю любімымі хатнімі пельменямі і дамашняй выпечкай, нездарма ж яна дыпламаваны повар-кандытар.
Марына Якубоўская часам жартуе, што выйшла замуж “з шыкам”. Справа ў тым, што муж яе Аляксандр абабівае мэблю на фірме “Майстар Шык”. Зрэшты, Аляксандр і сапраўды шыкоўны майстар — на ўсе рукі. Ён і лес пілаваць можа, ён і трактарыстам, і кіроўцам быць здольны. Сама ж Святлана вучылася на швачку. Падрастаюць дзеці — Карына з Мацвеем. І ўсё ў іх, у Якубоўскіх, ладам ідзе.
Сабраліся разам сем’і. Прыйшлі і гледачы. Шмат народу сабралася палюбавацца на сямейныя спаборніцтвы.
Праспявалі сямейны гімн, прыступілі да конкурсаў. Спачатку “парыліся ў лазні”. Не, голымі ў народ нашы сямейнікі-энтузіясты не пайшлі, усё ж няёмка неяк, а вось “венічкам пасцябаліся” на эстафеце, “шампунем ды мыльцам памыліся”. Зрэшты, з гэткага “мыцця” і сапраўды атрымалася болей сцёбу, чым толку, але ж на тое і разгуляй.
IMG_2094А потым “ладзілі наваселле”, асвойвалі па чарзе вялізныя сямейныя… трусы, і пад “Шумеў камыш” замочвалі ўлазіны фужэрам шампанскага. Іскрыстае віно, здавалася, увасабляла атмасферу сямейнага свята.
Павіталі дарослых і іх дзеці. Міша, Карына, Ваня наладзілі на падворку ў Шкіндзера імправізаваны канцэрт і выклікалі шчырую ўдзячнасць публікі.
Пасля гэтага таты рыхтавалі сваім каханым букеты з кветак і трыснягу і “агучвалі” іх, а публіка тым часам разгадвала гастранамічны і не толькі рэбус.
І кожная сям’я паймела магчымасць пахваліцца індывідуальным талентам і майстэрствам. І — ганялі “вясёлы мячык”, і канат перацягвалі…
Перамагла, вядома ж, дружба. А яшчэ ў выйгрышы засталася задаволеная публіка. Бо калі яшчэ ў Поўсвіжы адарвуцца ад сваіх градак і прывітаюць добрым словам, дасціпным жартам ды прыязнай усмешкай чарговы месяц — ужо летні!
Уладзімір МІХНО.
На здымках: незабыўныя імгненні “поўсвіжскага разгуляю”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.